Лукашэнка: натаўцы хочуць забраць заходнюю Украіну і заходнюю Беларусь


Беларускае войска застаецца на чарговыя 6 дзён вучэнняў, а Лукашэнка – з візітам у Сочы прысвечаным эканамічнай супрацы. Збочыў у тэму вайны ва Украіне. Заходнія палітыкі збіраюцца «раздзяліць Украіну», забраўшы сабе заходні кавалак, а потым тое самае зробяць з Беларуссю – заявіў ён у размове з Пуціным. Украіна ж, назіраючы за прылётамі з Беларусі і ўзмацненнем яе мяжы, працягвае называць Лукашэнку суагрэсарам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да 28-га траўня падоўжылі «вучэнні» на дзесяці беларускіх палігонах. Да 27-га – яшчэ на трох. Міністэрства абароны ўжо другі раз перасунула графік вучэнняў.

«Будзе праводзіцца праверка ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, што застаюцца на працяглым захоўванні ваенных частак баявога, тылавога і тэхнічнага забеспячэння», – гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны РБ.

Такое рашэнне прынялі не ў Менску, а ў Маскве – разумее ўкраінскі бок.

«Іхная галоўная мэта – гэта не тая, якая прадугледжвалася планамі баявой падрыхтоўкі ўзброеных сілаў Беларусі, а тое, што яны маюць абсалютна іншыя мэты. Гэта стварэнне і падтрымання пэўнага ўзроўню напружанасці з боку Беларусі дзеля скоўвання ўкраінскіх войск на гэтым кірунку», кажа вайскова-палітычны аглядальнік Ігар Леўчанка.

На мапе бачым, што распачатае 4-га траўня «раптоўнае правяранне сілаў рэагавання» вядзецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Апроч Гомельскай вобласці, дзе працягваецца іншая «гульня». У раёнах, якія мяжуюць з Украінаю, беларускія вайскоўцы разгортваюць дадатковыя падраздзяленні.

«На Валынскім і Палескім напрамках узброеныя сілы Беларусі ўзмоцнена вядуць выведку. Пагроза авіяцыйных удараў з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь – засталася», – паведаміў прэсавы сакратар Генеральнага штабу ЗСУ Аляксандр Штупун.

Абарона расейскіх аб’ектаў, змаганне з партызанамі і самазахаванне – асноўныя прычыны ўзмацнення Лукашэнкам абароны – лічыць Ігар Леўчанка.

«Набор варыянтаў уцягвання беларускага рэжыму ў агрэсію супраць Украіны адпавядае інтарэсам Крамля. Напрыклад, ужыванне непасрэдна беларускіх РК “Іскандэр” на тэрыторыі Украіны (а такія выпадкі можна высветліць нават па рэштках ракет) ці перадаванне беларускіх ракет расейцам, якія могуць зазнаваць пэўны недахоп».

Беларусь у гэтым падазраюць, дзе гэта магчыма (з міжнароднай дапамогаю) высвятляюць паходжанне разбуральных ракет акупантаў і абяцаюць што ніхто не ўцячэ ад адказнасці за ваенныя злачынствы. Акурат учора на беларуска-ўкраінскую мяжу даставілі тры ракетныя комплексы « Іскандер» – паведаміў «Белорусский ГАЮН». А ракеты на Корасцень учора ўвечары, паводле «Беларускага Гаюна», мог запусціць знішчальнік, што вылецеў з Баранавічаў. Такія выпадкі вядомыя выведкам краінаў Захаду.

«Лукашэнка і ягоны ўрад зʼяўляюцца саўдзельнікамі ў агрэсіўнай вайне ва Украіне. Мы ведаем, што Пуцін не змог бы адкрыць гэтак шмат франтоў, не маючы магчымасцяў выкарыстоўваць Беларусь у якасці пляцоўкі для ўварвання. І Злучаныя Штаты працуюць над тым, каб падтрымаць усе міжнародныя расследаванні вайсковых злачынстваў, здзейсненых ва Украіне», – сказала «Белсату» кангрэсвумэн Сэра Джэйкабс.

Пуцін сёння прымае свайго саюзніка Лукашэнку і слушна заўважае: «паважаны Аляксандр Рыгоравіч, мы з вамі не так даўно бачыліся».

У павестцы эканамічныя пытанні, звязаныя перадусім з наступствамі санкцыяў, уведзеных за ваенную агрэсію. Пасля прамовы расейскага калегі «Нас турбуе што палякі і натаўцы гатовыя выйсці дапамагчы і такім чынам забраць (як да 1939 году) заходнюю Украіну. Нас гэта насцярожвае не толькі з пункту гледжання сённяшняй бяспекі. Гэта іхная стратэгія і па Заходняй Беларусі».

Напярэдадні візіту ў Расею Лукашэнка напісаў ліст да генсакратара Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў з абвінавачаннем ААН у праблемах бяспекі рэгіёну і спробаю адбяліць сябе ў кантэксце ўдзелу ў вайне.

«Мэта гэтага звароту, мяркую, дастаткова відавочная: дамагчыся аслаблення абмежаванняў на продаж калійных угнаенняў на сусветным рынку», – лічыць дырэктар цэнтру «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Палітолаг дапускае, што часткова і на пэўны прамежак часу экспарт беларускіх угнаенняў могуць дазволіць. Што да безлічы іншых санкцыяў, то насуперак відавочным стратам эканомік, дыктатары казалі пра нечаканае ўмацаванне асноўных паказнікаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»