Усебеларускі народны сход: на аднаго ўдзельніка прызначылі трох міліцыянтаў


Сілавікоў амаль утрая болей за дэлегатаў. Напярэдадні пачатку гэтак званага Усебеларускага народнага сходу ўлады ўводзяць падвышаныя захады бяспекі. Міліцыя, унутраныя войскі, КДБ, а таксама служба бяспекі Лукашэнкі. Ад каго плануюць абараняць дэлегатаў і чаму ўвогуле гэта трэба рабіць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Напярэдадні з’езду асабовы склад сістэмы МУС перавялі на ўзмоцнены варыянт нясення службы. На ахову 1200 дэлегатаў прыцягнуць 3000 міліцыянтаў і салдатаў унутраных войскаў.

«Гэта ўсё, канечне, сведчыць пра мілітарнае ўспрыняцце УНС рэжымам. Як у прынцыпе мы бачылі і з апошнімі парламенцкімі, і мясцовымі выбарамі. Калі ўсё гэта ўспрымаецца не як палітычная падзея, а як нейкая вайсковая спецаперацыя, ад якой сілавікі адпаведна бачаць толькі пагрозы», – зазначае каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка.

Пра рэжым спецаперацыі сведчаць і захады, якія робяцца для аховы дэлегатаў. Ужо само іхнае прыбыццё ў сталіцу адбудзецца па раней прапрацаваных маршрутах. А месцы пражывання ўдзельнікаў сходу возьмуць пад кругладзённую ахову.

Лукашэнка падчас УНС. 11 лютага 2021 года.
Фота: president.gov.by

«Рэжым сам дэманструе, што УНС, як і іншыя яго псеўдадэмакратычныя, імітацыйныя інстытуты, – гэта ўсё не падтрыманае народам, а адбываецца толькі пад зброяй, пад аховаю сілавікоў. Гэта ў прынцыпе дэманструе несапраўднасць увогуле самога УНС, і што нічога народнага гэты сход не мае», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Згодна з Міністэрствам унутраных справаў, для бесперапыннага адсочвання абстаноўкі задзеюць Рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі. У дні сходу актывізуюцца мабільныя групы і групы хуткага рэагавання. Акрамя 3000 працаўнікоў МУС, для аховы трэба чакаць і іншых сілавікоў.

«Гэта будзе КДБ і ААЦ, служба бяспекі гэтак званага прэзідэнта. І яны будуць таксама, можна так сказаць, ахоўваць грамадскі парадак ці наглядаць за тым, каб нічога не здарылася і не перашкодзіла правесці гэтае “вельмі важнае” для іх мерапрыемства», – лічыць кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў.

Як зазначае Аляксандр Азараў, акрамя сталічнай міліцыі разам з дэлегатамі з рэгіёнаў у якасці асабістай аховы камандзіруюць і мясцовых сілавікоў:

«Падчас такіх мерапрыемстваў спыняецца звычайная праца міліцыі, будуць выконвацца толькі надзвычайныя яе абавязкі. Гэта будзе ўплываць на раскрыццё злачынстваў на тэрыторыі Менску і на тэрыторыі вобласцяў».

Цягам двух найбліжэйшых дзён УНС упершыню збярэцца як канстытуцыйны орган. Такі статус сход атрымаў пасля таго, як у пазамінулым годзе на даручэнне Лукашэнкі прынялі новую Канстытуцыю. Таксама сход атрымаў шэраг паўнамоцтваў для кіравання краінай і магчымасць адхіляць асобаў, якія займаюць пасаду прэзідэнта.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»