Новае расследаванне «Бюро»: як у абыход санкцыяў Беларусь пастаўляе ў Расею цягачы


Як цяжкавікі з Еўразвязу трапляюць у Беларусь і Расею ў абыход заходніх санкцыяў, апавядае каманда журналістаў расследавальніцкага цэнтру «Бюро». Яны знайшлі доказы таго, што беларускія кампаніі-пасярэднікі зарабілі такім чынам прынамсі 60 мільёнаў долараў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Новенькія цягачы Mercedes-Benz, Volvo, DAF ды іншыя масава пераганяюцца з еўрапейскіх краінаў у Беларусь, каб пасля трапіць на расейскі рынак. Гэта злачынная дзейнасць, сцвярджаюць журналісты расследавальніцкага праекту «Бюро медыя», бо пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Еўразвяз забараніў прадаваць свае цяжкавікі ў Расею і Беларусь.

«Проста еўрапейскі цягач афармляюць на продаж у Казахстан, бо Казахстан не пад еўрапейскімі санкцыямі. Машына мінае мяжу, напрыклад, польска-беларускую ці літоўска-беларускую, і далей гэты груз перакіроўваецца замоўцам тавару з Казахстану на Расею», – тлумачыць журналіст-расследавальнік праекту «Бюро медыя» Алесь Ярашэвіч.

Паводле расследавальнікаў, у схеме незаконных даставак цяжкавікоў з Еўразвязу ў Расею задзеяныя беларускія кампаніі. Лідарамі гэтага рынку журналісты «Бюро» называюць «Аўтабай Лізінг», «НМП Лагістык» і «Белшынгандальсэрвіс». Бенефіцыяр апошняга Уладзімір Сержановіч не лічыць такія пастаўкі абыходам санкцыяў. У размове з журналістамі «Бюро» ён сказаў наступнае:

«Мы не працуем з Еўразвязам. Мы працуем унутры Еўразійскага эканамічнага саюзу. Там гэтыя машыны перамяшчаюцца свабодна, там няма абмежаванняў. А як яны туды заехалі, хрэн яго ведае».

Паводле «Бюро медыя», беларускія кампаніі-пасярэднікі летась даставілі з Беларусі ў Расею больш за 600 цягачоў на 60 мільёнаў долараў. Беспасярэдняй сувязі гэтых кампаніяў з рэжымам Лукашэнкі расследавальнікі не знайшлі. Гэта ўсё прыватныя фірмы, якія летась значна павялічылі сваю выручку і чысты прыбытак. Выйсці на іх удалося дзякуючы звесткам расейскай мытні.

«І мы паводле гэтых мытных дадзеных бачым, якія кампаніі ў якіх аб’ёмах вывозілі еўрапейскія грузавікі з Беларусі ў Расею, мы таксама прабілі некаторыя він-коды грузавікоў. Аказваецца, гэтыя машыны, перад тым як патрапіць у Расею, былі ў Літве, і з Літвы іх быццам бы вывозілі ў Казахстан», – тлумачыць журналіст-расследавальнік праекту «Бюро медыя» Алесь Ярашэвіч.

Грузавікі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грузавікі.
Фота: Pxhere.com

У папярэднім расследаванні журналісты «Бюро медыя» даводзілі, што такую схему для абыходу санкцыяў выкарыстоўвалі беларускія і расейскія кампаніі – для перагону з Еўразвязу люксавых легкавікоў. Кіраўнік НАУ Павел Латушка перадаў гэткую інфармацыю адмысловаму спавяшчальніку ЕЗ у справе санкцыяў. І праз тры месяцы Літва і Польшча пачалі спыняць люксавыя аўтамабілі на мяжы з Беларуссю і адпраўляць іх на дадатковае правяранне.

«І сам Еўрапейскі Звяз, і канкрэтныя дзяржавы вядуць расследаванні фактаў абыходжання санкцыяў, шукаюць гэткія шчыліны, якія дазваляюць абыходзіць санкцыі, і мы як дэмакратычныя сілы, НАУ, іншыя даюць адпаведныя звесткі і доказы, на падставе якіх прымаюцца нацыянальныя і еўрапейскія рашэнні», – каментуе кіраўнік НАУ Павел Латушка.

12-га красавіка Еўразвяз увёў крымінальную адказнасць за абыход санкцыяў. Цягам гэтага года краіны-сябры ЕЗ маюць імплементаваць гэтае рашэнне ў сваё нацыянальнае заканадаўства. Але фактычна такія справы ўжо ёсць.

«Такія справы, паводле нашай інфармацыі, ідуць у некалькіх краінах-сябрах ЕЗ. Гэта тычыцца падробкі, фальсіфікацыі дакументаў, няправільнага мытнага афармлення дакументаў, скіраваныя на тое, каб абыходзіць санкцыі, але ўжываюцца артыкулы не за абыходжанне санкцыяў, а за фальсіфікацыю, напрыклад, дакументаў», – кажа Павел Латушка.

Найбліжэйшым часам Еўразвяз разгледзіць чарговыя эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Менску. Прапануецца забараніць экспарт у Беларусь шэрагу тавараў для авіяцыйнай, аэракасмічнай, нафтагазавай прамысловасці, забараніць уезд у Еўразвяз прычэпаў і паўпрычэпаў на беларускіх нумарах і пашырыць забароны для фінансавага сектару Беларусі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»