Сям’я палітвязня Аляксандра Захарэвіча раскрыла махлярку, якая скарысталася яго фотаздымкам


Іна з малалетняй Алісай паўгода жыве ў вымушаным расстанні з мужам Аляксандрам Захарэвічам. Яго затрымалі падчас мірнай акцыі летась у лістападзе і асудзілі на два гады зняволення паводле артыкулу «Гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў».

Момант затрымання трапіў у аб’ектыў карэспандэнта TUT.BY, здымак стаў досыць папулярны і пазнавальны. Аднойчы – ім скарысталіся ў закрытай суполцы ў сацыяльнай сетцы, што прыцягнула ўвагу сяброўкі сям’і Захарэвічаў.

«Яна скінула мне, сказала, паглядзі быццам бы сястра Сашава. Хоць сястра ў Сашы адна, і я яе выдатна ведаю», – распавядае Іна Захарэвіч, жонка палітвязня.

Асоба, зарэгістраваная пад імём Ананстасія, выкарыстала фотаздымак Аляксандра Захарэвіча ў абвестцы з просьбай дапамагчы грашыма – нібыта на адваката брату. Іна спрабавала звязацца з аўтаркай паста пра свайго мужа. Адказала ж некая Анастасія толькі Інінай сяброўцы.

«У студзені яго затрымалі ў Менску падчас вечаровага маршу раёну і судзілі паводле 23.34 і 23.4, частка 3, далі 25 содняў арышту. Пасля таго, як адбыў свой тэрмін, ягоны артыкул перавялі ў 293, частка 1, масавыя беспарадкі, і яму пагражае 5 гадоў пазбаўлення волі, і гэта яшчэ мінімальна.

Я звярталася ў фонд салідарнасці, але яны часова прыпынілі дапамогу, бо ў іх не хапае грашовых сродкаў», – напісала Анастасія Інінай сяброўцы.

А наконт фотаздымка папярэдзіла, што ён мае выключна ілюстрацыйны характар і быў апублікаваны на просьбу адміністратара суполкі – які, зрэшты, гэтай інфармацыі не пацвердзіў. Дамовіцца на сустрэчу атрымалася толькі пасля запрапанаванай дапамогі ў памеры 1000 рублёў.

«Калі я ішоў на сустрэчу, спадзяваўся, што гэта прыстойны чалавек, проста ёй патрэбная дапамога. У мяне нават былі грошы ў кішэні, калі яна на самой справе была б прыстойная. Аднак калі я падышоў да яе, пабачыў, што ў яе трымцяць ногі, яе гэта выдала», – прыгадвае знаёмы сям’і Захарэвічаў Аляксандр, які сустрэўся з дзяўчынай. На сустрэчы ніякіх тлумачэнняў дзяўчына даць не змагла. І ў той жа вечар сваю старонку ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» выдаліла.

«Мы агулам спраўляемся сваімі сіламі, дапамагаюць людзі блізкія. Я ўсім удзячная за гэта, за падтрыманне і дапамогу. У гэтай сітуацыі маё блізкае атачэнне добра сябе праявіла, і маё, і майго мужа. Усе дапамагаюць. Гэта мяне і абурыла, што мы спраўляемся сваімі сіламі, а хтосьці намагаецца на гэтым грошы зарабіць», – кажа Іна.

Актывісты ды праваабаронцы папярэджваюць, што выпадкі махлярства на хвалі салідарнасці могуць здарацца ўсё часцей. Аднак існуюць простыя правілы, каб не трапіць на падман.

«Шмат суполак і ініцыятываў, якія дапамагаюць. І я б раіла хаця б да кагосьці звярнуцца, да любой ініцыятывы, пра якую вядома, ці да праваабаронцаў, даслаць ім гэтую інфармацыю і запытацца, ці сапраўды гэта існуе: гэты збор, гэты чалавек», – тлумачыць сузанавальніца ініцыятывы Dissidenty.by Марына Касінерава.

Таксама варта прасіць дакументы, што пацвярджаюць неабходнасць у паслугах адваката, ды прапаноўваць аплаціць іх. Калі ж вы сталі ахвяраю махляроў, праваабаронцы раяць паведамляць пра гэта ў публічнай прасторы.

Марыля Дакуцька, «Белсат»