Пуцін: Нападнікі на «Crocus City Hall» рухаліся ў бок Украіны


Напад на падмаскоўную канцэртавую пляцоўку «Крокус Сіці Гол» называюць адным з найбуйнейшых тэрактаў у Расеі. Сама меней 133 чалавекі загінулі. Пра гэта заяўляе Следчы камітэт Расеі. Некаторыя тэлеграм-каналы называюць яшчэ большы лік забітых. Напад невядомых доўжыўся ўсяго 18 хвілінаў. Людзей расстрэльвалі. Было і некалькі выбухаў, якія выклікалі магутны пажар. Нападнікі з месца здарэння ўцяклі. Ужо сёння ФСБ Расеі і Уладзімір Пуцін заявілі, што тэрарыстаў злавілі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«– Што рабіў у Крокусе?

– Застрэліў…

– Што? Застрэліў? Каго?

– Людзей.

– Па чыім указанні? Навошта?

– За грошы.

– За колькі грошай?

– Дзесьці паўмільёна.

– Паўмільёна чаго?

– Паўмільёна рублёў».

Гэта фрагмент відэа на якім – нібыта першы імправізаваны допыт падазраванага ў страляніне ў расейскім «Крокус Сіці Голе». Мужчына на відэа кажа, што заданне забіваць атрымаў у «Тэлеграме» ад памочніка нейкага прапаведніка. Такіх відэазапісаў ёсць некалькі.

Увечары 22-га сакавіка некалькі асобаў у камуфляжы адкрылі страляніну з аўтаматаў у канцэртавай зале «Крокус Сіці Гол», дзе меў адбыцца канцэрт расейскага гурта «Пікнік».

Нападнікі расстрэльвалі людзей.

Пасля страляніны адбылося некалькі выбухаў і магутны пажар.

Сёння ФСБ адрапартавала пра затрыманне 11-ці падазраваных у нападзе. Расейская спецслужба сцвярджае, што яны мелі намер перайсці расейска-ўкраінскую мяжу і, цытата, «мелі адпаведныя кантакты на ўкраінскім баку». Відэазапісаў з допытамі меркаваных нападнікаў некалькі. Некаторыя з іх выглядаюць больш як брутальна і відавочна парушаюць прэзумпцыю невінаватасці.

Пазней шэраг тэлеграм-каналаў апублікаваў відэа, як чалавеку пры затрыманні адразаюць вуха. Пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма.

Пра тое, што ў Маскве рыхтуюцца тэракты, яшчэ 7-га сакавіка сваіх грамадзянаў папярэджвалі амбасады ЗША і Вялікай Брытаніі ў Расеі. Аналагічныя заявы рабілі Швецыя, Чэхія, Канада, Паўднёвая Карэя, Латвія і Нямеччына. 19-га сакавіка Пуцін назваў гэтыя заявы правакацыяй Захаду:

«Усё гэта нагадвае адкрыты шантаж і намеры запалохаць, дэстабілізаваць нашае грамадства».

А ўжо сёння, праз 19 гадзінаў пасля нападу на «Крокус Сіці Гол», Пуцін назваў яго тэрактам і аб’явіў 24-га сакавіка ў Расеі днём агульнанацыянальнай жалобы. У звароце да расейцаў дыктатар намякнуў на датычнасць да нападу Украіны:

«Усе тыя хто страляў, забіваў людзей знойдзеныя і затрыманыя. Яны спрабавалі ўцячы і рухаліся ў бок Украіны. Дзе паводле папярэдніх звестак для іх з украінскага боку было падрыхтавана акно для пераходу дзяржаўнай мяжы».

Яшчэ напярэдадні ў Кіеве заявілі, што такія паведамленні – абсурд.

«Давайце зафіксуем. Украіна дакладна, абсалютна дакладна не мае ніякага дачынення да гэтых падзеяў», – казаў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк.

Пра недатычнасць Украіны да нападу на падмаскоўны «Крокус Сіці Гол» казалі і ў Белым доме.

«На гэты момант няма ніякіх прыкметаў таго, што Украіна ці ўкраінцы былі датычныя да гэтай страляніны. Гэта толькі што здарылася і мы яшчэ разбіраемся. У гэты час я зняверыў бы вас у якой-кольвек сувязі гэтай падзеі з Украінаю», – заявіў дарадца Белага дому ў справе нацыянальнай бяспекі Джон Кербі.

Пры гэтым масавая публікацыя допытаў падазраваных у нападзе на канцэртавую залу і прызнанні людзей на відэа выклікаюць шмат пытанняў і яшчэ больш заблытваюць сітуацыю.

«Ніколі і ні пры якіх умовах аператыўны матэрыял, які ўяўляе каштоўнасць, не можа быць закінуты ў СМІ. Абнародаванне такога допыту гарантуе «выпарэнне» і сыход у найглыбейшае падполле ўсяго «ланцужка наймальнікаў і зацікаўленых». Нават самы шызаносы і тупы опер ніколі не пойдзе на публікацыю такога роду, ён разумее, што «пахавае справу», – кажа публіцыст Аляксандр Няўзораў.

Адказнасць за напад напярэдадні ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава». Пазней тэрарыстычная групоўка выпусціла на гэты конт пашыраную заяву.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»