Пасля тэракту ў Расеі сілавікі ўзмацняюць кантроль у Беларусі


На гэты момант дакладна вядома прынамсі пра аднаго беларуса, які стаўся ахвяраю тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе». Паводле амбасады Беларусі ў Расеі, ягоны стан ацэньваюць як крайне цяжкі. Іншага беларуса шукаюць сваякі. У Беларусі ж узмацняюцца захады бяспекі ў месцах збору людзей, а лукашэнкаўская прапаганда ўжо знайшла вінаватых. Падрабязней – Аліна Скрабунова.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міліцыянты з аўтаматамі, байцы АМАПу ў патрулях – захады бяспекі павышаныя на аб’ектах транспарту і ў месцах масавага збору грамадзянаў. Адпаведны загад даў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў.

«Кожны раз, калі ў Маскве адбываецца нейкі тэракт, а гэта здараецца не так і рэдка за апошнія гады, то ў Менску прымаюць аналагічныя захады бяспекі: узмацняюць кантроль метро, адмяняюць масавыя мерапрыемствы. Фактычна гэта робіцца па інструкцыі і не мае асаблівага значэння, гэта праходзіць праз некалькі дзён», – тлумачыць палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Паводле прэс-службы Лукашэнкі, у тэлефоннай размове з Пуціным ён пацвердзіў гатовасць супольна супрацьстаяць тэрарызму і экстрэмізму. А як запэўніў амбасадар Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой, КДБ забяспечыў узмоцнены кантроль беларуска-расейскай мяжы, каб праз яе не ўцяклі злачынцы. Масавае ўскладанне кветак да амбасады Расеі ў Менску і консульстваў у іншых гарадах, на думку Віталя Цыганкова, можа, і падтрымалі звычайныя грамадзяне, але зарганізавалі яго зверху.

«Яны такую магчымасць выкарыстоўваюць, каб пацвердзіць свае братнія пачуцці нібыта, каб паказаць сваю лаяльнасць і каб разам з тым засцерагчыся ад нейкіх рэзкіх дзеянняў з боку Масквы. Маўляў, вось мы зрабілі ўсё што маглі паказалі салідарнасць праявілі сваё спачуванне, больш ад нас нічога не патрабуйце», – лічыць палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская папярэдзіла, што тэракт рэжым Пуціна можа выкарыстаць, як «Норд-Ост» і закладнікаў у Беслане: у якасці нагоды для вайны. Дэмакратычныя сілы заклікаюць беларусаў быць асцярожнымі.

«У святле падзей, якія адбываюцца ў Расеі, якім папярэднічала інфармацыя заходніх разведак аб магчымых тэрактах на тэрыторыі Расеі, а таксама прапагандысцкіх заяў Лукашэнкі пра пагрозу «аперацый пад чужым сцягам», і ва ўмовах праведзенай ягоным рэжымам «праверкі баявой гатовасці», заклікаю беларусаў і беларусак у Беларусі і Расеі пазбягаць месцаў масавага збору людзей, у тым ліку гандлёвых і забаўляльных цэнтраў для бяспекі», – з такім зваротам звярнуўся да беларусаў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Прапагандысты Лукашэнкі, у сваю чаргу, раскручваюць тэму помсты і вайны:

«Нам абʼяўленая вайна, вайна на знішчэнне, вораг хоча, каб мы зламаліся, спужаліся іх – гэтага ніколі не будзе: Беларусь разам з Расеяй».

«Пераломны момант, калі пачнуць адказваць так, як раней адказвалі тэрарыстам у Чачэніі».

«Дакладна такія самыя тэракты, я не сумняюся, гатуюць супраць нас і нашай краіны».

Без вынікаў якога-кольвек расследавання ў Маскве і наўпрост, і ўскосна вінавацяць у тэракце ЗША і Украіну. Лукашэнкаўская прапаганда, на думку медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага, цалкам сінхранізаваная з расейскаю.

«Не важна, што канкрэтна адбылося, мы паўтараем пастаянную тэму пра тое, што Захад шкодны, у дадзеным выпадку Захад і Украіна шкодныя. З пункту гледжання дзяржаўнай прапагандысцкай машыны, яны ўсе хочуць падарваць нашую стабільнасць, нашыя ўстоі, і і ўсё ўкладаецца ў схему, што толькі на АГЛ усё трымаецца», – тлумачыць старэйшы аналітык «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі.

Тым часам стала вядомае імя беларуса, пацярпелага падчас тэракту ў Падмаскоўі: гэта 42-нарадзінец Бабруйску Алім Кашавараў. Доўгі час мужчына жыў і працаваў у Расеі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»