Кватэрнае пытанне рубам: у Беларусі будуюць менш жытла


Пасадзіць дрэва, нарадзіць дзіця і пабудаваць дом. З апошнім у беларускіх сем’яў можа ўзнікнуць праблема. У параўнанні з мінулым годам у краіне амаль на 30 адсоткаў упаў аб’ём будаўніцтва жытла. Пацярпелі нават такія прывілеяваныя катэгорыі, як ільготнікі – для іх пабудавалі ў два з паловаю разы менш кватэраў, чымся летась.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пабудаваць сваё жытло – прыярытэт для шмат якіх беларусаў. Аднак сёлета ключы ад новых будынкаў атрымаюць далёка не ўсе ахвочыя: кватэрнае пытанне ў краіне відавочна зазнае крызіс. Паводле Белстату, за 2 месяцы гэтага года ў эксплуатацыю здалі 3 тысячы шэсцьсот кватэраў, што на 36,8 % адсоткаў менш, чымся летась. Паводле эканамісткі Алісы Рыжычэнка, падзенне абʼёмаў звязанае з двума асноўнымі фактарамі.

«Першы – гэта скарачэнне інвестыцыяў. Бо шмат якія забудоўнікі былі замежнымі інвестарамі… Другі фактар – гэта велізарны дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту, з якога падтрымліваецца будаўніцтва жытла», – кажа эканамістка Аліса Рыжычэнка.

У два з паловаю разы скарацілася і будаўніцтва кватэраў з дзяржаўным падтрыманнем. За студзень – люты 2024-га для ільготнікаў узвялі амаль 75 тысячаў квадратных метраў, за аналагічны ж перыяд 2023-га было 184,5 тыс. м². Што можа быць звязана найперш з нізкаю крэдытаздольнасцю насельніцтва.

«Нават калі казаць пра ільготныя крэдыты, на якія маюць права ільготнікі, для маламаёмных семʼяў гэта вялікі кошт крэдытаў, і яны проста не могуць сабе гэтага дазволіць», – мяркуе эканамістка.

У Беларусі на ільготнае жытло можа прэтэндаваць абмежаваная катэгорыя грамадзянаў. Крэдыт з стаўкаю да 5-ці адсоткаў прызначаны для шматдзетных семʼяў, семʼяў з дзецьмі з інваліднасцю, хворых з прычыны аварыі на Чарнобыльскай АЭС ды іншых. Ёсць сярод ільготнікаў і гэтак званыя служкі закону: суддзі, пракурорскія работнікі, вайскоўцы і сілавікі. Для апошніх актыўна будуецца і арэнднае жытло: летась пад гэтыя патрэбы, паводле «BELPOL», з дзяржаўнага бюджэту вылучылі амаль паўмільярда рублёў.

«Магчымасць атрымаць жытло – адна з нямногіх опцыяў, якая стрымлівае супрацоўнікаў унутры сістэмы. Бо іншых бонусаў для людзей, якія працуюць у той жа міліцыі, няма. Заробкі не вельмі вялікія, ненармаваны працоўны дзень. І магчымасць атрымаць не бескаштоўна кватэру, а атрымаць ільготны крэдыт, – гэта адзін з такіх бонусаў», – зазначае прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Праўда, каб атрымаць гэты крэдыт, трэба адпрацаваць у сілавых структурах як мінімум 10 гадоў. Мяркуецца, што змены чакаюць і іншых ільготнікаў. Напярэдадні прэмʼер-міністр краіны Раман Галоўчанка заявіў, што схема ў будаўніцтве жытла з дзяржаўным падтрыманнем, цытата, «пачынае страчваць сваю актуальнасць».

«Прычына – найперш адмова грамадзянаў, якія маюць права на дзяржаўнае падтрыманне, ад будаўніцтва. Не таму, што мы яго не можам забяспечыць, проста людзі адмаўляюцца на гэтых умовах браць падтрыманне», – заявіў прэмʼер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, праблема будаўніцтва жытла ў Беларусі звязаная з адсутнасцю ў краіне рынкавай эканомікі.

«Калі ёсць развіты фінансавы рынак, ёсць іпатэка, ёсць першы ўнёсак, ёсць нейкія зберажэнні ў людзей… Усё гэта разам стварае сітуацыю, калі нават маладая сямʼя можа ўзяць іпатэчны крэдыт на 20 гадоў пад 3–5 %… Гэта рынкавыя механізмы, але Лукашэнка казаў, што яму рынак не патрэбны, прыватныя забудоўнікі не патрэбныя. Ён не разумее, што яму трэба трымаць беларусаў на смыку, на ланцужку», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

А пакуль сітуацыя на беларускім рынку жытла вымушае жадаць лепшага. Толькі ў сталіцы ў чарзе на атрыманне кватэры стаяць 177,7 тыс. семʼяў.

Наста Печанькова, Белсат