«Інтэрв'ю» як сродак катавання


«Інтэрв’ю» у калоніі як спосаб дадатковых катаванняў. Лукашэнкаўскія прапагандысты паказалі відэа з палітычнаю зняволенаю Палінаю Шарэндай-Панасюк, актывісткай і маці дваіх дзяцей, якую трымаюць за кратамі ўжо больш за тры гады.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Журналісты АТН адшукалі Паліну Шарэнду-Панасюк» – такім здзеклівым подпісам суправадзілі сваё відэа з Папраўчай калоніі нумар 24 у Рэчыцкім раёне лукашэнкаўскія прапагандысты. Кадры з палітзняволенаю паказалі ў вечаровы прайм-тайм. Да гэтага родныя Паліны Шарэнды-Панасюк тры месяцы не мелі пра яе ніякай інфармацыі.

«Хоць на відэа і ёсць нейкія запыты, пра тое як яна сабе адчувае, але па выглядзе на відэа ёсць вялікія пытанні да яе стану здароўя. Гэта першае, што мяне турбуе, што выклікала ў мяне сапраўдны шок – тое, як змянілася яе знешнасць за 3 з паловаю гады», – кажа муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

У амаль паўгадзінным гэтак званым інтэрвʼю прапагандысты змушаюць Паліну Шарэнду-Панасюк крытычна выказвацца аб прадстаўніках беларускага дэмакратычнага руху, казаць кампліменты Лукашэнку і зняпраўдзіць інфармацыю пра дрэнныя ўмовы ўтрымання ў калоніі.

«Відавочна, што гэта спектакль, мярзотная пастаноўка.Паліна там ходзіць па абсалютна пустой тэрыторыі, дзе няма нікога акрамя яе і прапагандыстаў.Памяшканне, у якое яе заводзяць і якое быццам можа быць жылым, бачна што не жылое, а толькі пасля рамонту», – дзеліцца ўражаннямі ад відэа прапагандыстаў галоўная рэдактарка сайту «Хартыя97» Наталля Радзіна.

Паказваюць жанчыне, ужо больш як тры гады разлучанай з дзецьмі, і відэа сямʼі.

«Па голасе Паліны, я вельмі добра яго ведаю, зразумела што Паліна фактычна ўвесь час зачытвае тэкст, які ёй прапанавалі. Яе голас гучыць быццам яна чытае казку дзецям. А тыя маніпуляцыі, якія яны нават не хавалі – калі ёй паказваюць здымкі дзяцей, то гэта катаванні. Тое што адбываецца з Палінаю гэта катаванні», – кажа Андрэй Шарэнда.

Улетку 2021-га актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» прысудзілі 2 гады калоніі за абразу Лукашэнкі і дзеянні супраць нацыянальнай бяспекі Беларусі. Пазней, ужо ў зняволенні, ёй двойчы дадавалі тэрмін, асудзіўшы за нібыта непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. За час зняволення Паліну дзясяткі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар.

« Супраць жанчын такія катаванні ў беларускіх турмах ужываюцца толькі супраць Паліны.толькі за апошні год яна правяла ў штрафным ізалятары 220 содняў.Трэба ведаць, што такое штрафны ізалятар:гэта сапраўдныя катаванні. Гэта холад, гэта голад і поўная адзінота », – распавядае Наталля Радзіна.

Вызваліць Паліну меліся сёлета ў траўні, аднак у адміністрацыі калоніі родным паведамілі, што за апошнія два месяцы жанчыну тройчы змяшчалі ў ШЫЗА, а гэта нагода для чарговага падаўжэння зняволення.

«Гэта азначае тое, што фактычна новая крымінальная справа па 411 была гатовая. Паліна патрапіла ў замкнёнае кола катаванняў і разумела, што толькі так ёсць шанец з яго вырвацца. Яна вырашыла гуляць у іхную гульню і, не буду тлумачыць і пераказваць гэтае відэа, але бачна, што годна прайшла гэты іспыт», – кажа муж палітзняволенай.

У канцы гэтак званага інтэрвʼю кажуць, што Паліна Шарэнда-Панасюк напісала прашэнне аб памілаванні. Удзел у прапагандысцкім роліку, імаверна, стаўся ўмоваю для яго падпісання і шанцу праз чатыры гады зняволення нарэшце пабачыць сямʼю.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»