Масавыя рэпрэсіі працягваюцца


ААН прэзентаваў даклад пра рэпрэсіі і катаванні ў Беларусі. У адказ прадстаўніца дэлегацыі Лукашэнкі заклікала заходніх палітыкаў прыехаць у Беларусь і ўбачыць «дагледжаныя гарады і мірнае жыццё грамадзянаў». Але пры гэтым рэпрэсіі супраць мірных беларусаў не спыняюцца. Па ўсёй краіне прайшла чарговая хваля затрыманняў. Толькі ў Пінску вядомыя імёны трох затрыманых, але іх колькасць можа быць нашмат большая. Затрыманні праводзілі не мясцовыя сілавікі. Яны спыніліся ў пінскай гасцініцы, таму актывісты чакаюць працяг рэйду сёння.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння вынесены прысуд журналісту «Комсомольской правды» Генадзю Мажэйку – 3 гады калоніі. Яго абвінавацілі ў распальванні варожасці. Падставаю стаўся артыкул, у якім айцішніка Андрэя Зельцара, загінулага ў выніку перастрэлкі з сілавікамі ва ўласнай кватэры, станоўча ахарактарызавала ягоная аднакласніца. У інцыдэнце таксама быў застрэлены працаўнік КДБ. Журналіст сваёй віны не прызнаў. Прысуд Генадзю Мажэйку пракаментавала ягоная былая калега, цяпер – кіраўніца вэб-рэдакцыі «Белсату» Вольга Ярохіна.

«Вінаватыя ўсе незалежныя медыя, якія не сталі ў адну лінію з дзяржаўнай ідэалогіяй, якая пануе на дзяржаўным ТБ і прэсе. Відавочна, гэта помста за прафесійную дзейнасць. Што датычна Гены, магчыма, гэта помста за супрацоўніка КДБ», – сказала кіраўніца вэб-рэдакцыі «Белсат» Вольга Ярохіна.

Абвясцілі сёння і прысуд экс-журналісту АНТ Дзмітрыю Семчанку. Таксама нібы за распальванне сацыяльнай варожасці. Былы кіраўнік журналісцкага пулу Лукашэнкі прызнаў сваю віну, але гэта не ўратавала яго ад пазбаўлення волі. Семчанку прысудзілі 3 гады калоніі. Паводле дзяржаўнага абвінавачання, ён размясціў у сацыяльных сетках публікацыі, якія фармуюць негатыўнае стаўленне да праваахоўных органаў і прадстаўнікоў улады.

На яшчэ аднаго прадстаўніка медыяў завялі крымінальную справу. Гаворка пра галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча. У чым яго вінавацяць – невядома.

«Ёсць некалькі чалавек, якія сядзяць у сувязі з тым, што працавалі ў дзяржмедыя, потым сышлі адтуль і заявілі пра гэта. Потым пачаўся іх пераслед. Вось такіх людзей, прадстаўнікоў медыя, што знаходзяцца за кратамі ў сувязі са сваёй працай, зараз 36 чалавек», – заявіў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

У Воршы некалькі дзён запар сілавікі праводзілі ператрусы і затрымлівалі людзей за допісы ў сацыяльных сетках. Вядома пра затрыманне 12 аршанцаў і аднаго жыхара Сянна. Мужчынам прызначалі адміністратыўныя арышты ад 10 да 15 содняў, а жанчын штрафавалі на 1850 рублёў.

«Гэта вынік той зачысткі, якую абвяшчаў Лукашэнка пасля інцыдэнту ў Мачулішчах. Другое – гэта зачыстка перад 25 сакавіка. Хаця і зразумела, што нічога не плануецца ў Беларусі экстраардынарнага і масавага», – паведаміў праваабаронца Ігар Казмерчак.

У Жлобіне выносяцца прысуды ў крымінальных справах, адкрытых за ўдзел у акцыях пратэсту, што адбываліся ў жніўні 2020-га. Таццяне Дземчанцы прысудзілі адзін год «хатняй хіміі» нібыта за арганізацыю дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак. Настассю Татарынаву і Вадзіма Кір‘янава таксама асудзілі, але вынікі гэтых судовых працэсаў невядомыя. У Гомлі, Мазыры і Калінкавічах паводле палітычных матываў затрымалі 7 чалавек, яны з’явіліся на відэа, апублікаваным сілавікамі. Аднаго з затрыманых грамадзянаў абвінавацілі ў «негатыўным стаўленні да расейскіх вайскоўцаў», астатніх – у нелаяльнасці да рэжыму Лукашэнкі.

«Яны адпрацоўваюць гарады. Канкрэтны дзень – канкрэтны горад. Нават тыя рэгіёны, у каторых раней не было затрыманняў. Хоцімск, Краснаполле, Сянно таксама спазналі затрыманні ў гэтыя дні», – падкрэсліў праваабаронца Ігар Казмерчак.

Паводле Ігара Казмерчака, агулам па краіне ў канцы мінулага тыдня магло быць затрымана некалькі соцень чалавек.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»