Беларускія хакеісты няхутка выправяцца на чэмпіянат свету


Беларускія хакеісты не паедуць не толькі на сёлетні чэмпіянат свету ў Фінляндыю ды Латвію, але яшчэ і на сусветны форум, які ў наступным годзе прыме Чэхія. Да таго ж клубы нашай краіны не дапушчаныя да еўракубкавых спаборніцтваў у наступным сезоне. Гэтак жа пакараныя і расейскія хакеісты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На падставе дэталёвай ацэнкі рызыкі, звязанай з рознымі глабальнымі выклікамі, рада МФХ вызначыла, што залучэнне зборных Расеі і Беларусі ў спаборніцтвы МФХ пакуль небяспечнае. Такім чынам, чэмпіянат свету пройдзе без зборных Расеі і Беларусі», – гаварыцца ў заяве Міжнароднай федэрацыі хакею.

Гэта працяг бану. Абмежаванні былі ўведзеныя яшчэ летась у лютым, пасля пачатку адкрытай вайны Расеі супраць Украіны. Экс-кіраўнік Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрый Баскаў наракае на баязлівых чыноўнікаў:

«МФХ працягнула адхіленне нашых камандаў. Усё тая ж надуманая нагода. Але хіба гэта яшчэ кагосьці здзіўляе? Вельмі кепска, калі лёсам спартоўцаў кіруе купка баязлівых чыноўнікаў, якія пабаяліся даць магчымасць усім федэрацыям выказацца і зрабіць свой выбар».

Адметна, што Міжнародная федэрацыя хакею падаўжае санкцыі, у той час як некаторыя іншыя міжнародныя спартовыя структуры прыпыняюць іх дзеянне.

Гэтак, беларускія ды расейскія фехтавальнікі зноў дапушчаныя да міжнародных спаборніцтваў. Прадстаўнік беларускага Фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў звязвае падаўжэнне бану хакеістаў з нядаўнім скандалам з удзелам былога старшыні Міжнароднай федэрацыі Рэнэ Фазэля. Швейцарац не толькі сябраваў з Пуціным ды Лукашэнкам і выказваўся супраць санкцыяў, але, як выявілася пасля адстаўкі, меў бізнес у Расеі ды грамадзянства гэтай краіны.

«Адно, калі б гэта тычылася ягонай асабістай рэпутацыі. Ён працуе ў Расеі вельмі добра, яму нішто не перашкаджае далей пэцкацца з рэжымам, – разважае Анатоль Котаў. – Але ад Міжнароднай федэрацыі хакею пачалі адварочвацца спонсары. Працягнуць гэты бан – гэта вельмі лагічнае рашэнне».

Хакей называюць улюбёнай забавай Лукашэнкі. Ён ахвотна гуляе сам (у ягонай аматарскай камандзе акрамя ахоўнікаў яшчэ набліжаныя бізнесоўцы і былыя прафесійныя хакеісты). Акрамя таго, Лукашэнка апякуецца менскім «Дынама» ды нацыянальнай зборнай. Гульцы адказваюць узаемнасцю.

«Аляксандр Рыгоравіч, ад імя нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі хачу павіншаваць вас з днём нараджэння, – гэтак у 2021-ым годзе славіць узурпатара капітан зборнай Анрэй Стась. – Хачу падзякаваць за падтрымку. Мы адчуваем, што вы для нас робіце».

У 2020-м амаль ніхто ў беларускім хакеі не асудзіў паслявыбарчага ґвалту. А ў 2022-м – вайны ва Украіне.

«Гэта больш як ахоўная рэакцыя: яны прызвычаіліся падпарадкоўвацца трэнеру ў школе, потым галоўнаму трэнеру,– разважае былы дырэктар «Лакаматыву» з Воршы Яўген Мазура. – Ты сказаў нешта ўпоперак – і застаўся без каманды і без сезону. Ну і плюс, вядома, стаўленне Лукашэнкі да гэтага віду спорту. Усе лічаць сябе прыбліжанымі да нечага “сакральнага”».

У 2021 годзе Міжнародная федэрацыя адабрала ў Лукашэнкі чэмпіянат свету. Ад 2022-га зборная не ўдзельнічае ў афіцыйных міжнародных спаборніцтвах, за выняткам тых, што арганізуе Расея. Хаця яшчэ паўтара года таму ўсё выглядала іначай.

«Я веру, што беларускі хакей будзе развівацца, і ўсё будзе як найлепей», – казаў тады Андрэй Стась.

Цяпер атачэнне Лукашэнкі як быццам мае намер зрабіць з хакею нацыянальны від спорту. Ад сёння дзее пастанова Міністэрства адукацыі аб зацвярджэнні факультатыву для вучняў з першага да трэцяга класу.

«Па якой праграме гэтыя дзеці будуць займацца? Хто з імі будзе займацца? Гэта будзе чалавек, які прайшоў базавую хакейную школу або звычайны фізрук? Калі першае, то адкуль у нас столькі трэнераў, якія пойдуць працаваць у школы? – задаецца пытаннямі Яўген Мазура. – Рэалізаваць гэта, на мой погляд, будзе вельмі складана».

Дзяцей будуць вучыць розным хакейным навыкам цягам 1–2 гадзінаў на тыдзень.

Ян Федаровіч, «Белсат»