«Русский корабль, пошел на х**!» на сесіі ПА АБСЕ


Сустрэча, якой самі б не запланавалі. Прадстаўнікі лукашэнкаўскага рэжыму і іхны зацяты вораг – Святлана Ціханоўская – у адной залі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе. Гэта не задаволіла вялікую частку беларусаў з дэмакратычнымі поглядамі. На паседжанні таксама – прадстаўнікі Крамля, пратэст прысутнасці якіх ператварыўся ў скандал з пасыланнем курсам расейскага карабля і лязганнем дзвярыма.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выдаўся гарачым першы дзень зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе. Расейская дэлегацыя па-за чаргою ўзяла мікрафон:

«Расейская дэлегацыя тут знаходзіцца па праву і не з’яўляецца сланом! Тыя, хто хоча абразіць Расею, могуць выйсці з гэтай залі разам са сваімі ўкраінскімі сцягамі!»

Гэта адзіная прапанова расейцаў, да якой на прысвечаным Украіне паседжанні ў Вене прыслухалася прыкладна чвэрць дэлегатаў. Да скандалу дайшло пасля эмацыйнай прамовы прадстаўніка Латвіі Рыхардса Колса:

«У гэтай залі ёсць слон – дэлегацыя Расеі. То бок калі нехта спытае ў мяне, хто ваенны злачынец, то я пакажу на заднія лавы ў гэтай залі! Ганьба, што тут прысутнічае дэлегацыя з асобаў, на якіх накладзеныя санкцыі! АБСЕ – установа, якая мае абараняць пэўныя прынцыпы, а мы сядзім тут, як ні ў чым не бывала!»

Потым ён папрасіў прабачэння ў старшыні паседжання і дазволу працытаваць украінскіх памежнікаў:

«Пошел ты на *** российский корабль!»

Момант разгубленай цішы і апладысменты. Зрэшты, дэлегацыі, якія не пакінулі паседжання ў першай хвалі, зрабілі гэта ў другой, пасля таго як зачыталі свае пасланні і патрабаванні аб безумоўным вывадзе Расеяй войскаў з тэрыторыі суседняй дзяржавы. Іншыя засталіся, каб аздобіць украінскай сімволікай выступы расейскіх і беларускіх прадстаўнікоў.

«У свой час вашыя папярэднікі таксама «зігавалі» Адольфа Гітлера, казалі “Хайл, Гітлер!” А потым мы ведаем, як часткі Вермахту прыйшлі на тэрыторыю маёй дзяржавы», – чытаў Леанід Слуцкі, старшыня камітэту міжнародных справаў Дзярждумы.

Агулам тры хвіліны прапаганды і першая выразная згадка пра «саюзніцкую» Беларусь. На асамблеі яе прадстаўлялі чальцы сталай камісіі замежных справаў Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў і Андрэй Савіных, апошні з якіх адказаў на прапанову брытанскага ўдзельніка аб выключэнні Расеі і Беларусі з ПА АБСЕ:

«Сыход гэтых дзвюх краінаў будзе ў рэчаіснасці азначаць канец усялякага сэнсу для існавання гэтай арганізацыі. У рэшце рэшт, вы заўжды можаце праводзіць свае такія “міжсабойчыкі” у штаб-кватэры NATO», – іранізаваў Андрэй Савіных.

Ведаючы, што прыкладна гэтак складзецца дыскусія, служкі беларускага рэжыму, аднак, прынялі запрашэнне на асамблею. Не адштурхнула іх і запрашэнне на паседжанне Святланы Ціханоўскай, якая прамовіла ў прысутнасці 38 паслоў:

«Усе палітвязні павінныя быць вызваленыя і рэабілітаваныя. Усе асобы, якія знаходзяцца ў вымушаным выгнанні, павінныя мець магчымасць бяспечна вярнуцца дадому. Усе палітычна матываваныя справы павінныя быць закрытыя. Толькі тады можа пачацца нацыянальны дыялог. Прашу лічыць рэжым у Менску злачынным. Такія рэжымы нельга ўлагоджваць».

Выступіць сёння ў Аўстрыі было важна і для лукашэнкаўцаў і для прадстаўнікоў Абʼяднанага пераходнага кабінету – кажа палітолаг Лізавета ДубінаГушча. Для першых – гэта трыбуна ў часы ізаляцыі. Для другіх – прызнанне і маналог ад імя беларускай апазіцыі. Дэлегаты з Украіны, Польшчы і Літвы адмовіліся наведаць сесію Парламенцкай асамблеі.

«У Польшчы, Украіны, Літвы ёсць шмат іншых пляцовак, дзе яны могуць сустракацца са сваімі калегамі, заходнімі дыпламатамі. У беларусаў такіх пляцовак значна менш», – патлумачыла Лізавета Дубіна-Гушча.

У сераду ў Еўрапейскім эканамічна-сацыяльным камітэце Святлана Ціханоўская акцэнтавала, што беларусы, не падпарадкаваныя рэжыму Лукашэнкі, зацікаўленыя застацца ў праграме Усходняга партнёрства. Акупацыйная ўлада выйшла з праграмы. Дэмакратычная Беларусь – хоча далучыцца.

Юлія Цяльпук, «Белсат»