Малдова бярэ курс на еўраінтэграцыю


Еўраінтэграцыя найперш – міністр замежных справаў Малдовы Ніку Папэску анансуе выхад з шэрагу пагадненняў у межах СНД.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нашая краіна мае намер далучыцца да ЕЗ. У сувязі з гэтым усе мэты замежнай палітыкі і ўдзел у міжнародных арганізацыях будуць падпарадкаваныя еўрапейскай інтэграцыі. Таму выхад з пагадненняў СНД, несумяшчальных з нашымі мэтамі, працягнецца», – кажа Ніку Папэску.

Ад леташняга чэрвеня Малдова мае статус кандыдата на ўступленне ў Еўразвяз і цяпер адаптуе сваё заканадаўства пад яго патрабаванні. Пра выхад з СНД гаворкі, як быццам, пакуль няма. Але на думку былога прадстаўніка Малдовы ў ААН і Радзе Еўропы Аляксея Тулбурэ, краіна раней ці пазней усё ж пакіне гэтую арганізацыю.

«Мы мусім перагледзець свае адносіны да міжнародных арганізацый, ядром якіх з’яўляецца Расея. Расея – краіна ізгой, ваенны злачынец. Яна прасоўвае каштоўнасці, якія непрымальныя для Малдовы», – упэўнены эксперт «Белсату».

Вайна ва Украіне наўпрост паўплывала на працэс еўраінтэграцыі Малдовы, які значна паскорыўся. Не ў апошняю чаргу гэта адбылося праз пагрозу з боку Расеі, кажа Аляксей Тулбурэ. Мінулаю вясною расейскае камандаванне называла сваёй мэтай усталяванне кантролю над поўднем Украіны і выхад да непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі, дзе нібыта прыгнятаюць расейскамоўнае насельніцтва.

Планы праваліліся. Ці канчаткова?

«Практычна ўсё Прыднястроўе пад кіраваннем РФ і там ёсць 5-7 тысяч вайскоўцаў, – кажа палкоўнік ЗСУ ў запасе Раман Світан. – Расея можа запусціць нейкі палітычны працэс (у Малдове). Я думаю, што ў іх не хопіць ваеннай моцы, каб выканаць нейкую вайсковую аперацыю, але палітычны працэс па дэстабілізацыі палітычнай абстаноўкі ў Малдове адназначна магчымы».

Некалькі тыдняў таму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі перадаў лідарцы Малдовы Маі Санду дакумент аб намерах расейцаў захапіць уладу ў Кішынэве.

«Гэты план прадугледжваў уезд у Малдову грамадзянаў Расеі, Чарнагорыі, Беларусі і Сербіі з мэтай паспрабаваць справакаваць пратэсты, каб змяніць законны ўрад на незаконны, кантраляваны Расейскай Федэрацыяй», – кажа Мая Санду.

На думку Аляксея Тулбурэ, гэта можа быць зроблена з дапамогай арыентаваных на Маскву алігархаў ды партыі «Шор»:

«Былі масавыя пратэсты ўвосень – пракуратура даказала фінансаванне гэтых пратэстаў звонку, а таксама каардынацыю гэтых пратэстаў з боку людзей з Расейскай Федэрацыі. Ну і вось зараз гэтыя пратэсты аднавіліся».

Гарачай вайны паміж Расеяй ды Малдовай няма. Але ёсць інфармацыйная. Міністэрства абароны РФ заявіла нібыта аб намеры Украіны здзейсніць правакацыю ў Прыднястроўі. Урад Малдовы гэтую інфармацыю зняпраўдзіў.

Ян Федаровіч, «Белсат»