Беларускае войска засталося без беларускасці


Улады, дый шматлікія беларусы, паводле савецкай традыцыі святкуюць сёння Дзень абаронцаў Айчыны. У беларускім войску падкрэсліваюць пераемнасць савецкіх традыцыяў. Але нацыянальны кампанент у ідэалогіі свята практычна адсутнічае, кажа былы вайсковец і заснавальнік ініцыятывы «Беларусь 2.0. Робім разам!» Сяргей Бульба.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Часта ўжываецца гэтае слова – патрыятызм. Часта гаворыцца пра неабходнасць выхавання. Але гэты патрыятызм ніяк не лакалізуецца на Беларусі. Ён нейкі агульны, гэта чыясьці туга па Савецкім Саюзе», – кажа Сяргей Бульба.

Беларускім адпаведнікам гэтай даты магло б быць 15-га ліпеня – дзень Грунвальдскай бітвы, мяркуе Сяргей Бульба. Але гісторыю беларускага войска чыноўнікі адлічваюць з дня ўтварэння Чырвонай арміі.

Лукашэнка таксама мае сантыменты да ўсяго савецкага. А войска, як і іншыя сілавыя структуры, уладкаванае так, каб абараняць інтарэсы цяперашняга рэжыму, кажа палітолаг Вадзім Мажэйка. Адпаведна, няма нацыянальнага кампаненту.

«Для яго галоўнае – захаванне сваёй улады. І ён гэта забяспечвае ў тым ліку войскам. Ну, а для беларускага народу добрым было б нейкае нармальнае беларускае развіццё, і для гэтага было б добра, каб беларускае войска не дазволіла выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на суседнія краіны», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Тым часам Лукашэнка заяўляе пра намер абараняцца ад NATO і прыцягнуць не толькі войска, але і насельніцтва. Узяўся рэжым і за адпаведнае выхаванне дзяцей. Праз клубы пры вайсковых частках і візіты вайскоўцаў у школы і садкі.

«Ёсць яшчэ ўнутраны аспект – наколькі людзі хочуць бараніць сваю дзяржаву. Прыклад Украіны цяпер паказвае, што Украіна саспела як дзяржава. Бо народ хоча яе бараніць», – разважае Сяргей Бульба.

Украінскае войска пачало актыўна пазбаўляцца савецкай ідэалагічнай спадчыны з пачаткам вайны на Данбасе. У ЗСУ з’явіўся выразны нацыянальны элемент. Дзень абаронцаў Айчыны перанеслі з 23 лютага на 14 кастрычніка. Дата супадае са святам Пакрову, Днём украінскага казацтва і Украінскай паўстанцкай арміі. Поўнамаштабная вайна даказала баяздольнасць новага войска.

Беларускае ж войска гаворыць той самай мовай і ходзіць парадам пад тыя самыя маршы, што і расейскае. І фактычна дапамагае яму ў агрэсіі супраць Украіны. Ці будуць такія ўзброеныя сілы здольныя і гатовыя бараніць суверэнітэт Беларусі, калі пагроза яму ўзнікне з усходу і калі меркаваныя планы Крамля паглынуць Беларусь да 2030 года сапраўды пачнуць ажыццяўляцца?

Валянцін Васіленка, «Белсат»