Антон Драбовіч: «Расея спрабуе выкарыстоўваць савецкі сантымент у прапагандысцкіх мэтах»


Як і многія з тых, хто рос у савецкі час, украінскі дызайнер Сяргей Лоскутаў 23-га лютага адзначаў з дзяцінства – «дзень савецкай арміі і ваенна-марскога флоту».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта ж прывівалася яшчэ са школы, дзяўчынкі абавязкова на 23 лютага ў сваім класе хлопчыкаў віншавалі», – узгадвае Сяргей.

Сын вайсковага лётчыка і дэсантнік падчас службы ў войску, ён адзначаў свята і ў дарослым жыцці. Усё змянілася ў 2014-м…

«…Калі нашыя суседзі расейцы, хоць я сам этнічны расеец, напалі і пачалі красці па кавалках маю краіну», – кажа Сяргей Лоскутаў.

Цяпер Сяргей у рэзерве: у любую хвіліну яго могуць выклікаць на абарону радзімы. Самое ж паняцце радзімы з савецкага часу для Сяргея змянілася.

«Яна была занадта неабдымная, я думаю, я нават у сабе не мог яе змясціць. А цяпер утульная, маленькая і прыгожая Украіна. І за сваю радзіму я гатовы аддаць жыццё», – кажа Сяргей Лоскутаў.

Менавіта такія людзі і ёсць абаронцамі, лічаць украінцы. Але не толькі.

«Тыя, хто быў на Майдане, тыя, хто быў у АТА».

«Нашы палітыкі, хто з гэтым працуе, і партнёры заходнія, хто дапамагае, але ў першую чаргу тыя, хто знаходзіцца на перадавой».

«Усе людзі, што робяць добрае ў краіне, – яны і ёсць абаронцы айчыны», – лічаць жыхары Кіева.

23-га лютага перастаў быць афіцыйным святам ва Украіне неўзабаве пасля падзеяў 2014-га. Цяпер Дзень абаронцы ўкраінцы адзначаюць 14-га кастрычніка, працягваючы традыцыі ўкраінскіх казакоў. І адбылося гэта без прымусу, падкрэслівае кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Антон Драбовіч:

«Шляхам грамадскай дыскусіі і нават іроніі са старых падыходаў і коснасці, грамадства само рэгулявала. Не было ніякіх дзяржаўных кампаніяў, выкаранення, бо гэта Украіне ўвогуле не ўласціва, бо гэта кшталту цэнзуры, а мы, дзякуй богу, не Расея, у нас такое не прынята».

Ва Украіне адбываецца працэс асэнсавання мінулага, у тым ліку савецкага, падкрэслівае Антон Драбовіч.

«З савецкім канонам адназначна звязаная савецкая ідэалогія і адпаведна – рызыкі гуманітарныя. І мы бачым, што Расея спрабуе выкарыстоўваць савецкі сантымент у прапагандысцкіх мэтах – па сутнасці, супраць грамадстваў, якія талеруюць нейкія савецкія звычаі», – кажа Антон Драбовіч.

Дзень савецкай арміі ці яго пераемнік, Дзень абаронцы айчыны, 23-га лютага, не мае ніякага дачынення і да гісторыі Беларусі. У якасці беларускага свята гісторыкі прапаноўваюць шэраг датаў: напрыклад, дзень пераможнай бітвы пад Воршай 8-га верасня ці нейкую дату з 90-х гадоў 20-га стагоддзя.

«З іншага боку, таксама можа быць, што гэтая дата, прысвечаная ўзнікненню сапраўды беларукага нацыянальнага войска, чакае нас наперадзе, калі нашае войска вызначыцца і стане сапраўды беларускім ды пяройдзе на бок народу», – мяркуе сябра беларускага гістарычнага таварыства Аляксей Трубкін.

І тады беларусы змогуць ганарыцца ўзброенымі сіламі ды адзначаць Дзень абаронцаў. Як нашыя суседзі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»