Судовая машына ніяк не можа спыніцца


Прайшло трэцяе паседжанне ў судовым працэсе над журналісткаю Кацярынаю Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным, якіх вінавацяць у раскрыцці медычнай таямніцы пра стан забітага Рамана Бандарэнкі. Сёння сведчыла сястра Рамана Бандарэнкі – Вольга Кучарэнка, якая чарговы раз падкрэсліла, што сям’я давала дазвол на публікацыю звестак пра стан Рамана.

Паседжанне праходзіць у закрытым рэжыме, сведкі – пад падпіскай пра неразгалошванне.

«Я не магу раскрываць сутнасці сваіх паказанняў. Акрамя таго, што я неаднойчы агучвала, што справа высмактаная з пальца, што Каця рабіла сваю справу, яна правярала інфармацыю, якая ўжо была ў інтэрнэце», – кажа галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава.

Адвакаты мяркуюць, што да канца тыдня справу разгледзяць.

А вось у судовым працэсе над Віктарам Бабарыкам у справе пра хабар у асабліва буйным памеры сёння абвесцілі перапынак як мінімум да 9-га сакавіка. Адвакатам прычыны пераносу не паведамілі.

Пасля трохмесячнага перапынку працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць 29-цігадовай Наталлі Раентавай, якую вінавацяць у тым, што ўкусіла амапаўца Андрэя Хоміча за сцягно.

«Я лічу, што пазоўныя патрабаванні наогул тут недарэчныя, у былыя часы за гэта далі б штраф толькі. А так як цяпер у нас бязмежжа, запатрабавалі два гады», – дзеліцца маці Наталлі Любоў Раентава.

Гематомы, якія атрымаў амапавец, аднеслі да цялесных пашкоджанняў, якія не прывялі да кароткачасовай страты здароўя і працаздольнасці. Вынік у справе Наталлі абвесцяць заўтра а 10-ай гадзіне.

Паўтара года пазбаўлення волі атрымала 22-ухгадовая медсястра Юлія Кашаверава за тое, што тры разы ўдарыла па міліцэйскім мікрааўтобусе. Суддзя Сяргей Будрэвіч прызнаў дзяўчыну вінаватай паводле 1-й часткі 339-га артыкулу – «Зацятае хуліганства».

«Тое, што нанесла матэрыяльную шкоду, гэта аплачана. Пакаранне павінна адпавядаць правіне, тым больш яна сказала, што ў яе не было мэты парушаць парадак. Лічу, што суд да канца не разгледзеў і прыняў няправільнае рашэнне», – кажа бацька Юліі Сяргей Кашавераў.

Сёння скончыўся судовы разбор у справе пра паклёп на прадстаўнікоў выбарчай камісіі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2019-ым годзе. Назіральнік Аляксандр Аграйцовіч на сваім «youtube»-канале сказаў, што чальцы – фальсіфікатары, і гэтым ён зняславіў іхныя гонар і годнасць.

«Не былі выкліканыя ключавыя сведкі, не былі выкліканыя пацярпелыя, да якіх у мяне былі пытанні. Пракурор запатрабаваў год абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу», – расказвае Аляксандр Аграйцовіч.

Прысуд у справе Аляксандра Аграйцовіча будзе абвешчаны ў пятніцу.

Алена Дубовік, «Белсат»