Прапаганда нянавісці на дзяржаўным тэлебачанні


Санкцыі Еўразвязу супраць дзеячаў рэжыму Лукашэнкі мусяць быць пашыраныя. Пра гэта заявіла «Белсату» прадстаўніца адмысловай дэлегацыі Еўрапарламенту ў справах Беларусі – Карын Карлсбро. Не застануцца без увагі Захаду заклікі, што гучаць з дзяржаўным медыяў, а менавіта – канчаткова вырашыць пытанне пратэстоўцаў за адну ноч – паводле гітлераўскага ўзору.

У Беларусі трэба навесці парадак паводле нямецкіх стандартаў – такі заклік прагучаў напярэдадні ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ. Вядоўца Аляксей Голікаў, які называе сябе прыхільнікам недэмакратычных сілавых захадаў, прыгадаў, як дзейнічалі гітлераўскія вайскоўцы на акупаваных тэрыторыях: віселіцы супраць крадзяжоў на палях і расстрэлы супраць безбілетнікаў.

«Квіткі купілі ўсе, акрамя адной жанчыны і яе ўнучкі. Іх вывелі з цягніка і на вачах ва ўсіх расстралялі проста ля адхону», – распавёў вядоўца СТВ.

Раней – пралукашэнкаўскі відэаблогер, удзельнік правакацыяў супраць апазіцыі, а цяпер – працаўнік дзяржаўнага СМІ, Голікаў называе пратэстоўцаў жывёламі і востракапытнымі:

«Маладая асобіна капытамі ламае аўтамабіль сілавікоў. 50-гадовая асобіна апускаецца да ўзроўню падлетку і публічна выказваецца нецэнзурнай лаянкай»

Голікаў апраўдвае і катаванні, і жорсткія ўмовы ўтрымання ў ізалятары на Акрэсціна:

«Для людзей такія ўмовы недапушчальныя, а для жывёлы – цалкам. Скаціна ў адным куце паядае корм, а ў іншым апаражняецца».

Дэгуманізацыя праціўніка – прыём інфармацыйнай вайны і небяспечнай палітычнай прапаганды, нагадвае медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі:

«Адразу згадваецца прыклад генацыду, выкліканага тым, што частку насельніцтва называлі тараканамі і заклікалі іх забіваць».

Гаворка пра генацыд 1994-га года ў Руандзе, дзе значную ролю адыграла прапагандысцкае «Радыё тысячы пагоркаў». Жывёламі і непаўнавартаснымі людзьмі называлі габрэяў гітлераўскія прапагандысты, каб апраўдаць пазбаўленне іх правоў, а потым – Галакост і пабудову канцлагераў і лагераў смерці.

А тэрмін «востракапытныя» адносна пратэстоўцаў раней выкарыстоўваў у інструктажы падначаленых Мікалай Карпянкоў, цяпер намеснік міністра ўнутраных справаў.

«Сказана стварыць лагер, не для ваеннапалонных, не для інтэрнаваных, а лагер для асабліва востракапытных, для адсялення», – так Мікалай Карпянкоў пераказваў вынікі паседжання ў Аляксандра Лукашэнкі.

Экспертыза пацвердзіла, што на аўдыё кажа менавіта Карпянкоў. Тэрмінова пабудаваныя лагеры для апазіцыянераў знайшліся пад Слуцкам, пад Барысавам, паказанні далі дэманстранты, якіх там утрымлівалі.

У 1995-м годзе, на пачатку сваёй кар’еры Аляксандр Лукашэнка распавёў аб станоўчых баках праўлення Гітлера ў інтэрвʼю нямецкай газеце «Handelsblatt». Праз некалькі гадоў ён назваў гэты запіс фальшыўкай:

«Не ўсё толькі кепскае было звязана ў Нямеччыне з вядомым Адольфам Гітлерам. Нямецкі парадак фармаваўся стагоддзямі, пры Гітлеры гэтае фармаванне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта», – заявіў Лукашэнка ў інтэрвʼю немцам.

А што думаюць грамадзяне пра заклікі дзяржаўнага тэлебачання дзейнічаць метадамі немцаў?

Вось што кажуць менчукі:

«Мы гэта ўжо праходзілі ў 1940-х гадах».

«Я помню, як у мяне дзядзя плакаў, калі ўсё гэта расказваў. І не магу гэтага забыць. Як можна такое казаць? Можа, у яго не было такога дзядзькі».

«Парадак мусіць наводзіцца, але чалавечымі спосабамі. Не спосабамі, падобнымі на дыктатараў, не спадабляючыся генацыду».

«У Беларусі гэта немагчыма, і хай яны не спадзяюцца на гэта ў прынцыпе. Так што мы так проста не здамося».

У жніўні і верасні ў дзяржаўных СМІ яшчэ былі спробы заўважыць палітычных іншадумцаў, заўважае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі:

«Зараз фактычна медыі выконваюць функцыю часткі агітацыйна-прапагандысцкай машыны».

У Еўразвязе ўважліва адсочваюць дзеянні палітычнага рэжыму Лукашэнкі.

«Тое, што мы чуем з Беларусі, у тым ліку наконт гістарычных ракурсаў да нацысцкай Нямеччыны, вельмі нас турбуе. І ў тым, што датычыць свабоды слова, свабоды прэсы, магчымасці працаваць журналістам, гэта базавыя патрабаванні! У Беларусі журналістыку зрабілі злачынствам», – заявіла «Белсату» віцэ-старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту ў сувязях з Беларуссю Карын Карлсбра.

Прадстаўніца Еўрапарламенту згодная, што санкцыі Еўразвязу супраць атачэння Лукашэнкі трэба ўзмацніць і пашырыць:

«Штосьці ў нашых сілах, не ўсё, вядома: мы можам узмацніць санкцыі, можам падтрымліваць законна абраную ўладу, палітыкаў з Каардынацыйнай рады».

Дзеянні Еўразвязу будуць залежыць ад таго, як развіваюцца падзеі ў Беларусі, заявіла «Белсату» прадстаўніца Еўрапейскага парламенту.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»