COVID-19 у Беларусі: чакаем вакцыну, рыхтуемся да «кракена»


Ужо сёлета ў Беларусі зарэгіструюць уласную вакцыну супраць каронавіруса. Ва ўсялякім выпадку, так абяцаюць у Міністэрстве аховы здароўя. Але нездарма кажуць: планамі дзяліцца нельга. Бо пра стварэнне айчыннай вакцыны пачалі гаварыць яшчэ ўлетку 2020 года. Праз год ужо агучылі пэўны тэрмін, калі пачнецца яе выкарыстанне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы мяркуем, што ў першым паўгоддзі 2023 года вакцына выйдзе ў грамадзянскі абарот», – заяўляў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у жніўні 2021 года.

Летась жа Нацыянальная акадэміі навук абяцала, што ў гэтым годзе беларусы змогуць набыць таблеткі супраць каронавіруса ў аптэках. Таксама айчыннай вытворчасці. Відавочна, каронавірус аказаўся для чыноўнікаў не псіхозам.

У свеце фіксуюць новы штам каронавіруса ХВВ.1.5, які атрымаў назву «кракен». Выпадкі заражэння выяўляюць як мінімум у 36 краінах. Хуткі распаўсюд – яго галоўная асаблівасць. Менавіта гэта і турбуе адмыслоўцаў.

«Калі за адзін раз вялікая колькасць людзей заразіцца – гэта ўмова для з’яўлення новых мутацый. Вірус мутуе толькі ў арганізме чалавека», – адзначыў кіраўнік Нацыянальнай тэхнічнай групы экспертаў у пытаннях імунапрафілактыкі ва Украіне Фёдар Лапій.

«Кракен», які ўпершыню зафіксавалі ў Злучаных Штатах летась у кастрычніку, – акурат мутацыя папярэдняга варыянту каронавіруса.

«Па вялікім рахунку, гэта разнавіднасць штаму амікрон, у якім адбылася мутацыя бялку S. за кошт гэтага вірус лягчэй пранікае ў арганізм і яму ўдаецца ўхіляцца ад імуннага адказу», – патлумачыў анестэзіёлаг Дзмітрый Яскевіч.

Пры гэтым новы штам не мае спецыфічных сімптомаў і праяўляецца як звычайная прастуда – у тым ліку праз кашаль, павышэнне тэмпературы цела, галаўны боль.

«Пакуль нічога не паказвае на тое, што працяканне хваробы змянілася пры варыянце ХВВ.1.5. Аднак мы ўважліва сочым за гэтым падчас эксперыментальных даследаванняў у лабараторыі ды пры аналізе рэальных звестак сусветных паказнікаў шпіталізацыі людзей, інфікаваных гэтым падварыянтам», – паведаміла экспертка Сусветнай арганізацыі здароўя Марыя Ван Керхоў.

Тое, як вірус будзе ўплываць на арганізм чалавека, звязана з яго эвалюцыйным працэсам, адзначыў Дзмітрый Яскевіч.

«Эвалюцыйна вірусу выгадна не забіваць свайго носьбіта, а, наадварот, пакідаць у жывых, каб мець больш шырокае распаўсюджванне ў біялагічнsv асяроддзі. Таму “кракен” сапраўды не зʼяўляецца такім ужо небяспечным вірусам», – дадаў Дзмітрый Яскевіч.

Цяжкое працяканне хваробы ў выпадку з «кракенам», як і з амікронам, можна папярэдзіць з дапамогаю вакцынацыі, сцвярджаюць эксперты. Тым, хто не атрымаў яшчэ ніводнай дозы вакцыны ад COVID-19, Фёдар Лапій раіць прышчапіцца цяпер. Калі чалавек ужо мае першасную вакцынацыю, час зрабіць гэтак званую бустэрную.

«Людзі з групы рызыкі (старэйшыя за 60 гадоў) павінны атрымаць і другую бустэрную дозу. І першая, і другая бустэрныя дозы могуць быць вакцынай, адаптаванай пад амікрон», – патлумачыў Фёдар Лапій.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі сёлета дазволіла праводзіць бустэрную вакцынацыю дзецям ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў. Летась жа прышчэпкі ад каронавіруса пачалі рабіць маленькім беларусам таксама з 5 гадоў. А калі аптымальна атрымаць бустэрную дозу?

«Пасля праведзенай двухразовай вакцынацыі для падтрымання імунітэту супраць COVID-19 тэрмін увядзення складае 4–9 месяцаў. Аптымальна – праз 4–6 месяцаў. Калі гэта была ўведзена трэцяя доза, то наступнае ўвядзенне праводзіцца праз 4 месяцы», – параіў загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў Нацыянальнага ўніверсітэту аховы здароўя імя Шупіка (Украіна) Аляксандр Дуда.

На мінулым тыдні Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што выпадкаў заражэння штамам «кракен» у Беларусі няма. Але распаўсюд новага варыянту ў краіне, сыходзяцца ў меркаванні эксперты, – пытанне часу. І доўга чакаць гэтага не давядзецца – з улікам таго, што вірус ужо зафіксаваны ў Расеі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»