«Эканамічная сітуацыя ў Расеі будзе пагаршацца, а адпаведна яна будзе пагаршацца і ў Беларусі»


Долар і еўра даражэюць. Цэны на гэтыя валюты ў абменніках і банках цягам апошніх дзесяці дзён змяніліся заўважна. Амерыканская валюта за гэты час «пацяжэла» на 26 капеек, сёння за долар даюць 2 рублі 73 капейкі. Еўра аказаўся яшчэ спрытнейшым: дадаў у вазе 32 капейкі за дзесяць дзён і падбіраецца да трох рублёў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта тэндэнцыя, якая пачалася цяпер і будзе працягвацца цягам усяго наступнага года», – канстатуе эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Асноўная ж прычына: залежнасць ад Расеі. Сапраўды, там сітуацыя на фінансавым рынку нават больш драматычная. За тыя ж дзесяць дзён долар падаражэў на дзесяць расейскіх рублёў, цяпер каштуе больш за 72 рублі.

«Расейскі рубель, у сваю чаргу, пачаў абясцэньвацца адносна долара і еўра ў сувязі з абмежаваннямі цэнаў на нафту і з пачаткам дзеяння санкцыяў, што сталі дзейнічаць 5 снежня: абмежаванне на транспарт нафты судаходамі і забарона страхавання такіх грузаў», – кажа эканамістка.

Да таго ж важную ролю тут грае вайна, развязаная Пуціным супраць Украіны, адзначае эканаміст і аўтар тэлеграм-каналу RADYJO ČAJČYC Алесь Чайчыц:

«Яна прыводзіць і да санкцыяў, яна прыводзіць і да бюджэтных дадатковых выдаткаў. Вайна – гэта цяпер усё: і для расейскай эканомікі, і для беларускай эканомікі, якая з Расеяй у адным чоўне».

У часы кіравання Лукашэнкі для Беларусі Расея заўжды была нумарам адзін у тым ліку ў эканамічных зносінах, цяпер жа ва ўмовах санкцыяў ды міжнароднае ізаляцыі гэта стала больш відавочным. А дзесяць дзён таму Нацбанк прыбраў з валютнага кошыка еўра і павялічыў такім чынам долю расейскага рубля да 60 %.

На саміце краінаў ЕАЭС дзявятага снежня Лукашэнка хваліўся, што ў гандлі з Расеяй цалкам перайшоў на расейскія рублі, заклікаў іншых чальцоў арганізацыі адмовіцца ад долара.

Але з гэтым не згодныя беларусы. У тэлеграм-канале «Белсату» мы размясцілі апытанне наконт падзення курсу беларускага рубля. Удзел у ім узялі больш за тысячу асобаў, з іх роўна чвэрць згаджаецца, што дэвальвацыя непазбежная і толькі 2 % вераць у трываласць айчыннае валюты. Да таго ж, большасць не можа сабе дазволіць адкладаць на «чорны дзень». А калі і адкладаюць, то долары. Дзеляцца гледачы і сваім меркаваннем у каментарах:

«Шкада, што курс рубля пачаў падаць не раней, бо трэба было хутка гасіць крэдыт на кватэру, таму прадаў долары паводле нявыгаднага курсу».

«Няма рублёў – няма праблемаў».

Што ж да прагнозаў, яны, паводле эканаміста Алеся Чайчыца, несуцяшальныя:

«Нічога добрага ў сярэднетэрміновай перспектыве не чакай, таму што вайна працягваецца, санкцыі працягваюцца, эканамічная сітуацыя ў Расеі будзе пагаршацца, а адпаведна яна будзе пагаршацца і ў Беларусі».

Што ж рабіць у гэткай сітуацыі нам, простым грамадзянам? Раіць Аліса Рыжычэнка:

«У каго ёсць магчымасць, лепш захоўваць свае ашчаджэнні ў доларах або ў еўрах. Бо, ізноў жа паўтаруся, курс будзе расці і ў наступным годзе, і я ўпэўненая, што ўрад не зможа стрымліваць гэты курс».

Паводле нашай эксперткі, у планах ураду – уключыць эмісійны варштат, каб запоўніць эканоміку грашыма. Але гэта непазбежна прывядзе да далейшага абясцэньвання рубля, а значыць, і да росту курсаў долара і еўра.

Алесь Яшчанка, «Белсат»