«Яны думалі, што іх утопяць»


Рэкордныя 18 гадоў калоніі, які вынес Сяргею Ціханоўскаму невядомы пакуль шырокай грамадскасці суддзя, схаваўшыся на тэрыторыі гомельскага СІЗА чатырнаццатага снежня, здаваліся дахам крыважэрнасці ўладаў. Але ў перадсмяротнай агоніі рэжым ня ведае межаў. Ад 18 да ўжо 20 гадоў прысудзілі актывістам анархісцкага руху Ігару Аліневічу, Змітру Дубоўскаму, Змітру Разановічу і Сяргею Раманаву. Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Гэты вырак вынес суддзя Менскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Акт тэрарызму, незаконны абарот зброі ды яе перамяшчэнне праз мяжу – за гэта судзілі фігурантаў так званай справы анархістаў. Іх абвінавацілі ў падпале службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ ў Мазыры і Дзяржаўнага камітэту экспертызаў у Салігорску. Як вынік, 20 гадоў калоніі строгага рэжыму Сяргею Раманаву, 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму Ігару Аліневічу, 19 – Змітру Разановічу, 18 – Змітру Дубоўскаму.

«Яны за кратамі, у кайданках, седзячы ў гэтай клетцы – яны мацнейшыя за нас, якія ў адноснай свабодзе. Я хацела толькі аднаго: каб ён застаўся жывым. Таму што ішлі размовы, што іх увогуле расстраляюць. І я разумела, што ў наш час, на жаль, магчыма і такое», – кажа маці асуджанага Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч.

З самага пачатку суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Трое з абвінавачаных – Сяргей Раманаў, Ігар Аліневіч і Зміцер Разановіч – не прысутнічалі на паседжаннях. Дзмітрый Дубоўскі на працягу ўсяго судовага працэсу дзяліўся сваймі ўражаннямі ў лістах, якія публікаваў тэлеграм-канал «Права на паўстанне».

«Таварышы ўсе з нашай каманды ў добрым настроі, вельмі хацелі выступіць з апошнім словам у прысутнасці вас, родных і блізкіх, таварышаў, але, на жаль, судзілішча ёсць судзілішча… Сорамна ім выстаўляць усё гэта напаказ, як адзначаў раней, там ёсць цікавыя моманты, і было б добра, калі б гэта бачылі і іншыя. Зрэшты, што тут ужо казаць. Маем тое, што маем!»

Следства ў справе анархістаў працягвалася больш за год. Увесь гэты час абвінавачаныя заставаліся ў СІЗА КДБ. У лістах асуджаныя пісалі, што за гэты час яны зазналі катаванні ды ціск сілавікоў.

«У адным з першых лістоў Дзіма пісаў, што калі везлі ў СІЗА КДБ, яны думалі, што іх утопяць. Затрыманне было жорсткім, іх збівалі, катавалі. Гэта мы даведаліся са словаў Сяргея Раманава», – распавядае сястра асуджанага Змітра Дубоўскага Юлія Дубоўская.

У менскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Разановіча. Яны былі затрыманыя ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай мяжы. Гэта здарылася неўзабаве пасля леташніх падпалаў аўтамабіляў каля пракуратуры ў Салігорску і міліцэйскага пастарунку ў Мазыры. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2021 года.
Фота: чытачы / Белсат

Затрымалі анархістаў летась у кастрычніку пры спробе мінуць беларуска-ўкраінскую мяжу. Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што ў затрыманых пры сабе былі боепрыпасы, агнястрэльная зброя, балончыкі з пярцовым газам і спецыяльнае экіпаванне.

Вялізныя тэрміны, якімі апошнім часам караюць фігурантаў відавочна палітычных справаў, маюць на мэце запалохаць грамадства, кажуць нашыя эксперты.

«Людзям, якія застаюцца ва ўладзе, падаецца, што калі Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў або сёння Аліневічу прысудзілі 20 гадоў, то гэта будзе людзей палохаць. Яны дагэтуль не разумеюць, што людзі не прызналі легітымнай тую ўладу, якая сёння існуе ў Беларусі», – лічыць псіхолаг Вольга Вялічка.

«Улады такім чынам запалохваюць і актыўную частку грамадства, і пасіўную, перадухіляючы, як яны думаюць, пратэсты або якія-небудзь інцыдэнты супраць іх. Для ўладаў, на мой погляд, цяпер тыя ж анархісты і блогеры значна небяспечнейшыя за забойцаў і гвалтаўнікоў. Гэта замах на ўладу, і ўлады такім чынам паказваюць, што нікому гэтай улады не аддадуць», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Праваабаронцы прызналі пакараных анархістаў палітвязнямі.

Наста Печанькова, «Белсат»