Выдаткі на медыцыну ў 2022 годзе будуць на Br 0,6 млрд меншыя


Хранічныя ці недалечаныя хваробы, выбар таннейшага замест найлепшага лячэння, гэта пабочныя эфекты дзейнай сістэмы аховы здароўя Беларусі, якую не будуць рэфармаваць і ў 2022 годзе. Згодна з планам на ахову здароўя выдаткуюць суму, роўную 4,5 % ВУП – менш чымся ў гэтым годзе. Ці існуюць механізмы, якія б зрабілі медыцыну больш даступнаю і якаснаю ў дзейнай мадэлі? І ці варта ісці ў бок страхавання?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У наступным годзе абяцаюць сродкі і на вакцынацыю і «ковідныя» надбаўкі. Для якасных пераменаў у медыцыне патрэбныя іншыя грошы. На ахову здароўя дзяржава выдаткоўвае сродкі з агульнага падатковага катла.

«Можа выдаткаваць на ахову здароўя пэўную колькасць грошай, на МУС – пэўную колькасць, памножаную на 400 (прыкладна гэтак цяпер грошы размяркоўваюцца). І далей гэтыя грошы ўжо размяркоўваюцца па клініках, сыходзячы з прынцыпу “тут у мяне працуе лепшы знаёмы, тут – горшы. Гэтая клініка – больш іміджавая, гэтая – менш іміджавая”» – разважае сузаснавальнік платформы «еЗдароўе» Уладзімір Свіркоў.

Такія правілы гульні – не на карысць медработнікам і насельніцтву – сышліся ў меркаванні адмыслоўцы з Беларускага фонду медычнай салідарнасці, платформы «еЗдароўе», «Белыя халаты» і даследнікі інстытуту BISS.

Пад час стрым-канферэнцыі калегі параўналі слабейшую айчынную медыцыну – з мацнейшым Аўстрыйскім узорам. Грамадзяне там плоцяць абавязковыя страхавыя ўзносы. Клінікі паказваюць сваю нагрузку і самыя выстаўляюць рахунак страхавым кампаніям. Абапіраючыся на статыстыку, фармуюць спісы лекаў і абсталявання, якое ім мусяць набыць.

«Таму рэцэпт – зрабіць самакіраванне на месцах – чым больш тым лепш. Другое – стварыць пятлю зваротнай сувязі: калі мы бачым – клініка патраціла столькі грошай, значыць столькі ёй трэба вярнуць», – кажа Уладзімір Свіркоў.

«Для краінаў з неразвітым самакіраваннем і меншым даходам грамадзянаў – гэта варыянт, да якога трэба імкнуцца», – заўважыла эндаскапістка Лідзія Тарасенка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 5-ая гарадская клінічная больніца.
Фота: Тяня Капітонава / «Белсат»

З рэмаркаю, што падатак павінен аплачвацца з тых 36 %, якія плацім у Фонд сацыяльнай абароны. Стаўленне да страхавання і рэфармавання медыцыны выказалі і нашыя гледачы:

«Агульны кацёл ніколі не быў выгадны большасці карыстальнікаў: плацяць усе, а карыстаюцца тыя, хто бліжэй да карыта».

«Рэформа патрэбная абавязкова. Пасля змены ўлады. Страхавая медыцына – мае быць. Але людзі пенсійнага ўзросту і тыя, у каго нізкія даходы, маюць абслугоўвацца бясплатна. Але тады спіс платных паслуг павінен быць мінімальны».

«Пры цяперашняй “уладзе” павінна застацца так, як яны нарабілі. Яшчэ невядома, як яны скарыстаюцца, калі ўвесці страхавую медыцыну зараз».

Колькі (паводле старой схемы) рэжым выдаткуе на нашае здароўе? Эканаміст Яраслаў Раманчук падлічыў прыблізны памер сёлетняга ВУП – гэта ~ Br 169 млрд. Сёлетнія выдаткі на медыцыну – 4,9 % ВУП, таму складуць каля Br 8,3 млрд. У наступным годзе ўрад чакае росту ВУП на 2 %, а на медыцыну вылучыў – на Br 0,6 млрд меншую суму.

Замест падразання бюджэту існая сістэма аховы здароўя магла б ашчадзіць. Напрыклад, коштам арганізацыі «Медтэхніка» праз якую праходзяць тэндары закупак на ўсё – ад пластыру да тамографу.

«Працэдура грувасткая, праходзяць гады перш чым ты атрымаеш тое, што замаўляў. Яна бессэнсоўная і бязлітасная. Гэтую арганізацыю можна ліквідаваць без негатыўных наступстваў і вызваліць грошы ў бюджэт», – прапанавала Лідзія Тарасенка.

Але не з клопатам пра бюджэт стваралі «Медтэхніку», лагатып якой свеціцца ў незалежных даследаваннях карумпаванасці дзяржзакупак.

Юлія Цяльпук, «Белсат»