Беларускі след, які пакінуў Лі Гарві Озвалд


Шэсцьдзесят гадоў таму свет быў шакаваны смерцю прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі. Загадкавыя акалічнасці ягонага забойства спарадзілі шэраг чутак, альтэрнатыўных версіяў і канспіралагічных тэорыяў. Адметна, што ёсць у гэтай гісторыі і беларускі след: меркаваны забойца Кенэдзі – Лі Гарві Озвалд – два гады пражыў у Менску. І людзі, якія ў той час ведалі яго асабіста, сумняваліся ў ягонай вінаватасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дваццаць другога лістапада 1963 года. На вуліцах Дэласу месцічы ў захапленні вітаюць картэж прэзідэнта Джона Кенэдзі. Раптам на рагу Элм-стрыт і Г’юстан-стрыт грымяць стрэлы. Адна куля трапляе прэзідэнту ў спіну. Яшчэ адна – у галаву. Падазраванага затрымліваюць у той самы дзень. Гэта працаўнік кніжнага сховішча, з якога, меркавана, стралялі, – былы марскі пяхотнік і марксіст Лі Гарві Озвалд.

Пачатак шасцідзясятых гадоў. Прэзідэнт Джон Кенэдзі – шалёна папулярны палітык у ЗША і за межамі. Красамоўны, харызматычны, тэлегенічны. Дае рады ў развязанні Карыбскага і Берлінскага крызісаў, што пагражалі вайною з СССР. Выступае з прамоваю, у якой рашуча асуджае расавую сегрэгацыю ў ЗША.

«Пасля прамовы 11 чэрвеня 1963 года ён выклікаў велічэзны хэйт на свой адрас. У той самы час ва ўсім свеце людзі, якія былі настроеныя дэмакратычна і ліберальна, не маглі не вітаць гэтага маладога сімпатычнага палітыка», – кажа кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

У студзені 1960-га, за некалькі гадоў да драматычных падзеяў у Дэласе, Лі Гарві Озвалд выйшаў з цягніка на менскім вакзале. Дакляруючы свае камуністычныя погляды, ён, амерыканец, папрасіў дазволу на пражыванне ў СССР.

«Самаўпэўненая і адначасова не ўпэўненая ў сабе натура. Чалавек, які глядзіць на ўсіх астатніх звысоку. Думае, што ў яго іншае пакліканне. Што ўсё вакол – няпраўда і хлусня. Падлеткавы нервовы тып», – тлумачыць Аляксандр Лукашук, аўтар кнігі «След матылька: Озвалд у Менску».

Озвалд працаваў на мясцовым радыёзаводзе. На танцах у Палацы прафсаюзаў сустрэў будучую жонку – Марыю Прусакову. Озвалду далі кватэру ў доме нумар чатыры на вуліцы Камуністычнай, каля плошчы Перамогі. Але савецкія ўлады амерыканцу не давяралі. За ім сачыў КДБ. Зрэшты, неўзабаве і сам Озвалд расчараваўся ў савецкай рэчаіснасці.

«Ён мог параўноўваць, як людзі жылі ў Амерыцы, як жывуць, як працуюць, што яны могуць купіць за гэтыя грошы – і як у Савецкім Саюзе. І гэтае параўнанне хутка прачышчае мазгі. Неўзабаве ў гутарках са сваім сябрам Эрнстам Цітаўцом ён стаў зрывацца і казаць: “Вы жывяце як рабы!”» – кажа Аляксандр Лукашук.

Лі Гарві Озвалд у Менску з Марынай Прусаковай. Крыніца: fr.wikipedia.org

У 1962-м Озвалд разам з жонкай і маленькай дачкой выязджае ў ЗША. Пажыўшы ў Дэласе і Новым Арлеане, ізноў спрабуе прасіць прытулку ў СССР. Вяртаецца ў Дэлас і ўладкоўваецца працаваць у тое самае злашчаснае кнігасховішча.

Усяго праз два дні пасля забойства Кенэдзі нехта Джэк Рубі застрэліў Озвалда, калі таго вялі праз падвал паліцэйскай управы. Рубі атрымаў смяротны вырак, але памёр у 1967 годзе ад наступстваў раку лёгкіх. Гэтая ды іншыя дзіўныя акалічнасці справы змушаюць шмат каго не верыць у вінаватасць Озвалда. Гісторык Яўген Красулін, аднак, дапускае, што забойства Кенэдзі магло быць справай самотніка. Бо прэзідэнт атрымліваў процьму лістоў з пагрозамі ад людзей, якія яго ненавідзелі.

«Дарэчы, і цяпер сярод нашых суайчыннікаў можна сустрэць такое ж меркаванне, што так можна вырашыць праблему. Тое, што ёсць фактам, не дае падставы для сумненняў, што Озвалд быў адзін. Дый логіка падказвае, што такую змову цяжка хаваць цягам дзесяцігоддзяў», – мяркуе Яўген Красулін.

Але альтэрнатыўным тэорыям гэта не перашкаджае. У смерці Кенэдзі бачаць след Цэнтральнага выведнага кіраўніцтва, кубінскіх мігрантаў або мафіі. Не верыць у вінаватасць Озвалда і ягоны менскі сябар Эрнст Цітавец.

«Выйсце было такое: або Трэцяя сусветная вайна, да якой падводзілі сілы, што стаялі за забойствам Кенэдзі, або нейкае кампраміснае рашэнне. Озвалд якраз быў вельмі зручны чалавек, каб падставіць у якасці забойцы. Страляў ён дрэнна», – казаў Эрнст Цітавец у 2017 годзе.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які пэўны час вучыў Озвалда расейскай мове, таксама не дапускаў думкі, што той забойца. Дзяржаўная камісія, аднак, прыйшла да высновы, што страляў менавіта Озвалд. Хаця ягоны матыў дагэтуль застаецца няясным.

Валянцін Васіленка, «Белсат»