Афіцэры Узброеных сілаў Беларусі павінныя быць лаяльнымі замест разумных


«ByPol» – аб’яднанне былых сілавікоў, якія адмовіліся ўдзельнічаць у рэпрэсіях рэжыму Лукашэнкі; яны апублікавалі новае расследаванне ў справе Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Галоўная выснова: з маладых абітурыентаў у акадэміі робяць не дасведчаных афіцэраў, а бязвольных выканаўцаў любых загадаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Былыя следчыя і пракуроры – удзельнікі абʼяднання «ByPol» – працягваюць расследаваць прыхаваную структуру Вайсковай акадэміі і метады апрацоўкі моладзі. У сённяшняй публікацыі яны распавялі, як кіраўніцтва акадэміі свядома не адлічвае слабых курсантаў, каб выпрацаваць з іх лаяльныя кадры. І вось хто стварыў такую сістэму.

«Генерал-маёр Іван Гардзейчык, у 2007–2015 гадах намеснік начальніка Вайсковай акадэміі, і генерал-маёр Сяргей Бобрыкаў, у 2008–2016 гадах начальнік Акадэміі», – тлумачыць «ByPol».

«Байполаўцы» са сваіх крыніцаў цытуюць кіраўніцтва Вайсковай акадэміі адносна непаспяховых курсантаў.

«Мядзведзя, калі зловяць у лесе, не пытаюць, хоча ён ездзіць на ровары ці не. Але праз месяц ён ездзіць. Пры гэтым у цырку няма дактароў і кандыдатаў навук. Забірайце і вучыце!» – такі загад даюць генерал-маёры выкладчыкам.

Курсанты слабыя, бо ў Вайсковай акадэміі гадамі недабор абітурыентаў. На складаныя спецыяльнасці, кшталту паветранай абароны і аўтаматычных сістэмаў кіравання, конкурс – менш чым 0,5 чалавека на месца. І дастаткова набраць 120 балаў з 400, каб пайсці вучыцца на афіцэра.

«Гэта паказвае статус вайскоўца ў цяперашняй дзяржаве Рэспубліка Беларусь. Усю гісторыю лукашызму войска было самай недафінансаванай структурай. Міністэрства абароны было самым недафінансаваным міністэрствам. Прыблізна на ўзроўні Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры», – нагадвае вайсковы аглядальнік «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

«Байполаўцы» распавялі, як курсантаў замест заняткаў цягаюць на хакейныя і футбольныя матчы ў якасці масоўкі, ствараюць парадныя разлікі, каб курсанты маршавалі перад Лукашэнкам на дзяржаўныя святы.

Сысці нельга, бо трэба кампенсаваць усе выплаты і налічэнні за вучобу і ўтрыманне курсанта. Сума збіраецца непадʼёмная.

«Яскравым прыкладам прадукту другога пакалення акадэміі ёсць яе абсалютна беспрынцыпная лічынка, герой нашых мінулых расследаванняў, капітан Ціхаміраў», – распавядае «ByPol».

Капітан Кірыл Ціхаміраў, які ўдзельнічаў у фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе і ў правядзенні так званага рэферэндуму ў лютым, цяпер выступае ў баявым абмундзіраванні на міжнародным узроўні.

«Наш адказ калегам з ЗСУ. Паўторым тое, што заяўлялі на ўсіх узроўнях: калі вы не хочаце з намі вайны, яе не будзе. Не правакуйце нас, не спрабуйце нас запужваць. Не нагнятайце», – заяўляў капітан у прапагандысцкім роліку УС РБ.

«Думаю, вайскоўцам ЗСУ не варта сурʼёзна ўспрымаць ягоныя словы. Звычайна Ціхаміраў носіць штодзённыя штаны з лампасамі і працірае іх у ідэалагічным аддзеле акадэміі», – кажа кіраўнік «ByPol» Аляксандр Азараў, які адказвае за законнасць і правапарадак у Абʼяднаным пераходным кабінеце Беларусі.

Канчаткова лаяльнасць Лукашэнку фіксуюць пасля сканчэння навучання, калі курсанты даюць прысягу Беларусі. Як падкрэсліваюць «байполаўцы», у 2020 годзе пасля засакрэчанай інаўгурацыі Аляксандр Лукашэнка прымаў незвычайную прысягу маладых афіцэраў.

«Словы замацаванай заканадаўствам прысягі “быць адданым свайму народу, свята трымацца Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь” зніклі, а зʼявіліся новыя: “аддана служыць прэзідэнту Рэспублікі Беларусь”», – нагадвае Аляксандр Азараў.

Навошта пагаджацца на гэта? Як тлумачыць Зміцер Міцкевіч, вялікая частка маладых хлопцаў ідзе ў Вайсковую акадэмію, каб не служыць тэрміновай службы шарагоўцам, а пасля вучобы пабыць афіцэрам, атрымаць ільготы і сысці ў запас.

«Яшчэ да пратэстаў у 2020 годзе ўжо была вялікая праблема ва Узброеных сілах Беларусі – адток маладых афіцэраў, больш за 25 % маладых спецыялістаў сыходзілі пасля першага кантракту. Нават тыя, хто пры нізкіх прахадных балах і пры гэтым узроўні падрыхтоўкі дабіраўся да гэтага войска, усё роўна сыходзілі», – распавядае Зміцер Міцкевіч.

Пры такой сістэме пабудовы лаяльных кадраў ва Узброеных сілах Беларусі застаецца шмат такіх людзей, якія не могуць знайсці сабе месца ў цывільным жыцці.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»