Міжнародны дзень псіхолага. Беларускія спецыялісты дапамагаюць пацярпелым ад гвалту


«Першы час я не мог нармальна спаць па начох, таму што з’ехаў вельмі хутка і не змог адысці ад гэтага шоку, ад усяго, што давялося перажыць… Твой сон складаецца з таго, што альбо цябе рэжуць амапаўцы, альбо ты рэжаш амапаўцаў… у гэтым трызненні ты прачынаешся», – кажа палітычны ўцякач Кірыл.

Ён так згадвае сваё затрыманне, збіццё і катаванне электрашокерам, якія зазнаў пасля леташняга маршу 23 верасня. У адказ на заведзеную крымінальную справу маладзён уцёк у Літву. Тут, у Вільні, як і дзясяткі іншых беларусаў, шукаў дапамогі псіхолага. Адмыслоўцы ж гэтае галіны адзначаюць, што давялося хутка перавучвацца, каб прыстасаваць свае веды і досвед пад запыт пацыентаў.

«Маёй спецыялізацыяй была анкапсіхалогія і праца з дзецьмі з цяжкай паталогіяй развіцця. А зараз мне даводзіцца вельмі шмат чытаць, з калегамі сваімі раіцца, як аказваць дапамогу дарослым людзям у крызісных сітуацыях», – распавяла псіхолаг Вольга Вялічка.

Беларускія медыкі стварылі ў Літве арганізацыю «Дактары за праўду і справядлівасць» і адкрылі ў Вільні цэнтр псіхалагічнай дапамогі для беларусаў, пацярпелых ад рэпрэсіяў. У першы ж месяц туды звярнуліся каля сарака дарослых і трыццаці дзяцей. З цягам часу гэтая праца даказала сваю эфектыўнасць.

Паводле сведчанняў наведнікаў цэнтра, у Літве багата людзей, каторыя былі ў стрэсе і звярталіся да псіхолага. І яны казалі, што ім, пэўна ж, дапамагло. І было відно, што мяняюцца ў лепшы бок: робяцца спакайнейшыя, больш разважлівыя, меней слёз.

«Я ведаю такіх людзей, у асноўным звяртаюцца мужчыны, часцей за ўсё – тыя, хто быў падвержаны фізічнаму гвалту. Жанчыны – радзей, бо жанчыны больш моцныя».

Вольга Вялічка адзначае, што калі не працаваць з беларускімі дзецьмі, то праз дзесяць гадоў краіна атрымае скалечанае пакаленне. Ахова здароўя, у тым ліку псіхічнага, у месцах зняволення таксама застаецца вельмі важнаю тэмаю. Дбаць жа пра свой псіхічны стан мусіць кожны:

«Калі ў вас баліць зуб – вы ідзяце да стаматолага. Калі ў вас баліць душа – трэба ісці да псіхолага… Трэба нарошчваць інтэлект і веды ў розных сферах, і трэба такім жа чынам дбаць пра свой эмацыйны інтэлект», – дадала адмыслоўца.

Дзень псіхолага быў уведзены з ініцыятывы Сусветнай федэрацыі псіхічнага здароўя ў 1992 годзе і ўваходзіць у пералік міжнародных святаў, зацверджаных ААН. Зрэшты, у беларускім спісе прафесійных святаў Дня псіхолага няма.

Марына Яновіч, «Белсат»