Паўтара мільёнаў жыхароў Украіны засталіся без святла


Расея здзейсніла яшчэ адну ракетную атаку на энергетычныя аб’екты магістральных сетак заходніх рэгіёнаў Украіны. Таксама былі атакаваныя ўсходнія і паўднёвыя вобласці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сітуацыю пракаментавалі ў прэс-службе кампаніі «Укрэнерга»:

«Маштаб пашкоджанняў супастаўны або можа перавышаць наступствы атакі 10–12 кастрычніка».

У Офісе прэзідэнта Украіны паведамілі, што ў выніку ранішніх абстрэлаў без святла засталіся амаль паўтара мільёна ўкраінцаў.

На дадзены момант вядома, што Расея атакавала Украіну сама меней дзесяццю самалётамі стратэгічнай авіяцыі Ту-160 і Ту-95 з раёну Валгадонску і Растоўскай вобласці. Гэтую інфармацыю падаюць Паветраныя сілы Украіны. Акрамя таго, абстрэл энергетычных аб’ектаў вёўся крылатымі ракетамі «Калібр» з акваторыі Чорнага мора. З 33-ох ракетаў украінцам удалося збіць 18, што складае 55 адсоткаў. Шмат гэта ці мала?..

«Задача супрацьпаветранай абароны – гэта не збіць усе ракеты. А перакрыць ахоўныя аб’екты. На жаль, у нас не ўсе аб’екты ахоўваюцца. І той колькасці сродкаў супрацьпаветранай абароны, якія Украіна зараз мае, іх недастаткова для таго, каб прыкрыць абсалютна ўсе крытычна важныя абʼекты гэтай інфраструктуры. Таму нават 50 адсоткаў – гэта ўжо поспех», – кажа падпалкоўнік запасу ўзброеных сілаў Украіны Мікалай Саламаха.

У сваю чаргу ўплывовае выданне «Washington Post», спасылаючыся на начальніка зенітна-ракетных войскаў Украіны Дзяніса Смажнага, паведаміла, што ва Украіны заканчваюцца ракеты для СПА:

«Нам неабходна замяніць нашыя старыя сістэмы, бо ў бліжэйшы час яны проста не змогуць справіцца з гэтымі пагрозамі. І ў нас заканчваюцца ракеты».

Каментуючы апошнія падзеі, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Расея не зацікаўленая ў спыненні вайны і пайшла шляхам эскалацыі:

«Калі справа даходзіць да дыпламатыі, каб скончыць вайну, – гэта цалкам залежыць ад таго, ці дойдзе Расея да таго моманту, калі яна сапраўды будзе зацікаўленая ў спыненні распачатай ёю агрэсіі. І цяпер мы не бачым ніякіх доказаў гэтага. Наадварот, мы бачым, як Расея падвойвае і патройвае агрэсію. Такім чынам, усё сведчыць, што прэзідэнт Пуцін, далёкі ад жадання займацца сур’ёзнай дыпламатыяй, працягвае рухацца ў супрацьлеглым кірунку».

Акрамя ракетных нападаў, расейцы выкарыстоўвалі і іранскія дроны. Імі быў нанесены ўдар па Чаркаскай вобласці. І вельмі сур’ёзная сітуацыя на Херсоншчыне.

Паводле інфармацыі аналітыкаў Інстытуту вывучэння вайны, расейскія акупанты паспрабуюць узарваць дамбу Кахоўскай гідраэлектрастанцыі і потым абвінавацяць у гэтым Украіну. Калі адбудзецца такое, чаго чакаць далей?..

«Левы бераг Дняпра ніжэй за правы бераг. Украінскія войскі будуць па правабярэжжы. Значыць, пры падрыве дамбы, гэта затапленне, у першую чаргу, левабярэжжа, гэта затапленне пазіцый уласных войскаў і гэта затапленне тых раёнаў, у якія цяпер акупанты імкнуцца вывесці з правабярэжжа насельніцтва Украіны», – распавядае Мікалай Саламаха.

На думку прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, такі сцэнар азначае, што расейцы надзвычай выразна ўсведамляюць, «што ім не ўтрымаць не толькі Херсон, але і ўвесь поўдзень Украіны, у тым ліку, і Крым».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат».