Хто трапіць пад новыя санкцыі Еўразвязу?


Еўразвяз увядзе новыя абмежаванні супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за арганізацыю міграцыйнага крызісу. Пад санкцыі могуць трапіць фізічныя асобы і кампаніі.

Такое рашэнне прыняла Рада Еўразвязу па выніках двухдзённага саміту. Сітуацыя на ўсходняй мяжы Аб’яднанай Еўропы ўсцяж трывожная. Польскія памежнікі выявілі сёння новы труп мужчыны без дакументаў у прымежнай зоне.

У салоне самалёта «Белавія» рэйсам Дубай – Менск некалькі дзясяткаў мужчынаў. Такія самалёты штодня прызямляюцца ў менскім аэрапорце. Відэа, як падобныя мужчыны штурмуюць польскую ці літоўскую мяжу, таксама зʼяўляюцца ледзь ні штодня.

За апошнія содні літоўскія памежнікі перадухілілі пяцьдзясят сем спробаў мінання мяжы з боку Беларусі, а польскія – шэсцьсот трыццаць тры спробы.

Каб спыніць плыню мігрантаў, сёння, у другі дзень саміту Еўразвязу, шэраг краінаў, у тым ліку Польшча, Літва і Латвія, прапанавалі прафінансаваць будоўлю сцяны на межах Еўразвязу.

«Мы мусім таксама казаць пра фізічны плот ці фізічную мяжу, якая вельмі неабходная як кароткатэрміновая мера, каб зладзіць з гэтым крызісам, бо ніхто ня ведае, што будзе заўтра. Можа, будуць тры, чатыры, пяць тысяч мігрантаў, якія застаюцца на мяжы адначасова», – заявіў прэзідэнт Гітанас Наўседа.

Ідэю памежнага плоту Рада не ўхваліла, але пастанавіла выдаткаваць сродкі на спыненне плыняў нелегальнае міграцыі і ўвесці чарговыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Міграцыя – гэта інструмент палітычнага ціску на Еўразвяз. Мы будзем далей ціснуць на рэжым Лукашэнкі. Будзем уводзіць візавыя абмежаванні для рэжыму і яго атачэння. Мы гатовыя разглядаць магчымасці санкцыяў не толькі супраць фізічных асобаў, але і супраць кампаніяў і фірмаў», – падкрэсліла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Пра неабходнасць увядзення санкцыяў супраць кампаніяў, датычных нелегальнай міграцыі, сёння заявіла Міністэрства замежных справаў Нямеччыны. Паводле інфармацыі нямецкага МЗС, апошнія тыдні колькасць прамых рэйсаў у Менск з Дамаску, Бэйруту, Аману, а таксама рэйсаў праз Турцыю і ААЭ значна павялічылася. А з пачатку жніўня ў Нямеччыну праз Беларусь і Польшчу трапілі больш за 4 тысячы мігрантаў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»