Кавалеўскі: «Лукашэнка нас уцягнуў у гэтую злачынную авантуру – вайну супраць Украіны»


«Адзін з сябраў-заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў – сталы чалец рады бяспекі – парушае асноўныя прынцыпы ААН». Гэтак прэмʼер Канады казаў пра Расею, якая згадваецца ў прамовах бальшыні дэлегатаў 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У выступе прадстаўніцы вольнай Беларусі – таксама. Ціханоўская таксама сустрэлася з намесніцаю дзяржсакратара ЗША Узрай Зэяй.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пазіцыя Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў, што да Беларусі, павінная быць значна больш актыўнай і рашучай – такую тэзу на сустрэчах у ААН падкрэсліваюць прадстаўнікі вольнай Беларусі.

Святлана Ціханоўская ад панядзелку ў межах сесіі ААН у ЗША правяла шэраг сустрэчаў у пытаннях правоў чалавека, удзелу Лукашэнкі ў вайне, беларускіх палітвязняў.

«Абмяркоўваюцца пытанні фактычна незалежнасці нашай краіны, якая апынулася пад пагрозаю праз тое, што Лукашэнка нас уцягнуў у гэтую злачынную авантуру – вайну супраць Украіны ў прыватнасці ААН, каб дапамагчы ў нашай сітуацыі», – заявіў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных стасунках Валерый Кавалеўскі.

Пасля абвешчання пуцінскай мабілізацыі Абʼяднаны Пераходны Кабінет звярнуўся ў тым ліку да ААН. Агулам заява скіраваная ў трох напрамках. Ад Расеі Кабінет патрабуе вывядзення войскаў з Беларусі і закрыцця там ваенных абʼектаў. Ад рэжыму – выхаду з вайсковых і эканамічных саюзаў з Расеяй і будавання новай рэгіянальнай сістэмы бяспекі. Ад міжнародных арганізацыяў – крокаў у забеспячэнні незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі.

«Белсат» пацікавіўся ў прадстаўніка Кабінету, якая работа вядзецца пасля публікацыі заявы. Перадусім, вяртанне інтарэсаў Беларусі ў павестку ўсіх перамоваў, якія датычаць бяспекі ў рэгіёне,як заявіў Павел Латушка. Па-другое, уключэнне Беларусі ў датычныя бяспекі ў рэгіёне дакументы.

«Канкрэтна, напрыклад, Кіеўская дамова па гарантыях бяспекі, якая была прапанаваная на мінулым тыдні. Гэта праект дамовы, у якім не згадваецца тэма Беларусі. Бо калі Беларусь будзе пад панаваннем Лукашэнкі ці яна страціць суверэнітэт і незалежнасць і будзе знаходзіцца пад акупацыяй Расеі, гэта будзе пагрозай для бяспекі і суверэнітэту Украіны», – кажа Павел Латушка.

На 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН прамаўляў і прадстаўнік рэжыму Беларусі – Уладзімір Макей – заклікаў зняць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў.

Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі:

«Мы падзяляем заклік прэзідэнта ЗША, што збожжавая ініцыятыва, створаная пры падтрымцы Генеральнага сакратара ААН, павінная працаваць. Беларусь таксама падзяляе меркаванне, што ўгнаенні важныя ў фермерскіх гаспадарках, каб пазбегнуць голаду. Заклікаем да зняцця санкцый з беларускіх угнаенняў».

Вызваліць палітвязняў, прызнаць паразу Лукашэнкі ў выбарах і вывесці расейскія войскі з Беларусі Уладзімір Макей не абяцаў. На думку прадстаўнікоў дэмакратычнай часткі беларускага грамадства.

«Не вельмі правільнае рашэнне запрашаць Макея, які не прадстаўляе беларускі народ, на такое важнае абмеркаванне. Вельмі важна каб такія платформы давалі слова беларускаму народу, звярнуць увагу на тыя злачынствы, якія рабіў Лукашэнка і яго рэжым на працягу гэтых двух гадоў, што прывяло насамрэч да гэтага рэгіянальнага канфлікту? За яго адказны Лукашэнка і людзі, якія яму служаць. Такія як Макей», – заявіў Кавалеўскі.

Удзельнічае чыноўнік і ў сесіі «Падтрыманне міру і бяспекі Украіны».

Юлія Цяльпук, «Белсат»