Цяпер замежнай бульбы на беларускіх прылаўках стане значна больш. Паводле апошняй справаздачы Белстату, са студзеня па ліпень імпарт гэтай культуры павялічыўся больш як на траціну. Краіны паставак між іншага – Ізраіль, Іран, Літва, Украіна.
«Сёлета шматлікія вобласці скарацілі пасяўныя плошчы зерневых, бульбы, агародніны, ільна, кармавых культур», – кажа былы старшыня калгасу, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі.
Бульба – энергаёмкая культура, кажа Пётр Мігурскі. Скарачаеш плошчы – суадносна скарачаеш і выдаткі на вытворчасць. Толькі ў гомельскім раёне замест ранейшых 200 з плюсам цэнтнераў за гектар, атрымалі ўсяго 137. І падобная сітуацыя па ўсёй краіне. Але ж сёлетні неўраджай мае і іншую прычыну – кліматычную, лічыць наш іншы суразмоўца дырэктар па развіццю парталу «Potatoes news» Віктар Кавалёў.
«Нясвоечасовае паліванне прывяло да таго, што наўпрост у тых рэгіёнах, дзе была засуха, анамальная спёка стаяла таксама, як і ў цэнтральных рэгіёнах Расеі, прывяло да таго, што ўраджайнасць знізілася на 30-35 % ад запланаванай ураджайнасці ў цэлым», – кажа Віктар Кавалёў.
Адсюль – скарачэнне экспарту на амаль тую ж траціну. Пры гэтым ва Украіну мы прадавалі бульбу танней, чымся набывалі: па цане 21 цэнт супраць 28-мі.
«Тут можа быць экспарт, які з’яўляецца значна больш таннейшым, чым тыя цэны, якія існуюць на ўнутраным рынку Беларусі. Гэта ня толькі пра бульбу, але і пра іншыя тавары, на якія беларускі ўрад дэмпінгуе цэны, каб крыху валюты зарабіць», – лічыць кіраўнік даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.
Кошты на бульбу ўжо цяпер зазналі рост. Бо цяпер кіло бульбы каштуе вышэй за рубель. Мы параўналі некалькі папулярных крамаў і вось якія вынікі: леташняя бульба ў «Гіппо» каштуе амаль 2 рублі за кіло, сёлетняя – танней на 16 капеек.
Самая буйная сеціўная крама Беларусі «Евроопт» аказалася крышу больш лаяльнай да пакупнікоў – беларуская бульба тут каштуе прыкладна ад рубля 30капеек да рубля 60 капеек за кіло. Сецявік «Копеечка» сваёй назве адпавядае менш, чым звычайная крама баранавіцкая крама «Узлесак» – рубель і дзевяць капеек супраць 99-ці капеек.
«Бульба разам з іншымі спажывецкімі таварамі будзе станавіцца ўсё больш далікатэсам. Перш за ўсё для бюджэтнікаў, для пенсіянераў, якія вось так падтрымліваюць сацыялізацыю і савецкі лад нашай эканомікі», – кажа Яраслаў Раманчук.
І ўсё ж такі: калі ўжо не будзе бульбы з мясам, то хоць рыба застанецца? Застанецца, запэўнівае Яраслаў Раманчук. Месяц таму беларускі ўрад спісаў для рыбгасу ўсе пазыкі. Ну а ўжо ці з бульбай, ці, напрыклад, з рысам або макаронамі – пытанне густу.
Надзея Бельская, «Белсат»