Хто абароніць абаронцаў?


На слуханнях у Кангрэсе ЗША абмяркоўвалі тэму знішчэння інстытуту адвакатуры і сумленных судоў у Беларусі. Што праўда, нават пры новых папраўках у законе адвакаты знаходзяць спосаб працаваць. А пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі ў Беларусі Антон Гашынскі стаў адвакатам у Расеі.

Юрыста Антона Гашынскага пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі ў Беларусі, а ён атрымаў яе ў Расеі ды мае намер надалей бараніць беларусаў.

«Калі грамадзяне Рэспублікі Беларусь будуць звяртацца па юрыдычную дапамогу, то гэтую дапамогу я буду аказваць таксама без абмежаванняў», – падкрэсліў адвакат.

Антон Гашынскі ў Беларусі вёў палітычныя працэсы, у тым ліку быў абаронцам расейцаў: Соф’і Сапегі, захопленай у траўні разам з Раманам Пратасевічам, і палітзняволенага Ягора Дуднікава, якога вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Ліцэнзіі яго пазбавілі ў ліпені – нібыта за парушэнні патрабаванняў да адвакацкай дзейнасці.

«Крымінальныя справы Софʼі Сапегі і Дуднікава знаходзяцца ў Следчым камітэце. Яны расследуюцца. Я спадзяюся, што паспею ўступіць у гэтыя працэсы і ажыццяўляць іх абарону як расейскі адвакат і суправаджаць іх экстрадыцыю, калі такая будзе адбывацца на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі», – запэўніў Антон Гашынскі.

Беларусы, аднак, не могуць разлічваць на справядлівую і прынцыповую абарону адвакатаў ні з расейскай, ні з беларускай ліцэнзіяй. Бо беларускія суды цалкам залежаць ад выканаўчай улады, лічыць былы адвакат, а цяпер праваабаронца.

«Мужных адвакатаў вельмі мала засталося ў Беларусі. Іх усіх выціскаюць, як пасту з цюбіка, каб чыніць падобнага роду расправы над тымі, хто актыўна ўдзельнічае ў супраціве мірнымі сродкамі», – падкрэсліў Гары Паганяйла.

Пра пазбаўленне грамадзянаў права на справядлівы суд і пераслед юрыстаў распавёў падчас слуханняў у Камісіі правоў чалавека Кангрэсу ЗША былы адвакат, а зараз прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі:

«Цягам апошняга года каля 30 юрыстаў былі выключаныя з калегіі адвакатаў. Яны абаранялі пратэстоўцаў, актывістаў, журналістаў, а таксама тых адвакатаў, якія актыўна выказвалі сваю пазіцыю. Гэта значная лічба, бо колькасць адвакатаў, якія займаліся «палітычнымі» справамі, ацэньвалася прыкладна на 150 чалавек».

Каб абараніць адвакатаў, іхных падабаронных і аднавіць правасуддзе ў Беларусі, дэмакратычныя сілы заклікаюць міжнародную супольнасць пачаць расследаванне злачынстваў беларускага рэжыму, ужываць міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека і не запрашаць на афіцыйныя сустрэчы Лукашэнку і прадстаўнікоў улады – да пачатку рэальнага дыялогу з грамадствам.

Ігар Станкевіч, «Белсат»