Украіна: баі на такмакскім кірунку


Недалёка ад лініі фронту ў Запарожская вобласці ўкраінскія жаўнеры 47-й асобнай механізаванай брыгады зладзілі эвакуацыю з зоны баявых дзеянняў у сяле Работына шасцярых цывільных. Людзі заставаліся пад расейскай акупацыяй цягам амаль 18 месяцаў.

«Дачушка, прывітанне, нас вывезлі. Мы ўжо ўдома», – не хавае эмоцыяў жыхарка Работына Аксана Храпач.

Сёння намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што войскі ЗСУ з боем увайшлі ў Работына. Інстытут вывучэння вайны называе поспех на гэтым кірунку тактычна істотным. Работына ляжыць на дарозе ў бок Такмаку – важнага чыгуначнага і аўтамабільнага вузла. Захоп якога можа адкрыць шлях да Азоўскага мора.

«Такое прасоўванне паказвае, што наступленне ёсць. Так, яно няхуткае. Так, яно цяжкае, але яно ёсць, – разважае вайсковы эксперт, былы супрацоўнік службы бяспекі Украіны Іван Ступак. – Хутчэй за ўсё, гэта прымусіць расейскіх вайскоўцаў забіраць часткі сваіх рэзерваў з усходу – з Купянску, з Ліману, там, дзе яны цяпер спрабуюць ціснуць».

Між тым уначы зноў неспакойна было ў Расеі. Улады Масквы справаздачацца пра два збітыя беспілотнікі.

«Нястрашна было, але ведаеце, неяк не прызвычаіліся. Такі, ведаеце, шокавы стан, так бы мовіць», – кажа Ігар, жыхар падмаскоўнага Краснагорску.

Гэта ўжо пятая запар ноч, калі беспілотнікі атакуюць Маскву і ваколіцы. На думку Івана Ступака, тыя напады пераследуюць цэлы шэраг мэтаў. Атака на Рублёўку – дэманстрацыя расейскай эліце, што яна не абароненая. Удар па Масква-Сіці – спроба паступова падарваць дзелавую актыўнасць у Расеі. Ёсць і яшчэ некалькі мэтаў.

«Паказаць, што вайна не ў YouTube, вайна не ў Telegram, яна – рэальная. Вам прылятае, падае, выбухае – вы павінны гэта адчуць, – упэўнены Іван Ступак. – Ну, і не варта забываць, што на паўднёвым усходзе Масквы, дзе шмат было выбухаў, размяшчаецца акадэмія ФСБ, штаб-кватэра службы вонкавай выведкі. Гэта значыць, цэляў для ўдараў невядомымі беспілотнікамі больш чым дастаткова».

Зрэшты, апошнімі днямі пад удар трапіла не толькі Масква. Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны заявіла пра некалькі расейскіх самалётаў, знішчаных на аэрадромах Наўгародскай і Калужскай вобласцяў з дапамогаю дыверсійных групаў. Сярод самалётаў – два дальнія звышгукавыя ракетаносцы-бамбавальнікі Ту-22М3.

Распаўсюджаныя сёння спадарожнікавыя здымкі лётнішча ў Сальцах пацвярджаюць, што адзін з самалётаў сапраўды згарэў або прынамсі моцна пацярпеў. У выніку расейцы мусілі прыбраць з гэтага аэрадрому іншыя самалёты.

«Згарэў самалёт, згарэла ракета, згарэў лётчык, згарэў склад з гаруча-змазачнымі матэрыяламі – гэта ўсё добра. Але гэта не асноўнае, – разважае кіраўнік праграмаў бяспекі Цэнтру глабалізму «Стратэгія XXI» Паўло Лакійчук. – Галоўнае, што расейцаў мы прымушаем перадыслакавацца як мага далей ад Украіны».

Згодна Паўлу Лакійчуку, авіяполк, які базаваўся ў Сальцах, цяпер перамясцілі ў ваколіцы Мурманску, што мусіць ускладніць расейцам абстрэл тэрыторыі Украіны.

Ян Федаровіч, «Белсат»