Уладзіміра Сямашку на пасадзе пасла Беларусі ў Расеі замянілі Дзмітрыем Крутым


Эра Уладзіміра Сямашкі – хіба што ўсё. Свой пост пасла Беларусі ў Расеі ён саступіў маладзейшаму калегу Дзмітрыю Крутому. Гэтую пасаду Сямашка займаў амаль пяць гадоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Адыход Сямашкі з пасады амбасадара – гэта не адыход увогуле з палітычнага жыцця, калі толькі ў яго няма праблемаў са здароўем», – кажа палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Праблемы са здароўем Сямашка сапраўды мае. Сёлета ўзімку з сардэчным прыступам яго забралі ў маскоўскі шпіталь. Праз пяць месяцаў ён пакінуў свой пост. Але, як сцвярджае Павел Латушка, асабіста знаёмы з Сямашкам праз былыя палітычныя справы, той даволі працавіты – і пры гэтым жорсткі, прынцыповы дзяржаўны дзеяч. А для Лукашэнкі Сямашка – давераная асоба. І таму, бадай, ягонае палітычнае жыццё не скончыцца.

«Пра яго хадзіла шмат чутак. Пра гэта казалі нават ва ўрадзе, аб тым, што ён кантралюе бізнесы ў прыватных інтарэсах. Ці гэта так, ці не, доказаў я не маю, але тое, што такія чуткі пастаянна кружылі – гэта факт», – узгадвае кіраўнік Народнага антыкрізіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Пра ўдзел Сямашкі ў гэтак званых шэрых схемах кажа і Дзмітрый Балкунец, які называе яго чальцом клану Лукашэнкі:

«Сямашка ж быў аўтарам схемы з нафтапрадуктамі. У выніку чаго ўлады Беларусі здолелі зарабіць, не выплачваючы мытаў у расейскі бюджэт. Там была ладная сума, і нават у Расеі была распачатая крымінальная справа, але Сямашку ніхто не арыштаваў».

Замест гэтага Сямашка толькі ішоў вышэй кар’ернай лесвіцаю. Ад галоўнага інжынера заводу «Інтэграл» у дзевяностых, праз намесніка прэм’ера Беларусі, да пасла ў Расеі. Дзе, як сцвярджае Дзмітрый Балкунец, мае даволі моцныя сувязі з кіраўніцтвам «Газпрому». Пераемнік жа Сямашкі – Дзмітрый Круты – пахваліцца гэткімі сувязямі не можа, але ж мае свой бэкграўнд. У 2019 годзе, калі быў міністрам эканомікі, кіраваў працоўнай групай інтэграцыі Расеі і Беларусі. Распрацоўванне дарожных картаў – дваццаць восем пунктаў, пасля якіх Беларусь амаль што развіталася з уласнай незалежнасцю – ягоная заслуга.

«Не думаю, што варта там шукаць, які чалавек там распрацоўваў, які чалавек меў менш дачыненняў да беларуска-расейскіх стасункаў. Той ці іншы чыноўнік так ці іначай на пэўным узроўні ўжо меў дачыненні да беларуска-расейскіх стасункаў, ведаў эканамічныя праграмы – цалкам ён можа быць амбасадарам Беларусі ў Расеі», – лічыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Павел Латушка ж бачыць у гэтым пэўную небяспеку. Круты ніколі не вылучаўся сваёй палітычнай пазіцыяй, ніколі не выступаў за суверэнітэт уласнае краіны, таму на новай пасадзе можа лёгка трапіць пад уплыў Масквы, лічыць былы дыпламат.

«Ён будзе таксама, вядома ж, адданы і Лукашэнку. Таму ён не будзе той фігурай, якая можа стаць, напрыклад, на абароне інтарэсаў беларускага народу, на абароне незалежнасці нашай Беларусі. Ён хутчэй будзе так старацца гуляць такім флюгерам, каб задаволіць усіх», – кажа Павел Латушка.

У беларускім палітычным полі Дзмітрый Круты, сапраўды, нічым не запомніўся: ні паспяховымі праектамі, ні нейкімі рэформамі. Хіба што цяпер ён самы малады беларускі амбасадар – сорак адзін год.

Надзея Бельская, «Белсат»