Татальная зачыстка. Што вядома пра затрыманых па стане на 22 ліпеня


Статус уцекача ў Польшчы сёлета папрасілі 667 беларусаў. У самой жа Беларусі расце лік палітычных вязняў. У сумны спіс дадаліся яшчэ 8 асобаў. Такім чынам палітычных зняволеных цяпер 587.

Не спыняецца пераслед незалежных журналістаў і тых, хто браў удзел у пратэстах супраць рэжыму. Каця Малей працягне.

Байца Аляксея Кудзіна, якога ў Беларусі вінавацяць за напад на міліцыянтаў падчас пратэстаў летась у жніўні, патаемна даставілі самалётам з Масквы ў Менск. Нягледзячы на тое, што Еўрапейскі суд правоў чалавека забараніў экстрадаваць спартоўца, апеляцыйны суд расейскае сталіцы пакінуў у сіле пастанову аб ягонай выдачы. Цяпер Аляксей Кудзін – у СІЗА № 1 у Менску.

«Я буду трымацца і даставаць свайго мужа з турмы! Вельмі хутка мы з ім убачымся! Як і многія сем’і з людзьмі, якія незаконна асуджаныя і пасаджаныя ў трумы. Я адна з многіх, на жаль», – дзеліцца жонка Аляксея Таццяна.

Hавiны
Цяпер афіцыйна. Расея выдала спартоўца Кудзіна беларускім сілавікам
2021.07.22 17:58

У СІЗА на Валадарскага перавялі ўначы і галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча. Хоць учора і скончыўся 72-гадзінны тэрмін паўторнага затрымання. Пад вартаю застаецца і хворы на дыябет кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынгу гэтага выдання Андрэй Скурко. Абодвух прызналі палітычнымі вязнямі.

«Цяпер бяда прыйшла ў нашу сямʼю. І я вельмі прашу аб дапамозе і падтрымцы. Напішыце Ягору ліст (лепш адпраўляць заказным з пошты) ці адпраўце паштоўку, тэлеграму, пасылку… Адрас: 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1. Марціновічу Ягору Аляксандравічу. Мы заўсёды стараліся дапамагаць палітвязням, спадзяюся, людзі падтрымаюць Ягора ў такі цяжкі час», – піша ў сваім Фэйсбуку жонка Ягора Марціновіча Адарʼя Гуштын.

Абноўлена
Зачыстка па ўсёй Беларусі працягваецца. Сёння – Менск, Глыбокае, Докшыцы
2021.07.22 12:58

З панядзелка ў ізалятары на Акрэсціна галадае на знак пратэсту журналістка радыё «Свабода» Іна Студзінская. На праблемы са здароўем жанчына не скардзіцца і трымаецца бадзёра. Яе разам з калегамі Алегам Груздзіловічам і Алесем Дашчынскім затрымалі 16-га ліпеня.

«Мы ездзілі з жонкай Алеся Дашчынскага разам і перадалі перадачы. Перадачы ўзялі. І якраз у гэты час прыйшла адвакат да Алега. Я з ёй успела перагаварыць да ўваходу і пасля я запыталася, ці вядома, па якім артыкуле абвінавачваюць, яна сказала – не», – кажа жонка Алега Груздзіловіча Марыянна.

Ужо дзвесце дзён застаецца за кратамі берасцейская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк. З СІЗА яна даслала мужу Андрэю каля 20-ці лістоў, дайшлі да адрасата толькі два.

«Ну вось такія адносіны да палітвязняў у нашых турэмшчыкаў, што яны нават баяцца перадаць ім лісты падтрымкі. Толькі ўчора ў Паліны быў адвакат. Яна сябе пачувае добра. Стала вядома, што днямі, хутчэй за ўсё, яе перавядуць з Берасцейскага СІЗА ў СІЗА Баранавічаў. І таксама стала вядома, што апеляцыя ў ейнай справе адбудзецца 27 ліпеня. І пасля гэтага яна, хутчэй за ўсё, будзе скіраваная ў Гомельскую турму», – мяркуе муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Hавiны
Паліна Шарэнда-Панасюк ужо 200 дзён за кратамі
2021.07.22 15:46

Адсутнасць матраца, бялізны і прагулак, святло цягам усёй ночы, кайданкі… Праваабаронца Васіль Палякоў апісаў факты катаванняў і бесчалавечнага абыходжання ў ІЧУ падчас апошняй ягонай адседкі і накіраваў скаргу ва Упраўленне ўнутраных справаў.

«Гэта людзі – непасрэдна выканаўцы. І яны самі не разумеюць, што робяць у тым сэнсе, што няма адпаведнай кампетэнцыі. Ніхто не кажа пра канвенцыю супраць катаванняў… Насамрэч яны будуць несці адказнасць, калі факты катаванняў будуць даказаныя і ўскрытыя», – упэўнены праваабаронца Васіль Палякоў.

З мінулага тыдня ў «пратэставы» дом на праспекце Дзяржынскага 119 прыходзяць сілавікі: людзі ў масках з заплечнікамі ходзяць па кватэрах і падʼездах. Няпрошаныя госці завіталі і да жыхароў мікрараёну Уручча. На ўмовах ананімнасці нам расказалі, як гэта было:

«Статусу не было, а вось нейкі артыкул пра тэрарызм быў. Я даведаўся ад калегаў, што ў іх таксама быў вобшук, да іх таксама прыходзілі. Мяркую, што ім даводзяць зверху шукаць нейкія схаваныя ячэйкі».

«Я зразумеў, што гэта будзе проста агляд, іначай яны б мне дзверы выламалі».

У межах крымінальнага артыкулу за распальванне варожасці з ператрусам прыйшлі да журналісткі з Глыбокага Таццяны Смоткінай. На экспертызу забралі тэлефон і сістэмны блок.

«Адбываецца невядома што, і, напэўна, 90 % тых, хто сядзіць, канечне ні ў чым не вінаватыя. І журналістаў саджаюць ні за што, можна сказаць. Але калі ад іх ідзе такі пасыл, выціснуць нас усіх з краіны, то мы, напэўна, наадварот, павінныя тут быць і нешта рабіць», – разважае журналістка-фрылансерка Таццяна Смоткіана.

Артыкулы
«Не спыняцца і не апускаць рук!» Распавядаем пра Ігара Ільяша – затрыманага журналіста «Белсату»
2021.07.22 14:30

Два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову – гэтак званую «хімію» – запатрабаваў пракурор для Дзмітрыя Скрыпка за абразу прэзідэнта. Паводле абвінавачання, у тэлеграм-канале мужчына апублікаваў непрыстойны каментар пад відэа з выступам Лукашэнкі. Скрыпко віну прызнае. Маўляў, быў у эмацыйным стане праз прапаганду і дрэнныя навіны. Вырак Марына Запаснік агучыць 27-га ліпеня ў судзе Ленінскага раёну сталіцы.

Каця Малей, «Белсат»