Польшча дапамагла Літве ў сітуацыі з нелегальнай міграцыяй


У Вільню прыбыў першы з двух пакетаў гуманітарнай дапамогі ад Польшчы: пераважна намёты, раскладушкі і коўдры для замежнікаў, якія нелегальна трапляюць у Літву з тэрыторыі Беларусі.

Статыстыка памежнай службы суседкі несуцяшальная: у яшчэ няскончаным ліпені лік мігрантаў амаль у 4 разы большы, чым у чэрвені.

Транзітам праз Літву дабрацца да Заходняй Еўропы і распусціцца ў натоўпе – мэта бальшыні нелегальных мігрантаў, якія з беларускага боку арганізавана бягуць на літоўскі. За апошнія содні – яшчэ 110 асобаў, пераважна грамадзянаў Іраку. Цягам ліпеня затрымалі 1677 мігрантаў. У чэрвені было 473, у траўні 77, 70 – у красавіку, а ў сакавіку – толькі 8.

Намеснік міністра ўнутраных справаў Літвы Арналдас Абрамавічус:

«Сітуацыя драматычна змянялася цягам чэрвеня. У першай палове ліпеня плынь нелегальных мігрантаў моцна вырасла. 12-га мы папрасілі актываваць механізм абароны Еўрапейскага Звязу ў справе грамадзянскай аховы, на які адгукнуліся на гэты момант каля дзесяці краінаў, і ў максімальна кароткія тэрміны Літва атрымала дапамогу са Швецыі, Харватыі. Сёння можна падзякаваць Польшчы за хуткую рэакцыю на нашую просьбу».

Намёты з абсталяваннем, коўдры, раскладныя ложкі, электрагенератары ад Польскай дзяржаўнай агенцыі «Рэзерв» на суму больш чым € 160 тыс. у Вільні сустрэлі з удзячнасцю. Часовая павераная ў справах Польшчы Анна Казлоўска-Слупэк лічыць дапамогу натуральным жэстам салідарнасці.

«Сёння перадаем адзін з двух гуманітарных пакетаў для Літвы ў межах двухбаковай супрацы. Нашыя Міністэрствы абароны знаходзяцца ў цеснай супрацы з Літоўскімі. Нашыя памежныя службы таксама рэагуюць на міграцыйныя хвалі з боку нашай суседкі – Беларусі. (…) Мы цяпер стаім плячо ў плячо з літоўскім бокам як суседзі, партнёры і як сябры», – заявіла яна.

Польшча і Латвія якія мяжуюць з Беларуссю, таксама заўважылі рост плыні на свае тэрыторыі «незапрошаных» замежнікаў з Іраку, Конга, Камеруну, Гвінеі, Сірыі, Афганістану…

Але не ў такой колькасці, як Літва. Другога ліпеня краіна абвесціла «экстрэмальнае становішча» і праз тыдзень пачала ўзводзіць 550-кіламетровую калючую агароджу на мяжы з Беларуссю. Кошт «сцяны» ацанілі ў € 40 млн.

Гэта беларускі палітычны рэжым надзьмухвае Еўропу нелегальнымі мігрантамі, што з’яўляецца «гібрыднаю агрэсіяй», лічаць у Вільні. Партнёры давяраюць высновам Літвы.

«Калі пагледзіце на тое, што адбываецца на беларуска-літоўскай мяжы, пабачыце: з аглядкаю на Канвенцыю аб уцекачах Лукашэнка ў пэўным сэнсе робіць палітыку, што непрымальна», – заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.

На заклік канцлерка Нямеччыны ў Еўразвязе распрацуюць агульныя правілы надання прытулку – у супрацы з Вярхоўным камісарам ААН у справах уцекачоў.

Аляксандр Лукашэнка напярэдадні адказаў на закіды з Еўропы, што пасля ўведзеных ЕЗ санкцыяў Беларусь не будзе дапамагаць Літве са стрыманнем мігрантаў. Адная справа не стрымліваць, іншая – заахвочваць іх, кансультаваць і завозіць у памежны лес, на чым зарабляе ланцуг арганізацыяў – цвердзяць літоўскія службы.

Вартаўнікоў мяжы не пусцілі ў адпачынкі, пашырылі іхны штат і мадэрнізавалі абсталяванне, што таксама каштуе грошай.

Арналдас Абрамавічус дадаў:

«Узмацненне памежнага рэжыму спрыяе і змяншэнню абʼёму кантрабанды ці то папяросаў, ці то алкаголю, ці то паліва».

Літоўскія мытнікі за паўгода спынілі кантрабанду цыгарэт амаль на € 31,8 млн. 75 % чорнага тавару – беларускай вытворчасці, ня гледзячы на змяншэнне праз пандэмію і санкцыі гандлёвага трафіку Беларусь-Еўразвяз.

Нелегальныя людзі, аднак, праблема больш сурʼёзная. Хоць ёсць і такія, якіх Еўропа акурат прымае – палітычныя ўцекачы з Беларусі, – акцэнтавала «Белсату» Анна Казлоўска-Слупэк:

«У супрацы З Літвою Польшча ўсё яшчэ трымае адкрытымі гуманітарныя калідоры для тых, хто зазнаў рэпрэсіі ў Беларусі. Такія асобы ўсё яшчэ могуць падаць заяву на атрыманне гуманітарных віз у Польшчы і Літве. Гэта застанецца нязменным».

Заўтра ж з Варшавы ў Вільню прыбудзе другі пакет дапамогі – ад Міністэрства абароны краіны. Дадаткова Польшча накіруе патрульнае аўта і 30 функцыянераў, якія будуць дапамагаць Літве ў абароне мяжы з Беларуссю.

Юлія Цяльпук, «Белсат»