Менск – Ерэван: чарговы віток палітычнага крызісу


З-за кратаў – вызваліць, палітычны прытулак даць. Такое рашэнне прынялі ў справе беларуса, якога затрымалі ў Арменіі. Рэжым Лукашэнкі пераследаваў Максіма Вайткявічуса за ўхіленне ад войска, аднак вядома, што хлопец раней адбываў 14 содняў арышту за ўдзел у пратэстах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Лукашэнка сваімі словамі, сваім візітам у Азербайджан шмат у чым справакаваў Арменію. А Арменія доўга не чакала з адказам», – лічыць каардынатар «Нашае візіі» Вадзім Мажэйка.

Напярэдадні лукашэнкаўскае МЗС уручыў ноту пратэсту часова паверанаму ў справах Арменіі ў Беларусі.

«У Лукашэнкі асабліва няма варыянтаў, што тут адказаць. Бо што ён зрабіць? Пачне падтрымліваць вайсковага праціўніка Арменіі? Так ён ужо гэта робіць. Таму Арменія і далей будзе выдаваць Лукашэнку аплявухі, а ён, акрамя як цярпець, ужо не мае магчымасцяў», – распавёў Вадзім Мажэйка.

Падзеі разгортваюцца на фоне крызісу ў стасунках паміж афіцыйнымі Менскам і Ерэванам. Лукашэнка пастаўляў зброю Азербайджану падчас канфлікту ў Нагорным Карабаху. Не зважаючы на саюзніцкі статус Арменіі з АДКБ.

«Я заяўляю, што далей не буду ездзіць у Беларусь. Пакуль прэзідэнт у Беларусі – Аляксандр Лукашэнка. І ўвогуле, заяўляю, што з гэтага часу ніводзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі ў Беларусь не паедзе», – заяўляў прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян.

Дэмарш супраць афіцыйнага Менску – дэманстрацыя намаганняў выйсці з-пад сферы ўплыву Расеі, мяркуе эксперт з Арменіі.

«Арменія ўзяла курс на дыстанцыяванне ад Расеі і яе сатэліту. Яна хоча зблізіцца з тымі краінамі, з якімі мае агульныя каштоўнасці, мэты і інтарэсы. Астатняе – гэта проста этапы на гэтым шляху», – распавёў палітычны аглядальнік з Арменія Рубэн Мэграб’ян.

Падліла алею ў агонь і сустрэча міністра замежных справаў Арменіі Арарата Мірзаяна са Святланаю Ціханоўскаю. Дачыненні паміж афіцыйным Ерэванам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, у адрозненне ад рэжыму Лукашэнкі, цяплеюць.

«Гэта чыста прагматычны інтарэс, бо тут вядзецца пра 10 мільёнаў беларусаў, якія змагаюцца за сваю свабоду і цярпяць ад гэтай крывавай дыктатуры», – дадаў Рубэн Мэграбʼян.

Па выніках сустрэчы Ціханоўская выказала спадзяванне на працяг шчыльнай супрацы паміж Арменіяй і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»