Будзьце асцярожныя на вадзе!


Санэпідслужба абмежавала купанне ўжо ў 11 месцах Беларусі. На мінулым тыдні іх было 9. Закрылі некаторыя пляжы ў Салігорскім раёне, у Жлобіне, Магілёве ды іншых рэгіёнах. Але вада пагражае не толькі інфекцыямі. 13 чалавек патанулі ў Беларусі толькі на гэтым тыдні. А з пачатку купальнага сезону – з 1 траўня – колькасць тапельцаў сягнула ўжо 60.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Асноўная прычына няшчасных выпадкаў – гэта купанне ў нецвярозым стане і ў непрыстасаваных, забароненых або стыхійных месцах», – адзначыў памочнік міністра, прэс-сакратар Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі Яўген Бараноўскі.

Вось толькі некалькі прыкладаў:

  • 10 чэрвеня ва Ушацкім раёне знайшлі ў возеры цела мужчыны. Глыбіня вады ў тым месцы меншая за паўтара метра.
  • 5 чэрвеня каля вёскі Астравок-1 на Гарадзеншчыне з Нёмну дасталі тапельца.
  • 4 чэрвеня ў возеры Карпілаўскім у Жлобіне патанулі двое падлеткаў.
  • Яшчэ адзін хлопчык загінуў у сажалцы ў Клімавічах напачатку траўня.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі Аляксандр Сухадольскі нагадаў: дзіця каля вады мусіць быць пад пільнай увагай дарослых.

«Павінны дзеяць прынцып выцягнутай рукі: дзе дзіця – там і вы. Выратавальныя камізэлькі, нарукаўнікі, іншыя прылады не гарантуюць бяспекі. Гарантам бяспекі дзіцяці з’яўляюцца найперш мама і тата, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці побач з дзіцем у вадзе і забяспечваюць штосекундны кантроль».

Іншыя правілы бяспекі: абіраць толькі прызначаныя для купання месцы, не заплываць за буйкі, не лезці ў ваду нецвярозаму.

Алкаголь моцна запавольвае рэакцыі арганізму, канстатуе доктар Аляксей Носаў:

«Людзі, якія ўжывалі нават зусім трошкі алкаголю, пачынаюць ныраць. І яны не здолеюць улавіць той момант, калі мозгу не хапае кіслароду. Яны праводзяць крыху больш часу пад вадой і праз гэта гінуць. Яны проста не паспяваюць усплыць, і ў іх проста адключаецца прытомнасць».

Зрэшты, нават і цалкам цвярозы чалавек можа пачаць тапіцца. Калі, напрыклад, нагу скуе сутарга. У гэткім выпадку трэба зрабіць эфектыўнае практыкаванне прафесійных плыўцоў.

«Нацягвайце насок нагі на сябе. Моцна., – параіў Аляксей Носаў. – І выпроствайце каленны сустаў. Гэта дапаможа прынамсі знізіць узровень сутаргі. Некаторыя людзі робяць кароткія ўдары, шчыкаюць сябе або колюць іголкамі. Але гэта ўсё – персанальна».

Доктар Носаў таксама даў парады на выпадак, калі чалавека дасталі з вады ўжо ў непрытомным стане:

  • Найперш трэба выклікаць хуткую дапамогу.
  • Праверыць дыханне (паднесці да вуснаў пацярпелага люстэрка або пасачыць, ці рухаецца ягоная грудная клетка).
  • Ачысціць ротавую поласць ад вадкасці, пяску або ціны.
  • Перавярнуць пацярпелага на жывот, каб злілася вада з дыхальных шляхоў.
  • Пачаць штучную вентыляцыю лёгкіх (дыханне «рот у рот» або «рот у нос» праз чыстую тканіну).
  • Зрабіць масаж сэрца. Але лепей, калі гэтым зоймецца спрактыкаваная асоба.

І яшчэ. Збіраючыся на пікнік або на пляж, не палянуйцеся паглядзець у інтэрнэце відэаінструкцыю ратавання тапельца. Добра, калі не спатрэбіцца. Выдатна, калі кагось уратуе.

Марына Яновіч, «Белсат».