30 гадоў з першых прэзідэнцкіх выбараў


30 гадоў таму ў Беларусі адбыўся першы тур першых выбараў прэзідэнта. Лідарам галасавання стаўся тады дэпутат са Шклова Аляксандр Лукашэнка. Праз тры тыдні ён пераможа ў другім туры і выбудуе ў краіне дыктатуру, а першыя свабодныя выбары незалежнай Беларусі застануцца адзінымі, дзе галасы сапраўды лічыліся. Працягне Аляксандр Баразенка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Але тое, што адбываецца на дзяржаўным тэлебачанні, гэта жах! Суцэльны падман!»

За свабоду слова і супраць карупцыі. Такі прывабны вобраз ствараў кандыдат Аляксандр Лукашэнка сярод выбарнікаў перад першым турам першых прэзідэнцкіх выбараў. Простыя і зразумелыя папулісцкія лозунгі дэпутата са Шклоўшчыны адгукнуліся ў сэрцах людзей.

«Ён быў сапраўды харызматычны, імпазантны, вусаты. Вельмі падабаўся жанчынам. Усе стаміліся ад камуністаў. Кебіч – стары, а гэты малады! Абяцаў вельмі зразумелыя, але простыя рэчы. Ягоная праграма складалася з трох пунктаў усяго. Першы – спыніць рост коштаў – абсалютны папулізм», – успамінае сведка падзеяў мастак Сяргей Стальмакоў.

Сваю палітычную кар’еру ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання Лукашэнка пачынаў у вобразе рэфарматара і прыхільніка рынкавых рэформаў. У сваім праграмным артыкуле для «Народнай газеты» пад назваю, што цяпер выглядае сумнай іроніяй, – «Дыктатура: беларускі варыянт» – малады дэпутат крытыкуе адміністрацыйнае рэгуляванне эканомікі і нават захапляецца заходнімі эканамічнымі мадэлямі.

«Нам усё жыццё ўбівалі ў галаву, што там эксплуатацыя, там чалавек нішто…. А аказалася? У наша грамадства ўсеагульнага дабрабыту адтуль ніхто не рвецца, а мы..», – напісаў Лукашэнка ў траўні 91-га.

«Для яго характэрна палітычная мімікрыя. Да 93-га году ён па большасці пытанняў галасаваў так, як галасавалі БНФ і дэмакратычныя дэпутаты, то бок быў у апазіцыі.Былі тры гады калі быў попыт на апазіцыю і ён быў апазіцыянер. А потым змяніў свае пасланні і гэта было звязана з тым, што рыхтаваўся ісці на прэзідэнта», – кажа палітык Анатоль Лябедзька, які тады быў у камандзе Лукашэнкі.

У першым туры – 23-га чэрвеня – Лукашэнка набраў амаль 45 адсоткаў галасоў. Ягоным супернікам у другім туры стаўся тагачасны прэмʼер Вячаслаў Кебіч. Лідар Беларускага народнага фронту Зянон Пазняк і былы старшыня парламенту Станіслаў Шушкевіч набралі амаль 13 і 10 адсоткаў адпаведна.

«Існаваў такі побытавы лозунг: хто заўгодна – толькі не Кебіч. Усе стаміліся ад наменклатуры, а Лукашэнка малады, То бок адбылася такая электаральная рэвалюцыя падобная на тое, што адбылося ў 2020 годзе. Але фальсіфікаваць выбары тады так не ўмелі, як пасля гэта пачаў рабіць Лукашэнка», – кажа палітолаг Павел Усаў.

У другім туры – 10-га ліпеня – Лукашэнка набраў больш за 80 адсоткаў галасоў. Абяцанні рынкавых рэформаў былі забытыя, а ў краіне выбудавалі сістэму кантролю, рэпрэсіяў і фальсіфікацыяў, якая зрабіла выбары 1994-га года адзінымі свабоднымі ў гісторыі незалежнае Беларусі.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»