Вакол выбараў у Каардынацыйную раду разгарнуўся скандал


Кіраўніка «BYPOL» Аляксандра Азарава пазбавілі доступу да чат-бота плану «Перамога». Падстава – рассылка. У ёй палітык заклікаў галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду за спіс «Закон і правапарадак», які ён узначальвае.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Раней, у сацсетках «BYPOL», ён паведамляў:

«Мы звярнуліся з заклікам узяць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду, бо далучанасць беларусаў у першыя дэмакратычныя выбары ў дваццаць першым стагоддзі – важны сігнал і ўсім нам, і міжнароднай супольнасці пра тое, наколькі беларусы не “перагарнулі старонку” з 2020 года, наколькі яны ўсё яшчэ адданыя ідэям дэмакратычных пераменаў у нашай краіне і гатовыя – прынамсі бяспечна і віртуальна – выказаць гэта».

Зарэгістраваным у чат-боце паведамленні пачалі прыходзіць напярэдадні ўвечары. Шмат для каго такая рассылка сталася шокам. На здарэнне адрэагавала Святлана Ціханоўская. Сітуацыю «Белсату» патлумачыла прэс-сакратарка абранай прэзідэнткі Ганна Красуліна:

«Святлана Ціханоўская лічыць, што гэта злоўжыванне, якое можа паставіць пад пагрозу людзей унутры краіны. І таму Аляксандр Азараў быў пазбаўлены доступу да чат-боту плана “Перамога” да высвятлення абставінаў».

Паводле Аляксандра Азарава, цяпер вядуцца перамовы па вяртанні боту «BYPOL»:

«Бот быў створаны намі і знаходзіцца пад нашым кантролем. Аднак пасля таго, як у 2021 годзе Святлана Ціханоўская яго падтрымала, ёй быў перададзены доступ кантролю над ботам. Яна скарысталася гэтым кантролем і яго адключыла».

Тым часам у Беларусі ўжо ёсць затрыманыя сярод тых, хто атрымаў рассылку праз бот. У тэлеграм-канале ГУБАЗіКа з‘явілася адпаведнае відэа. Але Азараў нагадвае, што спробы дыскрэдытаваць план «Перамога» з боку сілавікоў былі і раней.

Камісія па выбарах у Каардынацыйную Раду паабяцала разабрацца ў сітуацыі з выкарыстаннем боту, які ствараўся не пад выбары, ва ўласных мэтах. На сённяшнім паседжанні прымуць рашэнне, ці прыцягваць каманду Азарава да адказнасці.

Аляксандр Азараў. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Нашая рассылка робіцца прыкладна разы два ў месяц, і на працягу апошніх некалькіх гадоў мы выкарыстоўваем яе для сувязі з удзельнікамі плана “Перамога” для працы, для атрымання інфармацыі. Раней ніякіх пытанняў не ўзнікала, а калі рассылка стала звязаная з выбарамі, то тут чамусьці ўключыліся розныя людзі», – кажа Аляксандр Азараў.

Чым бліжэй да выбараў, тым больш пытанняў паўстае і вакол бяспекі праграмы для галасавання. Чакалася, што праз яе змогуць прагаласаваць як беларусы за мяжою, гэтак і ў краіне. Але цяпер апошнім прапануюць рабіць выбар праз ўэб-версію. Нават у гэтым выпадку кіберпартызаны заклікаюць да пільнасці.

«Трэба разумець рызыкі, звязаныя з перадачай асабістых дадзеных. Пры галасаванні перадаюцца асабістыя дадзеныя і прынамсі на некаторы час яны захоўваюцца на серверы прыкладання. Гэта не нашае прыкладанне, мы не маем доступу да гэтага прыкладання, таму гарантаваць поўную бяспеку з перадачы дадзеных мы не можам», – зазначае афіцыйная прадстаўніца «Беларускіх кіберпартызанаў» Юліяна Шаметавец.

Лідар каманды распрацоўнікаў «Belarus ID» Павел Лібер пераконвае: пры выкананні ўсіх правілаў галасаванне цалкам бяспечнае. Інструкцыі, як узяць удзел у выбарах з мінімальнаю рызыкаю, з’явяцца 25-га траўня. Ён кажа:

«Звесткі зашыфроўваюцца ў адзін бок, іх нельга так проста расшыфраваць. Для таго, каб іх расшыфраваць і выцягнуць назад, вам трэба будзе, п- першае, узламаць сервер, дзе ёсць алгарытм, па-другое, узламаць сервер, дзе захоўваецца функцыя, каб ускладніць хэшырванне, па-трэцяе, узламаць базу дадзеных;. І чацвёртае – мець усю базу пашпартоў».

Галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду пачнецца 25-га траўня і працягнецца тры дні. Напярэдадні, 24-га траўня, адбудуцца дэбаты кандыдатаў – а 21-ай гадзіне ў жывым эфіры нашага тэлеканалу.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»