Свята-Елісавецінскі манастыр адбельвае сваю рэпутацыю


Вайну ва Украіне не падтрымліваем і расейскім войскам не дапамагаем. У гэтым манашкі Свята-Елісавецінскага манастыра запэўніваюць каталіцкія грамады ў Заходняй Еўропы. Маўляў, апякуемся толькі сіротамі, бяздольнымі і беднякамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На Захадзе, у прыватнасці ва Францыі, скарачаецца супраца гэтых супольнасцяў са Свята-Елісавецінскім манастыром за тую пазіцыю, якую яны займаюць. А гэтыя хрысціянскія супольнасці – яны з’яўляюцца крыніцаю прыбыткаў для манастыра. Яны туды прыязджаюць, шукаюць нейкія данаты, ахвяраванні на сваю дзейнасць, а таксама прадаюць свае тавары», – распавяла мадэратарка групы «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч.

Аўтары лістоў заклікалі заходніх каталікоў не верыць паклёпу на манастыр. Прынамсі што да яго ўдзелу ў закупе дронаў і аўтамабіляў для расейскіх войскаў ва Украіне. Але ж летась уласна Лукашэнка пацвердзіў, што манашкі дапамагаюць акупантам ды падзякаваў ім за гэта.

Яшчэ ў жніўні 2022-га года ў манастыры стварылі валанцёрскую групу «Дапамога братам» пад кіраўніцтвам манашкі Аляксандры Ляхавай. Але ж падпарадкоўваюцца яны аднайменнай расейскай групе, якую ачольвае манашка Яўгенія Цыўцывадзэ – нярэдкая госця ў менскім манастыры. Усе гэтыя імёны гучаць на відэападзяках расейскіх вайскоўцаў.

Не зважаючы на перакананні на адрас заходніх каталікоў, Свята-Елісавецінскі манастыр дасюль гатовы прымаць дапамогу для расейскіх войскаў. Якую менавіта, нам апавяла манашка Аляксандра:

«Мы закупаем кроваспыняльныя, жгуты, нейкія лекавыя прэпараты, якія ў нас таннейшыя або паводле якасці лепшыя. Для шпіталяў, для фельчараў. Апошнім разам куплялі квадрацыкл – яны там заўсёды вельмі патрэбныя. А вось нам зараз патрэбныя электрычныя матацыклы, мапеды, але бясшумныя».

Прыхільнасць «русскому миру» Свята-Елісавецінскі манастыр дэманструе і ў сваёй ідэалогіі. Гэтак, пад трыкалорамі, літарамі Z і з георгіеўскімі стужкамі манашкі і настаяцелі зладзілі крыжовую хаду 9-га траўня. А 23-га лютага з такой атрыбутыкай правялі канцэрт з гучнаю назваю «Сваіх не кідаем».

Збор сродкаў у дапамогу расейскім вайскоўцам у Свята-Елісавецінскім манастыры.
Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram / christianvision

«Гэта асабістыя перакананні ў большасці сваёй. Але гэта асабістыя перакананні малой групы людзей, якія знаходзяцца пад уплывам гэтага кіраўніка духоўнага. Мы бачым, што з манастыра сыходзяць людзі. Мы бачым, што з 2020 года шмат людзей сышлі, якія перажылі гэты кагнітыўны дысананс – паміж тым, што яны бачаць і што ім кажа айцец Андрэй», – мяркуе Наталля Васілевіч.

Духоўнік манастыра, протаіерэй Андрэй Лемяшонак публічна падтрымлівае не толькі расейскае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022-га года, але і палітыку Лукашэнкі.

«Зараз рэжым Лукашэнкі, як і Расея, уцягвае царкву ў палітыку праз агентаў свайго ўплыву ўнутры царкоўнай арганізацыі. Адным з цэнтраў такога ўплыву, на жаль, зʼяўляецца Свята-Елісавецінскі манастыр», – заявіў намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Хаця Лукашэнка сёлета, згадаўшы святароў, якія асудзілі рэпрэсіі супраць беларусаў у 2020-ым годзе, заявіў: царкве ў палітыцы няма месца.

Ірына Юрʼева, «Белсат»