Расея палюе на балтыйскія марскія мілі


Расея стварае пагрозу для іншых суседзяў. Ды ў аднабаковым парадку плануе змяніць межы з Літвой і Фінляндыяй. Гаворка пра тое, што Мінабароны РФ вырашыла прызнаць несапраўднаю расейскую мяжу часоў СССР ля Калінінградскай вобласці. І зацвердзіць новы пералік каардынатаў і кропак, ад якіх адмяраецца шырыня прылеглай зоны Расеі ля мацерыковага ўзбярэжжа і выспаў у Балтыйскім моры. Праект апублікавалі, а потым выдалілі з Федэральнага парталу. Ці варта насцярожвацца?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калінінградская вобласць – тэрыторыя Расеі, з двух бакоў аточаная Літвою і Польшчай, а з трэцяга – Балтыйскае мора з вызначанаю ў 1985-ым годзе лініяй тэрытарыяльных водаў. Расея ў аднабаковым парадку пастанавіла пашырыць сваю марскую тэрыторыю, сведчыць афіцыйна апублікаваны праект Міністэрства абароны.

«У выпадку зацверджання праекту пераліку геаграфічных каардынатаў пунктаў будзе вызначаная адсутная раней сістэма простых зыходных лініяў на паўднёвай частцы расейскіх астравоў ва ўсходняй частцы Фінскай затокі, а таксама ў зоне гораду Балтыйск і гораду Зеленаградск, што дазваляе выкарыстоўваць адпаведную акваторыю як унутраныя марскія воды РФ».

Дакумент апублікавалі без праекту, але з дадаткам пераліку пунктаў каардынатаў. Па спасылцы ад першакрыніцаў бачым, што «праект выдалены» з Федэральнага парталу публікацыі нарматыўна-прававых актаў. Азнаёміцца з дакументам хацела б кіраўніцтва Літвы, Польшчы і Фінляндыі.

«У нас ёсць дзейныя пагадненні паміж нашымі дзвюма краінамі, але існуюць і міжнародныя канвенцыі ў гэтым пытанні, у прыватнасці – Марская канвенцыя ААН, што таксама звязвае Расею абавязаннямі. Так што мы спакойна сочым за сітуацыяй і высветлім на афіцыйным узроўні, на чым палягае ўся гэтая гісторыя. Пасля чаго будзем ведаць, як нам рэагаваць», – заявіла міністарка замежных справаў Фінляндыі Эліна Вальтанэн.

Чакаюць падрабязнасцяў таксама Берлін і Вільня. карабель ў звязку з «удакладненнямі каардынатаў дзяржаўнай мяжы Расеі на Балтыцы». Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна заявіў, што ў прапанове Мінабароны аб Балтыцы няма нічога палітычнага.

«Эскалюе напружанасць, як і ўзровень канфрантацыі, асабліва ў Балтыйскім рэгіёне. Вядома, гэта патрабуе ад нашых адпаведных ведамстваў адпаведных крокаў для забеспячэння нашай бяспекі», – заявіў Пяскоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі карабель на вучэннях.
Фота: mil.ru

У заканадаўствах краінаў балтыйскага басейну прапісана, што раз на ўмоўныя 30 гадоў марскія межы могуць правярацца і карэктавацца. У выпадку змяненняў лініі берагу 12 міляў унутраных водаў адлічаць наноў.

Палітычныя кропкі ў балтыйскім пытанні расставіў камандуючы вайскова-марскім рэзервам Польшчы Максымільян Дура:

«Аднабаковае змяненне міжнародных пагадненняў не мае ніякай законнай моцы. Расейцы, вядома, потым могуць арыштаваць яхты, якія плаваюць у, скажам так, спрэчных водах. Але Расея ёсць Расея, робіць, што ёй уздумаецца. Думаю, сітуацыя не настолькі дрэнная, як у выпадку Кітаю, які заняў выспы, што яго атачаюць, парушаючы міжнароднае права і эканамічныя межы».

Паводле эксперта, краіны NATO не дазволяць перасунуць марской мяжы, а спробы Расеі зрабіць гэта называе чарговай афёраю супраць еўрапейцаў, якія падтрымліваюць Украіну:

«Дзеянняў, якія маюць адцягнуць увагу ад сітуацыі ва Украіне і таксама сітуацыі ў Беларусі, будзе больш. Гэта такія дыверсіі, як нядаўні падпал гандлёвага цэнтру. Гэта цыклічныя кібератакі. Перашкоды працы GPS-сістэмаў у Гданьскай затоцы, небяспека знішчэння падводнай інфраструктуры, напрыклад, каля Вялікай Брытаніі. Спрабуюць нас застрашыць, каб мы перасталі дапамагаць Украіне».

На думку спікера, часткаю плану застрашвання ёсць таксама ядравыя вучэнні, якія Расея распачала ў Паўднёвай вайсковай акрузе. І дэкларацыя Лукашэнкі пра напад беларускага войска на ўсходнюю Польшчу.

Юлія Цяльпук, «Белсат»