Польшча працягне падтрымліваць беларускую культуру ў выгнанні


Польшча працягне падтрымліваць беларускіх дзеячаў культуры, вымушаных уцякаць за мяжу ад палітычнага пераследу і крымінальных справаў. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў польскім Міністэрстве культуры, дзе прайшла першая прэс-канферэнцыя новай міністаркі культуры Ганны Врублеўскай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мы знаходзімся ў цэнтры Варшавы насупраць палацу Радзівілаў – цяпер гэта рэзідэнцыя прэзідэнта Польшчы. А мы – на тэрыторыі палацу Чартарыйскіх. Цяпер гэта міністэрства культуры Польшчы. І Радзівілы, і Чартарыйскія – гэта славутая шляхта з нашай агульнай гісторыі – гісторыі Беларусі, Польшчы і Літвы. Таму вельмі сімвалічна, што сёння падчас першай прэс-канферэнцыі новай міністаркі культуры Польшчы пра Беларусь узгадалі асобна.

Ганна Врублеўска працуе ў галіне культуры больш за 30 гадоў, а міністрам стала 13-га траўня. На сёння ў Польшчы галоўнае культурнае пытанне – фінансаванне грамадскіх СМІ, якія падпарадкоўваюцца міністэрству.

«Фінансаванне важнае, але не найважнейшае. Патрэбны дыялог і празрыстыя рашэнні, у тым ліку – аб размеркаванні сродкаў. Але прыярытэт для нас – усеагульны доступ да культуры», – падкрэсліла міністарка культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.

Разам з тым Польшча знойдзе грошы на спецыяльныя стыпендыі падтрымкі для беларускіх творцаў у выгнанні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выстава «209 дзён шэрага» беларускай мастачкі Ташы Кацубы. Варшава, Польша. Студзень 2023 года.
Фота: Ганна Вашчанка / Белсат

«Вядома, беларускім культурным дзеячам, артыстам даводзіцца адаптавацца да нашага рынку, да таго, як функцыянуюць нашыя тэатры, мастацкія галерэі – яны працуюць крыху інакш, чым установы ў Беларусі. Таму, напрыклад, у Варшаве Дом культуры Сяродмесця сур’ёзна падтрымлівае беларускіх творцаў, праводзіць семінары, вучыць іх, як знайсці сябе ў гэтым свеце», – патлумачыла віцэ-міністарка культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Марта Ценкоўска.

Як выказалася Марта Ценкоўска, палякі для беларусаў сёння «найбліжэйшыя сэрцам».

У Польшчы вельмі добра разумеюць, што такое палітычны пераслед і крымінальныя справы супраць дзеячаў культуры. Таму што палякі самі перажылі доўгія гады ваеннай дыктатуры – «стан ваенны» падчас камуністычнай Польскай народнай рэспублікі. Тады палякаў падтрымліваў увесь Свабодны Свет. Цяпер прыйшла чарга дапамагчы беларусам.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»