На краі прорвы. Што будзе з салігорскім «Шахцёрам»?


Праблемы ў салігорскага «Шахцёра» толькі нарастаюць. УЕФА наклаў на гарнякоў штраф мільён еўраў праз нясплату пазык, а таксама пазбавіла ўдзелу ў еўракубках на тры сезоны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сённяшняя сітуацыя – гэта квінтэсенцыя таго, што адбываецца з клубам. Яны не выплочвалі заробкі легіянерам, якія атрымлівалі вялікія грошы. Футбалісты падалі скаргі ў належныя інстанцыі. Вось УЕФА і пакарала клуб», – распавёў трэнер, былы гулец моладзевай зборнай Беларусі Яўген Вяроўка.

Журналіст Уладзіслаў Татур сцвярджае: на пачатак года «Шахцёр» быў вінны ад 5-ці да 7-мі мільёнаў еўраў – найперш гэта выплаты заробкаў, арэнда стадыёну, утрыманне базы.

«7 мільёнаў – гэта проста не пад’ёмныя грошы ў цяперашніх рэаліях. Нават у лепшыя гады для беларускага футболу гэта была проста нейкая астранамічная лічба», – заявіў спартовы аглядальнік Аляксандр Баразенка.

Не найлепшыя і вынікі: каманда пацярпела 7 паразаў запар, пры гэтым сёлетні сезон яна распачала з пасівам мінус 20 пунктаў. Гэта рэха пазалеташняй справы за дамоўныя матчы. Да таго ж праз трансферны бан каманда можа папаўняць склад толькі ўласнымі выхаванцамі.

Футбольны клуб «Шахцёр» на матчы з «Гомлем». 27 кастрычніка 2021 года.
Фота: Fcshakhter.by

« Так сталася, што клуб, у які ўкладаліся вялікія грошы, у тым ліку і ў дзіцячую акадэмію не змог якасна спрацаваць, каб падтрымаць сябе», – падсумоўвае Яўген Вяроўка.

Паводле выдання «Tribuna.com», куратар клубу і кіраўнік «Беларуськалію» Іван Галаваты пасля заканчэння сезону можа запусціць працэдуру банкруцтва, каб пазбегчы разлікаў па пазыках. Што будзе з клубам пры такім сцэнары?

«Клуб на пэўны час знікне з футбольнай мапы Беларусі. Але, як часта гэта ўжо бывала і ў беларускай практыцы, зʼявіцца новая каманда пад назвай “Шахцёр-2024”, ці нешта падобнае. І ён пачне шлях з нізоў беларускага футболу», – спрагназаваў Аляксандр Баразенка.

Агулам за час незалежнасці са спартовай мапы Беларусі зніклі больш за 5 дзясяткаў клубаў, сярод якіх – тытулаваны сталічны «Партызан» ці клуб з вялікімі традыцыямі – менскае «Тарпеда». Верагодна, сёлета гэты сумны спіс можа пашырыцца.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»