Махляры і сілавікі: хто карыстаецца персанальнымі звесткамі беларусаў


І яшчэ пра бяспеку. А дакладней – ейны брак. Масавы выцек персанальных звестак з базы буйной фірмы ў Беларусі. І гэта далёка не адзіны выпадак. Права збіраць асабістыя звесткі беларусаў у нашай краіне маюць 400 тысяч арганізацыяў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Карыстаюцца ж гэтым не толькі махляры для крадзяжу грошай. Хто яшчэ? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

900 тысячаў чалавек. Персанальныя звесткі такой колькасці асобаў скралі ў парталу нерухомасці Realt.by. Паводле Нацыянальнага цэнтру абароны персанальных звестак, гаворка перадусім пра тэлефонныя нумары і адрасы электроннай пошты. Цэнтр абароны звестак рэкамендуе змяніць логіны і паролі ад акаўнтаў на Realt.by.

«З крадзеных дадзеных робяць партрэт карыстальніка і падключаюць розныя акаўнты ў сацыяльных сетках да мэйлаў, да імёнаў, да адрасоў і так далей. І таму гэтыя злівы вельмі пагражаюць бяспецы», – зазначае архітэктар у галіне лічбавай эканомікі і кіравання Майк Ананьін.

Яшчэ да здарэння з Realt.by Нацыянальны цэнтр абароны персанальных звестак паведамляў: сёлета скралі і выклалі ў сеціва звесткі аднаго мільёна беларусаў. Найчасцей гаворка пра кліентаў кавярняў, рэстарацыяў, медычных установаў і транспартавых кампаніяў.

«Парада – не пакідаць сваіх рэальных дадзеных. Прыдумваць. Каб нават, калі гэтыя дадзеныя злітыя, у гэтых дадзеных не было рэальных імёнаў, рэальных адрасоў і гэтак далей», – зазначае Майк Ананьін.

Не толькі махляры цікавяцца персанальнымі звесткамі. Напярэдадні ў каналах, звязаных з ГУБАЗіКам і дзяржаўнымі прапагандыстамі, з’явіліся базы чытачоў незалежных медыяў у сацсетках. У спісах – больш за 46 тысячаў чалавек, хто ўпадабаў Instagram «Нашай Нівы», і больш за 220 тысячаў – Zerkalo.io. У табліцах ёсць імя акаўнту, яго ID, горад, а для некаторых – e-mail і тэлефонны нумар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чалавек за камп’ютарам.
Фото: pixabay.com

«Гэта робіцца для таго, каб запалохаць людзей. Каб чалавек сябе там убачыў, нейкі свой нік, і тут жа спрабаваў выдаліць акаўнт, больш ніколі не чытаць. Максімальна дыстанцыявацца ад праўдзівай інфармацыі», – мяркуе прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Летась стала вядома, што рэжым збірае звесткі пра беларусаў, якія падаюцца на польскія візы. Гэта ажыццяўлялася праз Міжбанкаўскую сістэму, у якой трэба верыфікавацца для атрымання візы. Сілавікі даведваюцца пра тып візы, запытаныя даты і месца падачы. Пасля да мужчынаў, якія падавалі дакументы на візу, прыходзілі позвы з ваенкаматаў. А польская «Gazeta Wyborcza» паведамляла пра затрыманне беларусаў, якія прыйшлі ў візавыя цэнтры па гуманітарныя візы. І гэта не адзінкавыя прыклады.

«Гэта падстава, каб здзяйсняць у дачыненні яго палітычныя рэпрэсіі, выключна палітычныя рэпрэсіі. Нельга гэта падводзіць пад ажыццяўленне аховы грамадскага парадку альбо сапраўды барацьбы з нейкаю злачыннасцю. Гэта проста палітычныя рэпрэсіі, якія чыніць рэжым Лукашэнкі», – зазначае Уладзімір Жыгар.

Згодна з Законам аб абароне персанальных звестак, карыстальнік можа патрабаваць выдаліць свае даныя. Аператары ж, якія збіраюць інфармацыю, паводле закону, маюць права гэтага не рабіць. Штраф за невыкананне захадаў забеспячэння абароны персанальных звестак у Беларусі складае да 2000 рублёў. У краінах Еўразвязу за такое ж парушэнне прадугледжанае пакаранне да 20 мільёнаў еўраў.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»