Замежжа салідарнае з журналістамі ў Беларусі


Агулам за кратамі 29 прадстаўнікоў медыяў, з іх – 13 фігурантаў справы TUT.by. У аўторак да журналістаў і рэдактараў ды ў офіс парталу прыйшлі сілавікі. Распачатая крымінальная справа нібы за ўхіленне ад выплаты падаткаў.

Застаюцца за кратамі і нашыя журналісткі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева, асуджаныя на 2 гады няволі. Адмысловая спавяшчальніца ААН у пытаннях правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн паведаміла «Белсату», што апошнія некалькі тыдняў арганізацыя асабліва занепакоеная ціскам на журналістаў:

«На практыцы, мне падаецца, не на ўзроўні ААН варта пільна шукаць апору, каб ціснуць на ўлады, каб ён абараніў правы журналістаў і права на свабоду слова».

Але гэта дапамагае трымаць праблемы Беларусі ў парадку дня ўсяго свету. Пакуль што гэта ўсё, што можа зрабіць Еўропа, а ціснуць на калегаў працягваюць усё роўна. Гэтак, учора сілавікі ўварваліся ў студыю, дзе здымаецца праграма «Кожны з нас». Яна выходзіць на «Белсаце».

«Сілавыя ведамствы адчулі свае бязмежныя магчымасці, і яны ціснуць на нашых калегаў пры затрыманнях. У судах, напрыклад. Нават пры наяўнасці адваката суддзі ніяк не рэагуюць на нашыя довады, а прыслухоўваюцца толькі да сведкаў – невядомых міліцыянтаў у масках. І таму нам цяпер вельмі складана бараніць нашых калегаў», – распавяла прадстаўніца «Белсату» ў Беларусі Ірына Слаўнікава.

Салідарнасць журналістам Беларусі выказалі беларусы замежжа. Адбыўся мітынг і ў Вільні. Мы паразмаўлялі з беларусамі Літвы:

«Са свабоды слова пачынаецца ўсё. А калі ў нас ужо палітвязні ў турмах пачынаюць паміраць – гэта ўжо апошняе дно, якое прабіта».

«Без свабоды слова мы не будзем мець сапраўдную карціну. Тое, што паказваецца па беларускім тэлебачанні, – проста перформанс».

«Кожны дзень практычна хаджу на акцыі, таму што гэта адзіная магчымасць нам тут стаяць за беларусаў. Тое, што яны не могуць рабіць цяпер унутры Беларусі».

Пра тое, як яшчэ беларусы замежжа спрабуюць дапамагчы незалежным журналістам у Беларусі, мы таксама спыталі на акцыі салідарнасці, але ў Варшаве:

«Пераводжу, канешне ж, грошы ў фонды. Ужо даўно, не толькі ў сувязі з нядаўнімі падзеямі TUT.BY, распаўсюджваю інфармацыю, падпісваюся на іх інстаграмы, тэлеграм-каналы».

«Пісаць тым, хто зараз сядзіць за кратамі, бо лісты – гэта вельмі важна для іх, бо гэта глыток інфармацыі, што пра іх не забыліся».

«Адсюль вельмі складана нейкія рэальныя канкрэтныя рэчы рабіць, але ж прымаць удзел у гэткіх акцыях, маральна падтрымаць. Па-другое – гэта, канешне, па магчымасці хтосьці фінансава нейкія пералікі робіць».

Гэта немагчымая для Беларусі падзея. У Менску ўчора за спробу выказаць салідарнасць 15 содняў атрымала Таццяна Нямкевіч. У пакунку дзяўчыны папросту быў плакат з лога TUT.by.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»