22 красавіка адзначаюць Дзень Зямлі


У Менску стварылі петыцыю, каб захаваць сартаванне смецця. Днямі сталася вядома, што сталічнай жыллёвай гаспадарцы прапанавалі перайсці на двухкантэйнерную сістэму сартавання адкідаў і адмовіцца ад паўсюднага ўсталявання каляровых кантэйнераў для розных відаў адкідаў. Маўляў, гэта будзе больш зручна. Але наўрад ці экалагічна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праблема забруджвання і перапрацоўкі адкідаў – сусветная, адзначыў экалагічны актывіст, удзельнік руху «Зялёная сетка» Аляксей Аўчыннікаў.

«Ідзецца пра забруджванне пластыкам, мікрапластыкам. І неабходна прымаць нейкія законы, каб скараціць скарыстанне пластыку. Нельга сказаць, што беларускія ўлады ўвогуле не займаюцца гэтым пытаннем. Але ж, на мой погляд, яны займаюцца ім не так актыўна».

Закон ад 2021 года забараніў ужыванне на тэрыторыі Беларусі аднаразовага пластыкавага посуду. Аднак дзее ён не вельмі актыўна. Апрача таго, у нас няма такой культуры здачы пластыкавых адкідаў, якая існуе шмат у якіх краінах. Між тым, у свеце растуць агульныя аб’ёмы адкідаў. Яны наўпрост паскараюць глабальнае пацяпленне. Захады, накіраваныя на запавольванне працэсу, – недастатковыя, мяркуе экалагічны і антываенны актывіст Аршак Макічʼян.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сметнік у Дзяржынскім раёне.
Крыніца: mchs112by / Telegram

«Мы цяпер ідзем па траекторыі змены клімату 3-4 градусы, а нам трэба абмежаваць змену клімату ў адносна бяспечных рамках. У нас засталося 5-6 гадоў да 2030 года, каб знізіць выкіды напалову. А зараз яны ўвогуле не зніжаюцца».

Сусветная метэаралагічная арганізацыя склала Атлас смяротнасці і эканамічных стратаў. У дакуменце сцвярджаецца, што за апошнія 20 гадоў 2 мільярды жыхароў Зямлі пацярпелі ад буйных паводак, 1,5 мільярды чалавек – ад засухі, 700 мільёнаў – ад трапічных штормаў. Амаль палова насельніцтва планеты жыве ў рэгіёнах, вельмі ўразлівых да змены клімату. Там смяротнасць у выніку прыродных катастрофаў павялічылася ў 15 разоў за апошнія 10 гадоў.

Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў заснавала Дзень Зямлі акурат для таго, каб нагадаць чалавецтву: экалагічныя і кліматычныя праблемы – крыніца амаль усіх іншых выклікаў цывілізацыі.

«Палова жыхароў Індыі будзе мець праблемы з доступам да чыстай пітной вады да 2050 года, паводле навуковых дадзеных, – адзначыў Аршак Макіч’ян. – Мігрантаў будзе ўсё больш. Як мы бачым, Еўропа ўжо закрывае межы, бо перастае прымаць іх. І тут ідзецца пра тое, ці зможам мы захаваць чалавечнасць».

Аршак Макічʼян адзначыў таксама, што войны вельмі шкодныя для экалогіі. Гонка ўзбраення значна адцягвае бюджэтныя грошы ад экалагічных праектаў. Праз баявыя дзеянні гараць лясы і будынкі, рушацца дамбы, забруджваюцца воды, павялічваецца ўзровень шкодных выкідаў у паветра. А абмежаваны доступ да жыццёва неабходных рэсурсаў выклікае новыя ўзброеныя канфлікты. Калі не выйсці з гэткага кола, ёсць наўпроставая пагроза чалавецтву.

Экалагічны актывіст Аляксей Аўчыннікаў канстатаваў, што змены клімату цяпер – ужо амаль непадкантрольныя. Мы можам нешта зрабіць, каб хіба змякчыць іх. Для гэтага неабходна быць больш экалагічна свядомым. Варта зразумець: гэта – самы вялікі выклік менавіта для чалавечага грамадства».

Штогод у свеце вырабляюць каля трохсот васьмідзесяці мільёнаў тон пластыку. Толькі 9 % яго ідзе на перапрацоўванне. Яшчэ 12 % – спальваюць, а гэта павялічвае ўзровень выкідаў вуглекіслата газу ў паветра. «Планета або пластык» – тэма сёлетняга Міжнароднага дня Зямлі. Найлепшы спосаб адсвяткаваць яго – прынесці карысць нашай планеце. Кожны здольны знізіць ужыванне пластыку, разумна эканоміць ваду і электраэнергію. Няцяжка пасадзіць дрэва ці прынамсі прыгожую кветку, узяць удзел у экалагічных валанцёрскіх праектах.

Марына Яновіч, «Белсат»