Расея хоча захаваць сухапутны калідор у Крым


Расейскія войскі спрабуюць весці наступ у Данецкай і Луганскай вобласцях, а таксама займаюцца падрыхтоўкай абароны ўжо захопленых тэрыторыяў на поўдні Украіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прэс-аташэ Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузянік кажа:

«Вораг праводзіць рыхтаванне да правядзення так званага рэферэндуму пра далучэнне акупаваных тэрыторыяў у Херсонскай і Запарожскай вобласцях да Расейскай Федэрацыі. З гэтай мэтаю ідзе актыўная інфармацыйная кампанія на падкантрольных тэрыторыях. І для папаўнення стратаў у асабовым складзе расейскай арміі вядзецца рыхтаванне да так званай мабілізацыі ў Херсонскай і Запарожскай вобласцях. Акупацыйныя войскі блакуюць выезд мясцовага насельніцтва з акупаваных тэрыторыяў, асабліва мужчынаў прызыўнога ўзросту».

Хоць Пуцін і заявіў пра адмову ад штурму Марыупалю, там працягваюцца баі, а расейскія войскі не спыняюць удараў па абаронцах гораду.

«Пару дзён уночы былі штурмы заводу пры дапамозе карабельнай артылерыі, страляюць з мора, з паветра скідваюць звышмоцныя бомбы, няспынныя авіяўдары. Стралялі РСЗА і артылерыя. Пры падтрыманні тэхнікі: танкаў, БТР, БМП – вялікая колькасць пяхоты намагалася прарвацца да нас. У іх нічога не атрымалася» – заявіў Святаслаў Паламар, намеснік камандзіра палка «Азоў».

Тым часам мэр Марыупалю Вадзім Бойчанка заявіў, што расейцы працягваюць прымусова дэпартаваць жыхароў акупаваных частак гораду ўглыб тэрыторыі Расеі, праводзіць людзей праз фільтрацыйныя лагеры і адпраўляць на прымусовыя працы. Цяпер у горадзе застаюцца да ста дваццаці тысяч жыхароў, якія не могуць дачакацца эвакуацыі – кажа Бойчанка: «Трэба выпусціць сёння мірнае насельніцтва і абмяняць вайскоўцаў, якія чакаюць гэтага абмену. Але важна адзначыць, што вайскоўцы не гатовыя здавацца ў палон. Яны гатовыя выйсці толькі са зброяй у руках і далей абараняць нашую Радзіму».

Праз відэа і фотаздымкі з іншых акупаваных расейцамі украінскіх тэрыторыяў можна лёгка зразумець, што адбудзецца з жыхарамі Марыупалю, калі яны застануцца пад акупацыяй. Гэтак, сёння ў Луганску тэрарысты «ЛНР» захапілі працаўніка АБСЕ Міхаіла Пятрова. Яго абвінавачваюць у шпіянажы на карысць «адной з замежных спецслужбаў».

Тым часам працягваюцца захады міжнароднай супольнасці дзеля падтрымання Украіны. Гэтак, прэм’ер Брытаніі Борыс Джонсан сёння абвесціў вяртанне брытанскай амбасады ў Кіеў наступным тыднем. Да таго ж, на сустрэчы ў Індыі з прэмʼерам гэтай краіны Нарэндам Модзі вялікую ўвагу Джонсан звярнуў на забарону трансферу тэхналогіяў у Расею, бо менавіта праз Індыю Крэмль збіраўся абыходзіць гэтыя санкцыі. Таксама Борыс заявіў пра новую хвалю дапамогі Кіеву:

«Мы таксама надаём больш увагі таму, што мы можам зрабіць, каб падтрымаць такія краіны, як Польшча, якія, магчыма, захочуць накіраваць больш цяжкое ўзбраенне Украіне. Мы разглядаем магчымасць адпраўкі танкаў у Польшчу, каб дапамагчы ім, калі яны адправяць некаторыя са сваіх Т-72 ва Украіну. І іншыя падобныя крокі».

Міністр замежных справаў Нямеччыны А́налена Бэрбак заявіла пра неабходнасць краінаў NATO быць гатовымі абараняць кожны квадратны сантыметр сваёй зямлі. У той жа момант было падкрэсленае жаданне цалкам пазбавіцца залежнасці ад Расеі:

«Нямеччына таксама цалкам адмовіцца ад расейскіх энерганосьбітаў. Ужо летам ад вугалю, да канца года – ад нафты, а потым – ад газу».

Францыя ж у сваю чаргу найбліжэйшым часам перадаць Украіне 12 самаходных артылерыйскіх сістэмаў «Цэзар» калібрам 155 міліметраў ды навучыць 40 украінскіх вайскоўцаў карыстанню імі. Чакаецца, што гэтая зброя трапіць на поле бою ўжо на пачатку траўня.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»