Сустрэча ў Маскве – пагроза незалежнасці

Расейская вайсковая база, увод вайсковага кантынгенту ў Беларусь, дамова аб увядзенні расейскага рубля. Пра што сёння ў Маскве размаўляюць Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка?

Шмат хто не хавае апасенняў: што прынятыя на сустрэчы рашэнні могуць прывесці да страты Беларуссю суверэнітэту. Выратаваць сітуацыю магла б Святлана Ціханоўская, калі б заступіла на пасаду прэзідэнта.

У Маскву Аляксандр Лукашэнка прыляцеў прыкладна апоўдні. Яго сустрэлі намеснік міністра замежных справаў Расеі Андрэй Рудэнка і амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка.

«Наўрад ці знешнія выклікі абыдуць увагай. Мяркуючы з учорашняга выступу Пуціна, гэта таксама тэма, якая будзе ўздымацца. І мне здаецца, што нейкія матэрыяльныя пацверджанні, нейкія грошы, нейкі рух рэсурсаў ён якраз і ёсць на стале. Ёсць тут што абмяркоўваць», – адзначае палітолаг Кірыл Коктыш.

На пачатку афіцыйнай сустрэчы, якая пачалася а 17-й гадзіне, Уладзімір Пуцін папярэдзіў – неабходна абмеркаваць вострыя пытанні. Абмеркавалі расейска-ўкраінскі канфлікт на Данбасе і магчымасць пераносу пляцоўкі трохбаковых перамоваў з Менску, далейшую працу ў бок інтэграцыі Беларусі і Расеі. Акцэнт будзе на эканоміцы, упэўненыя эксперты. Аднак яшчэ большая эканамічная залежнасць ад Расеі дасць магчымасць змусіць Менск да палітычных кампрамісаў.

«Масква пераканалася, што проста палітычныя метады альбо палітычнае разгойдванне сітуацыі, гэтага замала. Трэба трымаць Лукашэнку за шыю менавіта грашыма. Таму з пункту гледжання Беларусі, чым большая залежнасць эканамічная, тым меншая магчымасць палітычнага манеўру», – падкрэслівае аналітык украінскага Інстытута будучыні Ігар Ташкевіч.

Чарговая сустрэча ў Маскве выклікала бурную рэакцыю. У ёй пабачылі пагрозу незалежнасці Беларусі. Святлана Ціханоўская заявіла: «Цяперашняя палітычная сітуацыя вельмі трывожная. У хуткім часе мы можам сутыкнуцца з неабходнасцю абараняць сваю незалежнасць. Чалавек, які дзесяцігоддзямі будаваў сабе рэпутацыю «гаранта суверэнітэту», сам стаў прамой пагрозаю суверэнітэту. І гэта цалкам на ягонай адказнасці». «Мы, беларусы, не паступімся сваім суверэнітэтам», – дадае палітык.

Беларусь стала больш залежнай ад Масквы з пачатку масавых акцый пратэсту, а беларускі суверэнітэт і незалежнасць – галоўны клопат Вашынгтону, – заявіла амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр. Сёння дыпламат абвесціла, што застанецца працаваць у Вільні. У Менск жа дыпламатка прыехаць не можа: ёй не выдалі візу.

«Фактычна, гэтая дынаміка, дынаміка пратэстаў змяніла давер да рэжыму ў Беларусі. Я не веру, што якія-небудзь улады, я не веру, што любы ўрад, які не супярэчыць волі народу, што ён так відавочна ігнаруе волю народу і застаецца ўстойлівым», – адзначыла Джулі Фішар.

Сябра каардынацыйнай рады Павел Латушка заявіў, што ў Крамлі могуць абмяркоўваць стварэнне расейскай вайсковай базы, уваход расейскага вайсковага кантынгенту ў Беларусь і ўвядзенне расейскага рубля.

«Зыходзячы з таго, што Лукашэнка не з’яўляецца легітымным кіраўніком дзяржавы: не мае права прымаць такія рашэнні, зыходзячы з таго, што абраным лідарам Беларусі ёсць Святлана Ціханоўская і гэта прызнана шмат якімі краінамі, мы павінны, мне падаецца, паставіць зноў пытанне і звярнуцца да Святланы Ціханоўскай з тым, каб яна ўступіла на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», – упэўнены Павел Латушка.

У штабе Ціханоўскай адказалі, што гатовыя адэкватна рэагаваць на сітуацыю з улікам абставінаў, а рашэнне аб заняцці прэзідэнцкай пасады – у запасе.

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама