Содні ў трох раёнах Менску адсутнічае вада


Вечар і ноч – цалкам без вады ў кране, а наступны дзень – без пітной. Жыхары Кастрычніцкага, Ленінскага і Заводскага раёнаў сталіцы ваду здабывалі хто ў крамах, хто з аўтацыстэрнаў.

Прынамсі ў Курасоўшчыне і ў Лошыцы – чэргаў ля іх не было, пераканаўся «Белсат», размаўляючы з жыхарамі:

«Не ведалі што рабіць, але добра што мелі запасы пітной вады, якую набылі раней. З іх скарысталіся. Бліжэй ночы нешта ўжо з крану пачало цекчы».

«З раніцы ішла вада рудога колеру. Цяпер колер добры, але піць яе страшна пасля таго, што бачылі ранкам».

«Трэба сачыць за гэтым, а не стаіць і стаіць, пакуль не прарве… Трэба глядзець, а не ставіцца расхлябана».

«Устанавілі некалькі 19-павярховых дамоў, узнялі ціск, яно і прарвала».

26 вадавозаў – На Жукоўскага, Галадзеда, Прушынскіх, Ландэра і іншых вуліцах будуць стаяць, пакуль эпідэміёлагі не паведамяць, што можна ўжываць ваду з агульнай сістэмы.

Для маладых мамаў, людзей у сталым веку ці з інваліднасцю – сітуацыя складаная. Але неверагодныя менчукі ўмеюць дапамагаць. У Тэлеграме стварылі чаты, праз якія арганізавалі дастаўку вады ў школы, дзіцячыя садкі і прыватныя адрасы.

Працягваюцца аварыйна-аднаўленчыя працы на месцы пашкоджання трубы метровага дыяметру – ля гіпермаркету «Грын» у Чыжоўцы.

Увечары 21-га красавіка вада тут заліла тэрыторыю паркінгу і праезджую частку. На месцы працавалі супрацоўнікі МНС і аварыйнай газавай службы. У асобных дамах гэтага раёну знікла вада, у некаторых – газ.

Менгарвыканкам не выключае, што віною – механічнае пашкоджанне праз будаўнічыя працы на адной з пляцовак па вуліцы Убарэвіча. Калі не – то слабая якасць трубы, вынікае з каментара намесніка старшыні Менгарвыканкаму:

«Другая версія – нізкія эксплуатацыйныя характарыстыкі металу, якія прывялі да паскоранага зносу трубаправоду. Рабіць высновы заўчасна, цяпер вывучаем сітуацыю. Канфіскавалі відэа з камераў гандлёвага цэнтру, размешчанага побач з месцам аварыі. Выкарыстоўваем яго дзеля высвятлення прычынаў здарэння».

Чыноўнік абяцае аб’ектыўна разабрацца ў прычынах, каб не дапускаць такіх сітуацыяў надалей. Гучыць прыгожа, але выканаць такую задачу, асабліва вясною, будзе няпроста, кажа былы працаўнік «Водаканалу» Валярʼян Белы:

«Адбываецца раставанне замерзлага грунту. Мерзлата ідзе ўглыб, яна прасоўваецца ніжэй. І асабліва ў рухомых грунтах і глінах ідуць зрухі. Пры зрухах грунту можа адбыцца ўсё што заўгодна».

Другая перашкода наладжванню спраўнай сістэмы водазабеспячэння – адсутнасць ведаў. Спадар Валярʼян мяркуе, што апошні адукаваны і пераняты справаю кіраўнік сышоў з «Менскводаканалу» дзесяць гадоў таму.

«Потым, на мой погляд туды прыходзілі выпадковыя людзі, якія вельмі мала думалі пра тое, каб сістэма працавала. На мой погляд, яны кіраваліся сваімі інтарэсамі, яны адтуль выкідвалі спецыялістаў з ведамі і ў выніку прыйшлі да таго, што на сённяшні дзень у »Водаканале« вельмі мала адукаваных спецыялістаў», кажа ён.

Калі казаць толькі пра Менск, то там не бракуе прарываў у сістэме з трубамі, частка якіх ужо па-за тэрмінам эксплуатацыі, частка – зробленыя з менш эластычных матэрыялаў ці не зусім якасна ўсталяваныя.

Цікава таксама, што летась, падобна да ўчорашняга дня, у сталіцы таксама была моцная аварыя на сетцы водаканалу, калі з краіны выехаў Аляксандр Лукашэнка.

Юлія Цяльпук, «Белсат»