Адзначым Дзень Волі-2024 разам!


Акцыі ды маршы, канферэнцыі ды паэтычныя імпрэзы ў Польшчы, Літве, Злучаных Штатах, Грузіі ды іншых краінах. Сёлета, як і ў мінулыя гады, Дзень Волі беларусы будуць святкаваць маштабна і разнастайна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Святочныя імпрэзы да 106-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ўжо стартавалі. Асноўныя ж падзеі чакаюцца ў нядзелю і панядзелак. Гэтак, у розных буйных гарадах Польшчы, такіх як Беласток, Быдгашч, Вроцлаў, Гданьск, Познань, Шчэцін, Кракаў, Ольштын, Торунь беларуская дыяспара ладзіць мітынгі, канцэрты, кірмашы і кінапаказы. Галоўныя падзеі – 24 сакавіка ў Варшаве. Паводле суарганізатаркі і сувядоўцы акцыі да Дня Волі Марыны Савіцкай, святкаванне ў польскай сталіцы сёлета будзе шырокім, будуць прамоўцы не толькі з Беларусі, але і з Украіны і Польшчы. Што да музычнай часткі, то яе падтрымаюць беларускія артысты.

Урачысты марш пачнецца на пляцы Трох крыжоў. А ўвечары – канцэрт на Замкавай плошчы. Весці стрым з гэтых падзеяў будзе наш тэлеканал. Пачатак а 16-й паводле менскага часу. Нашыя карэспандэнты будуць паказваць шэсце, урачыстыя прамовы. Плануецца пераключыцца некалькі разоў на Літву, яшчэ на адзін польскі горад – Беласток. Як гаворыць кіраўнік рэдакцыі навінаў «Белсату» Ігар Кулей, праз гэты стрым беларусы, якія знаходзяцца ўнутры краіны, могуць адзначыць Дзень Волі патаемна, недзе ўдома, напрыклад, уключыўшы «Белсат».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя святкавання Дня Волі ў Кракаве, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

У літоўскай сталіцы Дзень Волі ладзяць талакою розныя беларускія арганізацыі. Мітынг, канцэрты беларускіх музыкаў і Вольнага хору, круглы стол і традыцыйны аўтапрабег з Вільні ў Коўна, дзе пахаваны стваральнік бел-чырвона-белага сцягу Клаўдзій ДужДушэўскі. Там, паводле дырэктаркі валанцёрскай арганізацыі «Дапамога» Наталлі Калегавай, мітынг павагі і ўдзельнікі вернуцца ў Вільню.

А вось беларусаў унутры краіны каманда «БНР-100» запрашае далучыцца да святкавання праз онлайн-канцэрт. На яго правядзенне на «BYSOL» яшчэ працягваецца збор сродкаў. Пакуль сабралі каля пяці тысяч еўраў. Запланаваная святочная чатырохгадзінная трансляцыя, яна пачнецца 25-га сакавіка а 19:00 паводле Менску на YouTube-канале «Годна». Будуць музычныя і інфармацыйныя блокі. Кіраўніца ініцыятывы «Годна» Аліна Герашчанка адзначае, што гаварыць з запрошанымі экспертамі будуць пра гісторыю БНР, пра падзеі ў 1918-м, гісторыю адраджэння ў 1990-х, калі пачалі ўзгадваць і святкаваць Дні Волі. Гэтаксама і пра тое, чаму зараз важна захоўваць і развіваць культуру Беларусі.

Далучацца да святкавання Дня Волі яшчэ і беларускія дыяспары ў Чэхіі, Францыі, Нямеччыне, Канадзе, ЗША і Грузіі.

Адсвяткуем разам!

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»