ЗША рыхтуюцца да закалотаў


У Злучаных Штатах чарговы скандал. І зноў – праз Доналда Трампа. Супраць экс-прэзідэнта выставілі адразу некалькі абвінавачванняў, паводле якіх яго маюць судзіць і могуць арыштаваць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэтыя чатыры жахлівыя расследаванні леварадыкальных дэмакратаў у дачыненні вашага самага ўлюбёнага прэзідэнта, мяне, – гэта толькі працяг самага агіднага палявання на вядзьмарак у гісторыі нашае краіны», – так заяўляе Доналд Трамп у сацсетках.

Адно з абвінавачанняў, праз якое нібыта і маюць на гэтым тыдні затрымаць Доналда Трампа, – у справе пра выплату былой порнаакторцы Стормі Дэньелз, якая сцвярджала, што мела сексуальныя стасункі з ім у 2006-ым годзе. А ў 2016-ым – падчас папярэдняй перадвыбарчай кампаніі Трампа – нібыта атрымала ад яго 130 тысяч долараў за маўчанне. Паводле пракуратуры, гэтыя выдаткі скампенсавалі з выбарчага фонду кандыдата на прэзідэнта, што незаконна.

«Найверагодней, паліцыя не будзе штурмаваць ягонага дому ў Мар-а-Лаго. Насамрэч з ягонымі адвакатамі пастановяць, што ён сам прыйдзе добраахвотна. У гэтым выпадку ён з’явіцца для выстаўлення абвінавачання – і яго прыцягнуць да адказнасці без афіцыйнага арышту», – лічыць прафесарка Нью-Ёркскай школы права Рэбэка Ройфі.

Сам факт чарговага скандалу вакол экс-прэзідэнта можа сыграць як супраць, так і на карысць перадвыбарчай кампаніі – Доналд Трамп ізноў выставіў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары ў 2024-ым годзе.

«Гэта не дасць Доналду Трампу ездзіць па краіне, ён будзе павінен заставацца ў штаце Нью-Ёрк і не зможа весці перадвыбарчай кампаніі. Можа быць, калі справа разваліцца, наадварот, гэта пойдзе на карысць, бо ён будзе казаць што ён ахвяра палявання на ведзьмаў. Што яго спрабуюць любым спосабам не дапусціць да выбараў, бо вельмі яго баяцца і баяцца ягоных прыхільнікаў», – кажа палітолаг-амерыканістка Аляксандра Філіпенка.

Сам жа Трамп напярэдадні ў сваіх сацсетках апублікаваў дату імавернага затрымання і заклікаў сваіх прыхільнікаў да пратэстаў. І хоць у Белым доме зняпраўджваюць імавернасць іх правядзення, маўляў, няма відавочных прыкметаў рыхтавання да закалотаў, у буйных гарадах пастанавілі ўзмацніць патрулі паліцыі ды ўстанавіць металічныя загароды ля будынку пракуратуры і суда на Мангэтане.

Такія захады робяцца пасля падзеяў 2021-га года. Тады пасля выступу Трампа на мітынгу непадалёк Белага дому, дзе ён чарговы раз заявіў пра фальсіфікаванне вынікаў выбараў 2020-га, ягоныя прыхільнікі ўварваліся ў будынак Кангрэсу.

Заканадаўцаў, што ў той момант збіраліся зацвердзіць перамогу Джо Байдэна на прэзідэнцкі пост, тэрмінова эвакуявалі. Натоўп біў шыбы ў будынку, адбыліся сутычкі з паліцыянтамі. У выніку загінулі пяцёра асобаў, у тым ліку работнік паліцыі Кангрэсу. Цяпер жа такіх пратэстаў не будзе, мяркуе прафесар палітычнага кіравання ўніверсітэту Джорджа Вашынгтона Тод Бэлт.

«Я не чакаю, што мы пабачым шмат ґвалту. Па-першае, паліцыя лепш падрыхтаваная і лепш інфармаваная. Па-другое, шмат якія ўдзельнікі падзеяў 6-га студзеня атрымалі даволі суворае пакаранне за тое, што тады зрабілі. І двойчы падумаюць, ці хочуць ізноў рызыкаваць дзеля былога прэзідэнта», – кажа Тод Бэлт.

Сваю ролю адыграла і апублікаванне брутальных кадраў нападу на Капітолій, мяркуе Аляксандра Філіпенка.

«Што насамрэч гэта быў не мірны шпацыр, як многія спрабавалі паказаць. Гэта таксама паўплывала на прыхільнікаў Трампа, паколькі ён усяляк адстойваў гэтых людзей, а гэта былі людзі, што грамілі дзяржаўны будынак і ўяўлялі небяспеку кангрэсменам, урываліся туды з крыкамі «Павесьце Майка Пэнса», – нагадвае Аляксандра Філіпенка.

Аднак амерыканская выведка паведамляе пра рост колькасці пагрозаў на адрас прадстаўнікоў суда і дзяржаўных чыноўнікаў. Большасць з іх прызначаная акружному пракурору Нью-Ёрку Элвіну Брэгу, які і мусіць прыняць пастанову пра выстаўленне абвінавачання.

Калі яна будзе станоўчаю, гэта будзе першы такі выпадак у дачыненні прэзідэнта ці экс-прэзідэнта ЗША. Паводле апытання, праведзенага на гэтым тыдні агенцтвам «Reuters» і сацыялагічнай кампаніяй «Ipsos», 44 % рэспубліканцаў мяркуе, што, калі гэта здарыцца, Трамп павінен адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»