Лукашэнка пагражае Лондану ядравай зброяй


Такія розныя паездкі, і такія розныя мэты. Уладзімір Зяленскі наведаў байцоў ЗСУ на Бахмуцкім кірунку, у Данецкай вобласці, каб падзякаваць ім за абарону незалежнасці Украіны. Тым часам Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Хатынь, зрабіў заяву, якую можна разглядаць, як заклік да прысутнасці ў Беларусі ядравай зброі з Расеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Уладзімір Зяленскі заслухаў аператыўную справаздачу вайсковага камандавання, наведаў байцоў, якія праходзяць лекаванне пасля раненняў, а таксама, як паведамляе яго прэс-служба, наведаў Данецкую вобласць на Бахмуцкім кірунку. Ды ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды байцам ЗСУ.

«У вас складаная, але гістарычная доля – абараніць нашую зямлю і вярнуць усё Украіне, для нашых дзяцей. Я ўдзячны кожнаму і кожнай, хто абараняе Украіну», – казаў байцам прэзідэнт Украіны.

Сёння ж прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта апублікавала відэа, удару па шматпавярховіку ў Запарожжы. Вядома, як мінімум пра аднаго загінулага і 25 шпіталізаваных. Паветраныя сілы Украіны паведамляюць, што ўдары па жылых кварталах нанесеныя з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Тарнада-С». З Бранскай вобласці запусцілі па Украіне 2 дзясяткі іранскіх дронаў-камікадзэ «Шахед». У горадзе Ржышчаў Кіеўскай вобласці часткова разбураныя будынкі інтэрнатаў і прафесійнага ліцэю. Ёсць параненыя. На месцы працуюць ратавальнікі.

«Складанасць у тым, што вялікія зруйнаванні. Давялося далучыць цяжкую інжынерную тэхніку, прыехаў спецыяльны кран, паднімае зруйнаваныя канструкцыі. І толькі пасля гэтага на верхніх паверхах працуюць нашыя спецыялісты», – патлумачыла асаблівасці працы Вікторыя Рубан, прэс-сакратар ДСНС Кіеўскай вобласці.

Аднак пра эскалацыю кажуць расейскія ўлады. Міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў заявіў, што Вялікая Брытанія выводзіць канфлікт на новы ўзровень, бо плануе паставіць Украіне танкавыя падкаліберныя боепрыпасы, якія ўтрымліваюць збеднены ўран.

«Ужыванне боепрыпасаў са збедненым уранам рэзка панізіць магчымасці Украіны вытвараць якасныя, не заражаныя харчы», – выказаў занепакоенасць Сяргей Лаўроў.

Пра што гаворка? Падкаліберны боепрыпас – гэта снарад, у якім няма выбухоўкі. Ён прызначаны, каб прабіваць браню і ўмацаванні кінетычнай сілай. Гэтыя «жалезныя ломікі», як іх называюць вайскоўцы, могуць утрымліваць у сардэчніку вальфрам або збеднены ўран для большай цяжкасці. Ніякай ядравай рэакцыі ў выніку дзеяння боепрыпасу не адбываецца.

«Снарады з абедненым уранам – не ядравая зброя, гэта канвенцыйная зброя. І Расея лукавіць, бо яшчэ ў савецкія часы існавала шырокая наменклатура боепрыпасаў, як для артылерыі, так і для танкаў, каторая таксама выкарыстоўвала абеднены ўран», – нагадвае Аляксандр Каваленка, ваенна-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў»з Адэсы.

Як тлумачыць эксперт, Расея сама ўжо магла выкарыстоўваць свае снарады са збедненым уранам падчас адкрытай фазы вайны, проста не паведамляць пра гэта.

Галоўная прычына, чаму Крэмль актыўна выступае супраць гэтых бранябойных снарадаў, у тым, што ніводзін расейскі танк не можа перажыць іх трапляння. Занадта слабая браня.

«Адзіная дзяржава ў свеце, якая кажа пра ядравыя праблемы, – гэта Расея. Пагрозы для Расеі няма, гаворка выключна пра тое, каб дапамагчы Украіне абараніць сябе», – заявіў сёння міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэймз Клэвэрлі.

Уладзіміра Пуціна актыўна падтрымаў Аляксандр Лукашэнка. Наведваючы мемарыял у Хатыні, ён заявіў, што Расея паставіць яму боепрыпасы з сапраўдным уранам, а не збедненым. То бок пагражаў з’яўленнем у Беларусі ядравай зброі, калі Лондан не перадумае.

«Уран – гэта балтаўня. Яны ніколі гэтага не зробяць. Спадзяюся, у бліжэйшы час атрымаецца з адказнымі людзьмі ў Вялікай Брытаніі паразмаўляць і абмеркаваць гэтае пытанне», – выступаў перад прыдворнымі працаўнікамі СМІ Лукашэнка.

«Ядравую зброю Беларусь не атрымае. Лукашэнка не можа на гэта разлічваць. З іншага боку, ці паставіць Расея ў Беларусь снарады з абедненым уранам? Магчыма, у выключна абмежаванай колькасці ў якасці піяру. Бо самім Расейскім акупацыйным войскам гэтыя боепрыпасы патрэбныя», – кажа Аляксандр Каваленка.

Паводле Аляксандра Каваленкі, украінская выведка на працягу ўсяго мінулага года фіксавала вываз з Беларусі ў Расею артылерыйскіх боепрыпасаў. І сёння ў расейскіх войсках сітуацыя снараднага голаду.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»