Кар’ер з водарам каналізацыйных адходаў можа з'явіцца ў Маладзечанскім раёне


У Менску месца для сховішча фекаліяў ужо не стае. Таму ў сталіцы прыгледзеліся да былога пясчанага кар’еру ў Маладзечанскім раёне. Побач з вёскамі Краснае і Івонцавічы плануюць пабудаваць сажалку-збіральнік, куды штодзённа будуць прывозіць з Менску каля 50-ці самазвалаў каналізацыйных адходаў. Мясцовых жыхароў такое суседства не задавальняе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мая сямʼя жыве на ўскраіне Краснага. Наш дом прыкладна за два кіламетры ад месца запланаванага будаўніцтва сховішча адкідаў. У нас з мужам трое дзяцей. Сынам сем, дзевяць і чатырнаццаць гадоў. Вядома, нам неабыякава, чым мы будзем дыхаць і якую ваду піць. Прычым пра планы зладзіць тут каналізацыйны сметнік нас ніхто толкам не апавясціў. Даведаліся пра гэта ў інтэрнэце з чысцінскіх і красненскіх чатаў», – распавяла жыхарка вёскі Краснае.

Заказнікам запланаванай будоўлі сажалкі-збіральніка выступіў «Менскводаканал». Месца выбралі, здавалася б, нейтральнае, дзе падобнае сховішча не паўплывае на навакольнае асяроддзе. Але ў Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нам адзначылі:

«Там карʼер. Там у прынцыпе і карысныя выкапні яны яшчэ не да канца выбралі. І ўласнікі гэтых карʼераў “бадаліся” за гэта года 2 або 3. Ну як ёсць вам кажу. Адназначна яно добра не паўплывае».

Ініцыятары будоўлі мяркуюць іначай. Маўляў, навокал лес, які перашкодзіць распаўсюду непрыемных пахаў у паветры. Дый увогуле, у справаздачы пра ацэнку ўздзеяння сховішча на навакольнае асяроддзе, якую падрыхтавалі ў Акадэміі навук, усе нормы выкананыя. Хаця эколагі знайшлі ў гэтым дакуменце шэраг парушэнняў.

«Па-першае, гэта спасылкі на састарэлае заканадаўства. На жаль, такое часта ўзнікае ў справаздачах аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе. Таксама наконт выкідаў у паветра спасылаюцца ў гэтай справаздачы на метадычны дапаможнік для аб’ектаў з меншай прадукцыйнасцю. То бок у аб’ект, які будуецца, прадукцыйнасць будзе больш, чым пазначана ў справаздачы», – патлумачыла менеджарка «Зялёнага тэлефона» Паліна Бурко.

Мясцовых жыхароў больш турбуе якасць пітной вады з водазаборных свідравінаў, што недалёка ад месца запланаванай сажалкі-збіральніка. Яны зарганізавалі збор подпісаў супраць ператварэння карʼеру ў сховішча.

«Калі сховішча будзе пабудаванае, нам застанецца толькі прадаць дом і зʼехаць адсюль. У справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння сажалкі-збіральніка на навакольнае асяроддзе гаворыцца, што найбліжэйшая водазаборная свідравіна месціцца больш чым за два кіламетры ад участку будучай сажалкі, але гэта не так. З карты можна вызначыць, што найбліжэйшыя водазаборы садаводчых таварыстваў размешчаныя на адлегласці каля 800 метраў», – распавёў жыхар вёскі Краснае.

Грамадскія абмеркаванні згаданай справаздачы, якія пачаліся 4-га сакавіка і мусілі скончыцца 3-га красавіка, у выніку завяршыліся на два тыдні раней – у гэты панядзелак. Каб даведацца іх вынікі, мы пазванілі ў Красненскі сельскі выканаўчы камітэт:

«Усё, што дасылалі нам, мы ўсё перанакіроўвалі. Гэта не ў нашай кампетэнцыі нават разглядаць. Накіроўвалі ў 3 арганізацыі. Трэба, каб людзі добра дзейнічалі 30-га чысла. Разумееце мяне?»

30-га сакавіка ў Красненскім сельскім доме культуры адбудзецца сход, куды настойліва запрашаюць усіх нязгодных з будаўніцтвам сажалкі, каб заявіць пра сваю пазіцыю. Але працаўнік Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя мяркуе:

«Ну магчыма паўплывае. Але я так думаю, што пытанне ўжо даўно вырашана».

Акурат гэта паказвае практыка, калі пастанову пра будоўлю таго ці іншага абʼекта, нават шкоднай вытворчасці, прымаюць без уліку меркавання жыхароў. Напрыклад, Берасцейскі акумулятарны завод, Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат і тая ж БелАЭС. Але, як зазначылі нам у «Зялёным тэлефоне», і пасля будаўніцтва можна весці барацьбу праз грамадскі кантроль такога кшталту прадпрыемстваў.

Ірына Юрʼева, «Белсат»